Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Еўпаторыі прыгадваюць добрыя справы свайго сябра Мікалая Дрынеўскага, які пахаваны ў роднай вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна

Паляцела дадому душа

Сябры беларускай суполкі ў Еўпаторыі знаходзяцца ў жалобе: крыху больш за месяц таму мы развіталіся з нашым добрым сябрам. А 5 чэрвеня спаўняецца 40 дзён з дня смерці Мікалая Паўлавіча Дрынеўскага, і ў гэты дзень, паводле хрысціянскай традыцый, звычайна моляцца за тых, хто адышоў у Вечнасць. Актывісты Беларускай аўтаноміі Еўпаторыі, аддаючы даніну памяці Мікалаю Паўлавічу, замовілі паніхіду ў мясцовым саборы Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Нагадаю, крымскі горад стаў для палешука Мікалая Дрынеўскага родным: у Еўпаторыі ён жыў і працаваў 52 гады з 80-і пражытых.

Новы храм у вёсцы Тонеж

Мы пісалі ўжо: наш старэйшы сябар памёр 27 красавіка ў Мінску, па дарозе з Крыма на бацькаўшчыну, у Гомельскую вобласць. Адпявалі ж Мікалая Паўлавіча ў храме Свяціцеля Мікалая ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна. Там яго й пахавалі — побач з магілай бацькоў. Мы даведаліся, што храм-помнік у Тонежы ўзведзены параўнальна нядаўна, быў асвечаны 22 мая 2015 года: у дзень Свяціцеля Мікалая Цудатворца. У Беларусі, дарэчы, гэта ў народзе вялікае свята: Мікола вясновы. Храм у Тонежы ўзведены на месцы царквы, спаленай пад час вайны захопнікамі: 6 студзеня 1943 года. А спалілі царкву карнікі — разам з жыхарамі. Вось такая вялікая трагедыя была ў вёсцы, якую яшчэ называюць: палеская Хатынь. Храм вернікі ўсе разам стваралі: жыхары Тонежа, мясцовыя й раённыя ўлады, спонсары, творчая інтэлігенцыя Беларусі. Сярод дабрачынцаў, мы ведаем, і брат Мікалая Паўлавіча — Міхаіл Дрынеўскі. Ён вядомы многім як народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Генадзя Цітовіча.

За тры дні да раптоўнай смерці мы адзначалі ў нашым горадзе 80-годдзе доктара медыцынскіх навук, прафесара, ганаровага грамадзяніна Еўпаторыі Мікалая Дрынеўскага. Ведаючы, што я супрацоўнічаю з газетай “Голас Радзімы”, ён перадаў мне свае ўспаміны. Яны й пачынаюцца яго расповедам пра тое, як у вайну згарэла вёска Тонеж. Як загінула там шмат людзей: 261 вясковец, сярод іх — 108 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Дасылаю тэкст у рэдакцыю. Усе старонкі Мікалай Паўлавіч пісаў і друкаваў сам. 

Дзіна Шаўчэнка, г. Еўпаторыя

Ад рэдакцыі. Цікавыя ўспаміны Мікалая Дрынеўскага рыхтуюцца да друку. Яны напоўнены жыццёвай мудрасцю былога вяскоўца. Скажам, пішучы пра дзяцінства, ён згадвае пра тры бацькоўскія забароны, якія ўсе пяцёра хлопцаў з сям’і заўсёды памяталі: “не курыць, не лаяцца й не лазіць у чужы агарод!”.

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter