Краевед и исследователь Игорь Пракапович — лауреат Национальной литературной премии

Пастаўскія міфалагемы

Імя Ігара Пракаповіча вядома не толькі ў Пастаўскім раёне, але і ва ўсёй краіне. На такіх апантаных і таленавітых людзях трымаецца наша культура. Сфера яго інтарэсаў вельмі шырокая — літаратура, геаграфія, педагогіка, гісторыя, тапаніміка, краязнаўства. Ігар Міхайлавіч — таленавіты аўтар шматлікіх краязнаўчых і паэтычных выданняў. Ён распрацаваў вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве Пастаўшчыны, які выкарыстоўваецца настаўнікамі раёна пры правядзенні факультатыўных заняткаў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук, лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча і ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Вопытны педагог, які мае больш за 30 гадоў працоўнага стажу. А нядаўна рэгаліі Ігара Міхайлавіча дапоўніла яшчэ адна: ён стаў лепшым публіцыстам краіны і лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі з выданнем «Пастаўшчына» серыі «Падарожжа па родным краі» выдавецтва «Беларусь».
Фота з асабістага архіва Ігара Пракаповіча


— Ці была для вас нечаканасцю навіна пра прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі?

— Так, безумоўна. Некалькі гадоў таму Віцебскае абласное ад­дзяленне Саюза пісьменнікаў падавала на прэмію мой зборнік вершаў «Астравы існасці», але ён нічога не атрымаў. А вось зараз а­дзначылі маю краязнаўчую кнігу. Гэта вельмі прыемна.

— Раскажыце пра канцэпцыю кнігі-пераможцы.

— У гэтай серыі «Падарожжа па родным краі» выдавецтва «Беларусь», мне здаецца, выйшла ўжо больш за 10 кніжак. Прынцып пабудовы твора, майго ва ўсякім разе, вельмі просты: мы выяз­джаем з Пастаў у бок Вільнюса і расказваем, што можна пабачыць на гэтым шляху справа, злева, праз якія населеныя пункты прахо­дзіць дарога, чым яны адметныя. Гэта такая падарожная кніжка для тых, хто вандруе па Пастаўшчыне. Там шмат аб’ектаў і мясцін, якія ведае толькі абмежаванае кола лю­дзей. Нават журналісты яшчэ не дабраліся да іх, каб напісаць, а ў маёй кніжцы яны ўжо ёсць.

— Дарэчы, колькі ў вас кніжак? Чытаў, што каля 50…

— Зараз, напэўна, каля 60, але ж у некаторых з іх я толькі напісаў прадмову, нейкія — перавыданні, таму так агулам цяжка сказаць.

— Ігар Міхайлавіч, няўжо і сёння знахо­дзіце нешта новае пра свой край?

— Я займаюся краязнаўствам амаль 40 гадоў. Шмат папак у камп’ютары, амаль па кожнай вёсцы, якіх на Пастаўшчыне больш за 400. Калі ­дзесьці нешта знаходжу — складваю ў адпаведную папачку. Можа, спатрэбіцца інфармацыя, можа, не… Планаў шмат, але ўсё меней часу для рэалізацыі.

Так, гадоў 7—8 таму мне здавалася, што асноўнае даследаванне Пастаўшчыны ўжо зроблена. Але зноў пачалося нешта новае: зацікавіўся родам Друцкіх-Любецкіх, якім ніхто не займаўся, потым узнікла тэма арганаў Пастаўшчыны, ва­­дзяных млыноў, а былі ж яшчэ і млыны-ветракі, і імі таксама ніхто не займаўся. Так адно чапляецца за другое, узнікае новая тэма, новы паварот у даследаванні.

— Вы шмат працуеце з ­дзецьмі як настаўнік. Як сёння заахвоціць вучняў краязнаўствам, калі ёсць інтэрнэт і камп’ютарныя гульні?

— Перш за ўсё вандроўкамі, падарожжамі. Трэба паказваць адметнасць нашага краю. Мы здзяйсня­ем 5—7 вандровак у год з нашым гуртком Terra Inсognita. Бывае болей ці меней. Я бачу, што вучням гэта цікава. Яны бачаць, краязнаўства, якое вывучае родны край і нашу гісторыю, дапамагае развіваць і турыстычны патэнцыял рэгіёна. Дзеці пачынаюць ганарыцца каранямі, сваім мінулым.

— У чым галоўныя адметнасці пастаўскага краю, на ваш ­погляд?

— Усе ведаюць азёры Мя­дзельшчыны і Браслаўскага краю, гэта такія раскручаныя мясціны, але ж Пастаўшчына таксама мае 130 азёр і шмат рэк… Зараз на іх працуе многа аграся­дзіб, некаторыя тэрыторыі забудаваны даволі шчыльна, ­аднак у лясах яшчэ ёсць і ­дзікія азёры. ­Таму, па-першае, гэта — прырода.

У Пастаўскім раёне ёсць старадаўнія арганы і ва­дзяныя млыны. У мінулым го­дзе ўжо шосты раз у нас прайшоў фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны». Гэта з’ява і фестываль, па-мойму, унікальныя для Беларусі. У нас ёсць чатыры арганы, якія за­дзейнічаны ў ім. Яны знахо­дзяцца ў Паставах, мястэчках Камаі, Лынтупы і Лучай. У Паставах арган не арыгінальны, не стары, а ў іншых месцах усе інструменты старадаўнія — пачатку дваццатага стагод­дзя ці нават ранейшага часу.

— Якімі знакамітымі жыхарамі мінулага можа ганарыцца Пастаўшчына? Напэўна, гэта Браніслаў Руткоўскі, паэт і настаўнік Арка­дзь Нафрановіч?

— Так. Руткоўскі — гэта арганіст, які стаў вядомым у Польшчы. У яго гонар зараз названы парк у вёсцы Камаі. Арка­дзь Нафрановіч — пісьменнік. Сам ён з Мя­дзельшчыны, але жыў у Камаях. Калі браць магнатаў, самыя вядомыя — Тызенгаўзы-Пшаз­дзецкія, якія доўгі час валодалі Паставамі.

Другі знакаміты род — Друцкія-Любецкія. У Паставах, як я ўжо казаў, імі мала хто цікавіўся. У мінулым го­дзе мы з вучнямі займаліся менавіта іх спадчынай, выдалі невялічкую кніжачку ­«Спадчына Друцкіх-Любецкіх на ­Пастаўшчыне», раскапалі іх радавод. Яны знакамітыя тым, што давалі грошы на адбудову цэркваў, стварэнне агранамічнай школы ў пачатку дваццатага стагод­дзя. Была такая Варанецкая школа каля возера Варанец. І ­дзве капліцы засталіся — у Казлоўшчыне і Манькавічах. Гэта вельмі важкі род для Пастаўшчыны, які пакінуў адметныя сляды на гэтай зямлі.

Сярод літаратараў наша зорка — Ула­дзімір Дубоўка, ён нара­дзіўся ў вёсцы Агароднікі, недалёка ад Пастаў, і там правёў свае ­дзіцячыя гады.

— Раскажыце пра Крыжоўкі і вёску Парыж. Чым яны ­адметныя?

— Крыжоўкі — гэта ўрочышча, ­дзе зараз працуе аднайменны прыродна-гістарычны комплекс. Там перасякаюцца ­дзве дарогі. Адна з іх старажытная, тракт Баторыя і Напалеона, альбо «Альгердаў шлях», яна ішла з Вільні на ­Полацк. Другая дарога Мя­дзел — Паставы. Вось там яны сустракаюцца ў лесе, гэтае месца называлася Крыжоўкі. Вельмі адметныя мясціны. Мы многа разоў туды ха­дзілі з вучнямі. Спачатку патрошкі вывучалі, потом зразумелі, што гэта можа быць важны турыстычны аб’ект. Зрабілі апісанне, распрацавалі маршрут сумесна з супрацоўнікамі Нацыянальнага парка «Нарачанскі». Там зараз пастаўлены шыльдачкі, пракла­­дзены маршрут, яго можна знайсці ў інтэрнэце. Хто пажадае, можа прыехаць да возера Варанец і прайсці па гэтым маршруце.

Там ёсць магчымасць пагля­дзець аб’екты Першай сусветнай вайны. І германскія, і рускія пазіцыі. У гэтым месцы знахо­дзяцца пяць азёр — усе на розным узроўні, перапад паміж імі складае пятнаццаць метраў, хаця знахо­дзяцца яны побач. Вельмі прыгожае наша возера Варанец! Прыродных і гістарычных аб’етаў там больш за 30.

У Першую сусветную вайну ў Паставах два з паловай гады стаяла лінія фронту. Заходняя частка — германскія войскі, усходняя — расійскія. Пра гэту вайну на Пастаўшчыне першую кніжку напісалі мы з дачкой. Зараз з’явілася больш публікацый. У нас ёсць грамадская арганізацыя «Заходні рубеж», якая займаецца аднаўленнем помнікаў Першай сусветнай. Я ад гэтай тэмы ўжо адышоў. Тут нічога новага не зной­дзеш.

Мне цікава браць пытанні, якія мала даследаваны. Зараз распрацоўваем тэму ва­дзяных млыноў Пастаўшчыны. Я разлічваў, што мы зной­дзем іх каля 15, якія працавалі на Пастаўшчыне, але такіх было ажно 28! Не­дзе, безумоўна, засталіся толькі рэшткі, ­дзесьці зусім разбураныя, але факт — яны былі. Мы сабралі матэрыял і аформілі яго ў брашуру з двума маімі вучнямі-­суаўтарамі.

А вёска Парыж адметная тым, што супадае назвай са сталіцай Францыі. Праз гэту вёску шмат разоў прахо­дзілі нашы з вучнямі маршруты. Там ёсць свая Эйфелева вежа, свой касцёл. Гэта такі брэнд. Легенду назвы звязваюць з Напалеонам. Нібыта ён адпачываў тут на высокай гары, і яму так спадабалася наваколле, што сказаў: «Тут бу­дзе другі Парыж…» Але я знайшоў крыніцы, якія сведчаць, што назва Парыж існавала да Напалеона, таму мушу расчараваць прыхільнікаў гэтай версіі. У кнізе Барталамея Гаўрыльчыка «Дэканат полацкі ў святле апісання парафій з 1784 года», якая выйшла ў свет у Беластоку ў 2005 го­дзе, сустракаем запіс, што ў парафіі дунілавіцкай за ­дзве мілі на поў­нач ад дунілавіцкага касцёла знахо­дзіцца фальварак Парыж (Paryї), які належыць Тызенгаўзу. На той час пастаўскімі маёнткамі валодаў падскарбій надворны Вялікага Княства Літоўскага Антоній Тызенгаўз, які, магчыма, і назваў ­а­дзін са сваіх фальваркаў у гонар французскага ­Парыжа. Напалеону ж тады ішоў толькі пятнаццаты год.

Напалеон на самай справе праехаў праз Паста­вы падчас вайны 1812 года (і мы таксама выдавалі кнігу на гэту тэму). Але ці бачыў ён Паставы? Вядома, што ён ехаў ноччу, можа, проста спаў у сваёй карэце?

— Чытачы любяць такія міфы…

— Але ж сапраўднае краязнаўства павінна іх абвяргаць і знахо­дзіць гістарычную праўду.

— Яшчэ раз віншуем вас з атрыманнем Нацыянальнай літаратурнай прэміі і жадаем поспехаў!

— ­Дзякуй.

ДАРЭЧЫ

Ігар Пракаповіч падрыхтаваў многіх прызёраў і пераможцаў абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Геаграфія», а таксама навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў работ даследчага характару абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Па выніках 2015/2016 навучальнага года быў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. У 2018 годзе настаўнік геаграфіі і астраноміі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». Высокую дзяржаўную адзнаку педагог атрымаў з рук міністра адукацыі Ігара Карпенкі на ўрачыстым сходзе, які праходзіў у Палацы Незалежнасці ў Мінску.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter