Работніцы фабрыкі складаных заказаў не баяцца. Гэта асаблівы выклік.
Экспарт чырвонай ніткай
У цэхах тут працуе больш за 1000 чалавек. Праца кіпіць. У шуме швейных машын нешта абмяркоўваюць тэхнолагі і кантралёры, швачкі ж сканцэнтраваны на швах ды тканінах і толькі на секунду згаджаюцца адцягнуцца ад справы, каб усміхнуцца ў аб’ектыў нашай фотакамеры.
Фабрыка спецыялізуецца на пашыве верхняга адзення. Начальнік вытворчага аддзела ААТ Ірына Іваненка падчас экскурсіі распавядае:
— На дадзены момант нашымі заказчыкамі па давальніцкіх схемах з’яўляюцца вядомыя французскія брэнды. Адшываем яшчэ Tara Jarmon, нядаўна зрабілі адгрузку адзення яшчэ аднаго вядомага парыжскага брэнда. Рэгулярна працуем з фірмай Flare Trading з Фінляндыі. Яны шыюць і асобна для патрэб свайго расійскага партнёра, і для астатніх еўрапейскіх краін.
Асноўныя кліенты з Расіі — брэнды «Электра» і «Авалон». Польская фірма Prochnik S.A. таксама перыядычна дае заказы. У пачатку сакавіка чакаюць іх візіту на фабрыку. Заходнія партнёры часта наведваюцца па адрасах прадпрыемстваў, якія працуюць па давальніцкіх схемах — для кантролю. Ірына Іваненка кажа, што ў прадпрыемства таксама ёсць пастаянныя кліенты, з якімі фабрыка супрацоўнічае па 10—15 гадоў. Зараз, да прыкладу, па давальніцкай схеме паступаюць заказы на пашыў школьнай формы для расійскай кампаніі.
— У міжсезонне мы часта выкарыстоўваем заказы заходніх і ўсходніх партнёраў, каб заняць працай штат работнікаў і трымаць на годным узроўні заработную плату, — расказвае дырэктар «Славянкі» Тэймураз Бачарышвілі. — Мы балансуем па суадносінах давальніцкіх і ўнутраных заказаў прыкладна 50 на 50 працэнтаў. На дадзены момант дзякуючы супрацоўніцтву з гандлёвымі маркамі, якія прадаюцца ва ўсім свеце, мы пераймаем перадавы вопыт і можам выкарыстоўваць яго ў сваёй працы. Пры гэтым адзначу важны момант: колькасць іншых заказаў у галіне скарачаецца. Напрыклад, Adidas перайшоў у Інданезію і Малайзію. Гэта звязана з павышэннем цэн на паслугі ў Беларусі. У сярэднім па прадпрыемствах канцэрна Беллегпрам кошт адной гадзіны працы складае 5—7 долараў.
Зімой, як правіла, у Бабруйску шыюць летнія калекцыі, а летам, наадварот, вырабляюць уцепленае зімовае адзенне.
Прыярытэты нашаму рынку
Зімой, як правіла, у Бабруйску шыюць летнія калекцыі, а летам, наадварот, вырабляюць уцепленае зімовае адзенне. У мінулым годзе была першая проба пашыву вырабаў з сукна для фінскай кампаніі. Гэты заказ, адзначаюць на фабрыцы, выкананы годна. Заказчык вынікам застаўся задаволены. Больш таго, у канцы сакавіка чакаюць яшчэ адну пастаўку. Звычайна сезон пашыву вырабаў з сукна пачынаецца толькі ў сярэдзіне мая, таму гэта вельмі зручны час для выканання іншых заказаў.
Фінскі заказчык у мінулым сезоне адшыў каля 20 000 вырабаў, у тым ліку больш за 10 000 — з паўшарсцяных тканін. У гэтым сезоне таксама паступіў заказ на 7000 паўшарсцяных вырабаў, чакаецца і 15 000 сінтэтычных.
Аб’ём работ па давальніцкіх схемах цягам апошніх дзесяці гадоў трымаецца прыкладна на адным узроўні. На першым плане заўсёды патрэбы ўнутранага рынку. Ірына Іваненка тлумачыць:
— Аддзел маркетынгу пастаянна вывучае попыт, у адпаведнасці з якім плануюцца магутнасці, гэта значыць колькі заказаў мы можам прыняць. Калі ўзнікае неабходнасць павялічыць колькасць паставак на ўнутраны рынак, значыць, аддаём прыярытэт яму. Мы ведаем прыблізныя магутнасці фірм, якія з’яўляюцца пастаяннымі кліентамі. Гэта спрашчае планаванне на вытворчасці.
Заказчыкаў прываблівае якасць адшыву. Фабрыка штогод пацвярджае міжнародныя стандарты, раз на тры гады праходзіць сертыфікацыю. Калектыў складаных заказаў не баіцца. Наогул, праца на вытворчасці арганізавана так, што швачкі размеркаваны па канкрэтных заказчыках, гэта значыць працуюць з імі пастаянна і кожны цэх ведае ўсе патрабаванні. Якасць абавязковая для ўсіх, але ў кожнага вырабу абавязкова знойдзецца які-небудзь нюанс, пра які ў пэўным цэху ведаюць.
Работніцы фабрыкі — тыя яшчэ майстрыхі. Могуць і лёгкія вырабы пашыць, напрыклад, споднюю бялізну, і рабочую спецвопратку, з большай таўшчынёй, і нават футры.
— У апошнія гады шыем складаныя камбінезоны для снаўбардыстаў. Яны затратныя па часе і тэхніцы, у гэтым сезоне задзейнічаны для вытворчасці асартыменту тры брыгады. Праклейваюцца спецыяльныя герметычныя стужкі-швы, каб унутр не трапляў снег. Дарэчы, падобную тэхніку адпрацавалі, калі шылі нямецкія курткі, — праклейвалі непрамакальныя пракладкі, — расказваюць на фабрыцы.
А яшчэ ў мінулым годзе тут шылі японскія пухавікі. Складаных заказаў дастаткова шмат, але яны не пастаянныя. Затое гэта заўсёды цікава, і для калектыву гэта сур’ёзны выклік.
Расстаноўка сіл
Сёлета, калі наступала міжсезонне, паўстала неабходнасць у адшыве марлевых ахоўных масак. Фабрыка адшыла больш за 700 000 адзінак, і два тыдні былі загружаны па максімуме. Зараз работнікі вярнуліся да свайго звычайнага асартыменту і забяспечваюць унутраны рынак вясновымі калекцыямі. Давальніцкія заказы, якія былі з запланаванымі адгрузкамі, швейныя брыгады працягвалі шыць. Самыя хадавыя заказы на ўнутраны рынак — няўцепленыя плашчы і курткі.
malyshchyts@sb.by