На гэтым тыдні 14 кастрычніка адзначаліся Пакровы. Гэта свята, як і многія іншыя ў беларускім календары, сумяшчае хрысціянскія і народныя традыцыі. Царква ў гэты дзень успамінае цуд, які адбыўся ў 910 годзе ў Канстанцінопалі, калі пакроў Багародзіцы абараніў жыхароў горада ад нападу ворагаў.
У народнай жа традыцыі ў гэты дзень адзначалі своеасаблівую мяжу паміж восенню і зімой. Пакровы лічыліся пачаткам халадоў, замаразкаў, снегападаў. Да свята стараліся закончыць усе сельскагаспадарчыя працы, бо пасля Пакравоў забаранялася чапаць зямлю. Гэта правіла, пішуць фалькларысты Янка Крук і Аксана Катовіч, асабліва датычылася закладкі фундамента, узвядзення платоў і ўсталявання помнікаў на могілках. У народзе казалі: «Не чапай зямлю ад Пакравоў да Радаўніцы».
Пакровы лічыліся вельмі спрыяльным часам для вяселляў. Казалі, што самыя шчаслівыя шлюбы заключаюцца на Пакровы і да 28 лістапада. Дзяўчаты вельмі верылі, што свята садзейнічае заключэнню шлюбных саюзаў, таму з самай раніцы ішлі ў царкву, ставілі свечку і прыгаворвалі: «Пакроў пакрыў зямлю снегам, раку лёдам, рыбу луской, а мяне фатой пакрой».
Да Пакравоў абавязкова ўцяплялі дом для зімоўкі. А на само свята прапальвалі ў печы галінкамі яблыні — каб у хаце было цёпла ўсю зіму. Было прынята таксама пячы ў гэты дзень бліны — каб сям’я ўдала перазімавала. Гэты абрад называлі «Запякаць вуглы», што значыць захаваць сям’ю, дом, гаспадарку.
Больш даведацца пра Пакровы, а таксама далучыцца да іх традыцыйнага святкавання можна будзе заўтра ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. У праграме мерапрыемства пад назвай «Пакроўскі кірмаш» абрады «Сватанне» і «Выправаджэнне ў войска», беларускія танцы, гульні і многае іншае.
mila@sb.by
После Покрова запрещалось трогать землю и начиналась пора свадеб
Паміж восенню і зімой
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.