Навіна аб мокрым снезе прывяла аўтамабілістаў на шынамантаж

Паміж намі ўстане лёд

У ноч з серады на чацвер прагназуецца снег, але аўтамабілісты чакаць яго не сталі і паехалі на шынамантаж.

Аўтааматары ў чаканнi снежных дзён.

Нічога дзіўнага няма ў тым, што снег прыйшоў у кастрычніку, — гэта норма нашых кліматычных асаблівасцей, распавяла Святлана Рыбакова, намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета:

— Пад уплывам атмасферных франтоў чакаюцца парывісты вецер, снег, слабы галалёд, мінусавыя тэмпературы. У пятніцу яшчэ магчымы мокры снег, але ў асноўным ападкі будуць у выглядзе дажджу — тэмпература пачне павышацца.

Цікава, а ці прывяла гэтая навіна аўтамабілістаў у шынамантажы? Першы наш званок на шынамантаж, што знаходзіцца ў завулку Фізкультурным: «З мінулай пятніцы, як стала марозна, так людзі і паехалі «пераабувацца». Сказаць, што вялізны ажыятаж, — нельга. У дзень мяняем шыны на 10—15 машынах. Сярэдні кошт — 35—40 рублёў».

У шынамантажке на вуліцы Паўднёвай, паўтараюць словы калег: «Ужо чацвёрты дзень едуць машыны. Працы шмат. У сярэднім замена каштуе ад 31 рубля». А фірма рамонту і абслугоўвання шын, якая мае шынамантажы па трох адрасах — на вуліцы Прытыцкага, праспекце Партызанскім і на 15-м км МКАД, — зусім здзіўляе: «Што вы?! Не проста прыязджаюць, у нас цяпер чарга з дзесяці машын на Прытыцкага! Пачалі прыязджаць мяняць шыны яшчэ з пятніцы, актыўна мянялі ў выхадныя. Сярэдні кошт на легкавыя колы — 30—40 рублёў».

А што робіцца ў фірмах, якія займаюцца сезонным захоўваннем шын? Сяргей Федзюкоў, супрацоўнік такой фірмы па вуліцы Гая, пачаў прымаць кліентаў у той дзень, як сіноптыкі папярэдзілі, што ўдараць першыя маразы:

— Усе бачаць прагноз, разумеюць, што шыны трэба мяняць. Людзей цяпер шмат. За апошнія пару дзён тры дзясяткі чалавек здалі свае шыны.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter