Праздник явления Жировичской иконы Божией Матери пройдет в Слонимском районе 20 мая

Пастушкі заўважылі незвычайнае свячэнне...

Штогод 20 мая праваслаўныя вернікі ўспамінаюць аб цудоўнай з'яве адной з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі — Жыровіцкай іконы Божай Маці

Сёлета дату адзначаць урачыстымі літургіямі, хрэсным ходам і адкрытым фестывалем «Жыровіцкае свята».

Жыровіцкі абраз Божай Маці ўваходзіць у лік ста самых значных праваслаўных вобразаў свету. А яшчэ гэта самы маленькі з шанаваных выяў Багародзіцы — усяго 5,6 на 4,4 сантыметры. Аднак гэта маленечкая пласціна мае велізарную сілу, што дапамагае вылечваць хворых, дорыць надзею тысячам вернікаў.

Адно з яскравых сведчанняў таму — фестываль «Жыровіцкае свята», які штогод праводзіцца з мэтай адраджэння і захавання духоўнай спадчыны і традыцый.


– Наш фэст за сваю гісторыю стаў сапраўдным упрыгожаннем свята, — адзначыў памочнік намесніка Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра іерэй Аляксандр Сняжко. — У фестывалі прымаюць удзел дзясяткі харавых калектываў, аркестры, вакальныя і інструментальныя ансамблі. Фестываль — важны ўнёсак ў духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, развіццё мастацкага выканальніцкага майстэрства харавымі, вакальнымі, інструментальнымі калектывамі. Дзякуючы Жыровіцкаму святу мы пашыраем і ўмацоўваем творчыя сувязі. У час фэсту шмат музычных і вакальных кампазіцый прысвячаецца Жыровіцкай іконе Божай Маці.

Кожны, хто аднойчы пабывае на свяце, будзе ўражаны больш чым пяцісотгадовай гісторыяй з'яўлення святога абраза. А было так.

Дзеці-пастушкі, гуляючы вясной у лесе, заўважылі паміж галінак грушы незвычайнае свячэнне. Зацікавіўшыся, падышлі бліжэй і ўбачылі на дрэве абразок авальнай формы з выявай Багародзіцы з немаўлём Іісусам. Гэта была незвычайная барэльефная выява. Для тых часоў чалавеку вырабіць абраз было тэхнічна немагчыма. Гэта пасля дало падставу меркаваць пра яе старажытнае альбо зусім нерукатворнае паходжанне.

Дзеткі ўзялі святыню і аднеслі гаспадару — Аляксандру Солтану. Той схаваў яго ў куфэрак. Пазней, прымаючы гасцей, вырашыў пахваліцца незвычайнай знаходкай. Адкрыў куфар, але іконы там не знайшоў. Праз нейкі час яе зноў убачылі пастушкі. На тым жа месцы, што і ў першы раз. Паслухмяныя дзеці зноў аднеслі абраз Солтану. Той, зразумеўшы, што абраз цудатворны, даў абяцанне пабудаваць на месцы яе з'явы царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Вакол драўлянага храма неўзабаве ўтварылася паселішча і з'явіўся прыход. Аднак у XVI стагоддзі царква згарэла, нягле­дзячы на намаганні мясцовых жыхароў патушыць пажар і выратаваць абраз.

Вернікі былі ўпэўненыя, што страцілі абраз назаўжды. Але аднойчы сялянскія дзеці зноў убачылі цудоўную з'яву: Прасвятая Дзева ў прамяністым ззянні сядзела на камені і трымала ў руках абраз, які дагэтуль лічылі страчаным. Дзеткі паспяшаліся расказаць пра гэта родным і знаёмым. Калі дарослыя разам са святаром прыйшлі да каменю, то ўбачылі на ім цэлую і не пашкоджаную ікону Божай Маці Жыровіцкай. Хутка ў Жыровічах быў пабудаваны новы каменны храм, а пры ім і манастыр.

Цяпер цудатворны абраз захоўваецца ў срэбна-пазалочаным кіёце ў іканастасе галоўнага храма праваслаўнага Жыровіцкага манастыра Свята-Успенскага сабора ў Слонімскім раёне. Яму па добрай традыцыі ідуць пакланіцца хрысціяне ўсіх канфесій.

Свята ў Жыровічах працягнецца 21 мая. У 12:00 ля абіцелі на старт выйдуць удзельнікі «Манастырскага забегу». Спартсмены прабягуць міма купелі, лёгкаатлетычнага стадыёна, «Эдэмскага саду», вадохрышчанскай крыніцы і бліжэйшых вёсак. Забег праходзіць другі раз. Летась мерапрыемства сабрала больш за 3,5 тысячы ўдзельнікаў.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter