З першага Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур і па сённяшні час яна ўваходзіць у склад аргкамітэта і выступае ў якасці арганізатара і рэжысёра пляцоўкі нацыянальных рамёстваў. Падчас апошняга фэсту, напрыклад, на выстаўцы рамёстваў таленавітыя майстры шасці нацыянальнасцей прадстаўлялі свае творчыя калекцыі з традыцыйным каларытам. Цікавай падзеяй стала выстаўка нацыянальных строяў і мастацкіх эскізаў стылізаваных касцюмаў «У карагодзе адзінства».
Загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры дзяржаўнай установы культуры «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» сустрэла навіну аб высокай узнагародзе ў добрым настроі:
— Гэта вельмі прыемна і ганарова, што нас адзначылі, аднак мы ўсе добра ведаем, што Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур — справа вялікага кола людзей, якія падрыхтоўваюць яго. Магчыма, мая заслуга толькі ў тым, што ў складзе рэжысёрска-пастановачнай групы з самага першага форуму. Адзначу вялікую ролю гродзенцаў: яны вельмі чакаюць кожнае свята нацыянальных культур і ўдзельнічаюць у ім. У гэтым годзе людзей было так шмат, што нават па прапанове жыхароў трэці дзень фестывалю праходзіў на Аўгустоўскім канале.
З гадамі, па назіраннях Яніны Анатольеўны, форум набыў сапраўдную моц і шырыню. У першым удзельнічалі прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, зараз — 30. Пашырыўся не толькі склад, але і кожны фестываль — адметная з'ява. Першы запомніўся як асабліва цёплы і ўтульны, а сучасны віруе і закружвае ў мерапрыемствах: іх стала значна больш, штогод дэманструюцца новыя праекты.
— Свята не абмяжоўваецца абласным цэнтрам, у Гродне праходзяць толькі заключныя мерапрыемствы, — дадае суразмоўца. — Напрыканцы 2023 года ў Лідзе плануецца наступны адборачны тур для найлепшых выканальнікаў, яны трапяць на мерапрыемствы, якія завяршаюць форум.
Штогод вялікую цікаўнасць выклікаюць і падворкі розных нацый. Кожны гродзенскі фестываль аб'яднаны адной ідэяй. Калі на першым акцэнт быў на рамёствы, потым увагу надавалі і нацыянальнаму касцюму, стравам, жытлу, важным абрадавым дзеям, напрыклад вяселлю. А леташні прымеркавалі да Года гістарычнай памяці, 65-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама юбілею Гродна.
— Самае галоўнае — паказаць багацце нацыянальнай культуры і адначасова еднасці розных народаў, — адзначае Яніна Барысевіч. — Мы жывём у творчым сяброўстве ды згодзе. Многія нацыянальныя культуры творча перапрацоўваюць і бяруць беларускае, бо наша краіна стала агульнай радзімай. Напрыклад, татары, што жывуць у нас дзесяцігоддзямі, шануюць і свае звычаі, і беларускія.
Дзеля чаго задумваўся гэты фестываль? Як лічыць загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры, падчас свята асабліва добра бачна, што людзі з павагай і цікавасцю ставяцца да розных нацый, а гэта ўласціва менавіта беларусам. Мы сапраўды мірныя людзі, і нашы духоўныя каштоўнасці — гасціннасць і добразычлівасць. Гэта і садзейнічае мірнаму суіснаванню.
— У нас на Гродзеншчыне, дзе шмат нацыянальнасцей, усе паважаем адзін аднаго, — зазначае субяседніца. — Сёння сем'і маладыя перш за ўсё за каханне і жаданне стварыць. Нават традыцыйныя вербы — ці сапоцкінскія агульныя, ці праваслаўныя.
Яніна Анатольеўна называе фестываль нацыянальных культур вялікай калектыўнай справай. У розныя часы яе моцна падтрымлівалі калегі Вольга Багдановіч, Уладзімір Сяргейчык, Зінаіда Арцюковіч. Не так і проста прыняць правільныя арганізацыйныя рашэнні, каб своечасова і якасна ў трохдзённай праграме фестывалю правесці дзясяткі разнапланавых мерапрыемстваў.
Найбольш адметнай і шырокамаштабнай летась на фэсце была выстаўка-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Рамёствы маёй радзімы», дзе рамеснікі Гродзенскай вобласці давалі майстар-класы. А на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы «Нацыянальны каларыт у фарбах адзінай краіны» свае здольнасці прадставілі дзясяткі вядучых калектываў рэгіёна.
Пад кіраўніцтвам Яніны Анатольеўны падчас падрыхтоўкі да ХIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур паспяхова рэалізавалі новую канцэпцыю пляцоўкі Гродзенскай вобласці на падворку «Мая Беларусь». Яна складалася з дзвюх тэматычных частак: «Гродна гістарычны» і «Традыцыйная культура Панямоння». Тэматыка шырока прадстаўляла нацыянальную культуру дыяспар Гродзеншчыны і была прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Прэзентацыя падворка для 270 тысяч гасцей фестывалю ўключала цыкл дзей, накіраваных на папулярызацыю этнаграфічных матэрыялаў, народных строяў, традыцый, абрадаў, элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, выкарыстанне іх у культуры грамадства. Сярод іх — белаўзорыстае ткацтва Панямоння (Лідскі раён); падвойнае ткацтва аграгарадка Гудзевічы Мастоўскага раёна; народныя драўляныя музычныя інструменты (народны майстар Мар'ян Скрамблевіч, аграгарадок Адэльск Гродзенскага раёна); мастацтва выцінанкі: навагрудская выцінанка-выбіванка, выцінанка-выстрыганка; саломапляценне (Астравецкі, Гродзенскі, Іўеўскі, Навагрудскі раёны), пляценне з прыродных матэрыялаў (Мастоўскі раён); караваі і традыцыйнае печыва (Слонімшчына) і іншыя.
Асаблівая ўвага — тэхналогіям ткацтва і вырошчванню сыравіны для яго — ільну. Паказалі фрагмент мастацка-рэалістычнай дзеі «Калі да лёну з паклонам — аддзячыць шчыра лён» і арганізавалі дэгустацыю страў з ільняным семем. Прэзентацыю гродзенскага падворка праводзілі ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Талер» аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры і народнага клуба традыцыйнай народнай культуры «Ульяніца» філіяла «Ганчарскі Дом культуры» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Па ініцыятыве і пры непасрэдным кіраўніцтве Яніны Анатольеўны значную ўвагу надалі і арганізацыі тэматычных фотазон — «карэта», «шахматная дошка» (выкарыстаны фонды Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея). Касцюміраваныя гістарычныя персанажы Гродзеншчыны сустракалі гасцей свята і стваралі тэатралізаваны каларыт эпохі Сярэднявечча.
Удзельніца ўзнагароджанага творчага калектыву прызналася, што ёй асабліва даспадобы шэсце прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей у касцюмах, паглядзець на яго выходзіць увесь горад, а таксама «горад майстроў», дадае яна:
— Запомнілася, як да нас на першым фестывалі звярнуўся гурт кавалёў, каб зрабіць майстар-клас «Куём кветку шчасця разам». Потым ганчары і іншыя рамеснікі далучыліся, зараз гэта сапраўдны тэатр рамёстваў. Інкрустацыя па дрэве — своеасаблівае майстэрства армян. Вышыўка золатам і вырабы для рэлігійных абрадаў — у яўрэяў. Ва ўкраінцаў цікавая народная вышыўка. А касцюмы грузін, а танцы! Але ўсе мы жывём у Беларусі і дзеці сваёй радзімы.
Вядома, раней заслугі майстра сваёй справы таксама адзначаліся ўзнагародамі: ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дыпломамі Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
— Але трапіць у спіс узнагароджаных зараз — вялікі гонар і адказнасць, — адзначае спецыяліст. — Што галоўнае? Памятаць аб сваіх каранях, каб зберагчы павагу адзін да аднаго і мір.