Алег НАВІЦКІ: «Чакаць прызначэння ў экіпаж не трэба, як і хвалявацца. Трэба проста працаваць».
Уявіце сабе Зорны гарадок. Прыкладна ў 8.30 раніцы з дома выходзіць шыракаплечы, падцягнуты мужчына ростам у 1,80 метра. І, як і ўсе мы, ідзе на працу. Яна пачнецца ў 9.00, а скончыцца ў 18.00. Потым да сям’і. Звычайна, праўда? Але гэта толькі збоку так здаецца. Гэты чалавек мае рызыкоўную прафесію. У кабінеце ён з’яўляецца вельмі рэдка — яго праца заключаецца ў атрыманні і прымяненні ведаў не толькі тут, але яшчэ на арбіце. Прычым, каб быць сапраўды прафесіяналам сваёй справы, яму важна мець моцнае здароўе. А для ўсяго гэтага неабходна хадзіць… на пары.
— Зараз кожную пятніцу мне прыходзіць на пошту расклад на тыдзень. З панядзелка па пятніцу я наведваю лекцыі і трэніроўкі. І ўсе яны розныя, — у перапынку паміж заняткамі тлумачыць, як праходзяць дні, Алег Навіцкі. — Адна пара — 1 гадзіна 50 хвілін.
Перш чым вы даведаецеся, што такое «касмічныя лекцыі», успомнім, што Алег Навіцкі 196 сутак 17 гадзін 50 хвілін і 25 секунд правёў на Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) падчас другога палёту. Калі прызямліўся, — яго чакала 21-дзённая рэабілітацыя ў прафілакторыі. Трэба было аднавіцца: напрыклад, зноў навучыцца хадзіць. На 12-ы дзень рэабілітацыі пачаўся «разбор палёту» і завяршэнне медыцынскіх эксперыментаў, якія пачаліся на Зямлі да палёту, працягнуліся ў космасе і фінішавалі зноў на Зямлі. Далей пара дзён перапынку ў сям’і і зноў рэабілітацыя: у санаторыі ў Грэцыі. Пад наглядам урача і інструктара пачаліся заняткі па бегу, гульні ў тэніс, а пасля працэдуры і шмат іншага. Колькі адлятаў — больш за паўгода, столькі ж трэба было праходзіць і аднаўленчы перыяд.
— Потым медкамісія, — працягвае Алег Навіцкі. — Каля двух тыдняў урачы з рознымі спецыялізацыямі — ад тэрапеўтаў да неўрапатолагаў — праводзілі агляд майго арганізма. Увага да ўсяго пільная па кожным крытэрыі: зрок, вага, аб’ём лёгкіх, кардыяграма пад нагрузкай і без і гэтак далей.
Цікавы момант заўважыў Алег Навіцкі — яго арганізм хутчэй адаптаваўся ў бязважкасці і гэтак жа хутка аднавіўся да зямных умоў не пасля першага, а менавіта пасля другога палёту:
— Арганізм — разумны механізм. Усё запамінае і выводзіць на патрэбны ўзровень працаздольнасці.
Усе сабраныя матэрыялы абследаванняў па здароўі Алега Навіцкага спецыялісты перадалі галоўным урачам, якія адразу ж выдалі заключэнне аб прыдатнасці да спецтрэніровак, у тым ліку і да падрыхтоўкі да касмічнага палёту. Дарэчы, праходзіў камісію не адзін. Для кагосьці з атрада яна была прамежкавай, а для іншых — перадпалётнай. Такая ж камісія прымае рашэнне на «спісанне» — пазначаюць, што чалавек здаровы, але ўжо да вялікіх нагрузак (напрыклад, да баракамеры, гідралабараторыі) не дапускаецца. Тады можа працягваць працу ў атрадзе, але ўжо, напрыклад, інструктарам.
Стан здароўя касманаўта правяралі дзясяткі ўрачоў самымі рознымі спосабамі.
— Зараз вучуся, — вяртаемся з Алегам Навіцкім да сучаснага. — Праходзяць заняткі па фатаграфіі і відэа — паступае новая апаратура, з якой знаёмяць, нагадваюць асновы. Ёсць заняткі па англійскай мове, каб падтрымліваць узровень. Яшчэ — лекцыі выкладчыкаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў па новых сістэмах станцыі, карабля і многае іншае.
Вядома, і фізічную нагрузку ніхто не адмяняў. Аднак касманаўт і так аддае ёй шмат часу. Выпаў снег — на лыжы. Растаў — бег. А яшчэ з малодшай дачкой гуляць трэба.
— Алег Віктаравіч, можа, усё ж такі хвалюецеся ў чаканні прызначэння ў экіпаж? — пытаюся.
— Чакаць нічога не трэба, як і хвалявацца, — упэўненым тонам кажа касманаўт. — Для таго каб было прызначэнне, касмічныя агенцтвы «Раскосмас», NASA, ESA павінны правесці міжведамасную нараду, падчас якой прапануюць свае кандыдатуры ў экіпаж. Калі мяне прызначаць, то трэба будзе рыхтавацца да палёту мінімум два гады. Гэта значыць, да 2020 года я з Зямлі ні нагой.
Цікава, а ці ёсць верагоднасць, што зноў у экіпажы сустрэнуцца Навіцкі, Песке і Уітсан, якія так пасябравалі падчас экспедыцыі МКС-50/51?
— Не думаю. У любым выпадку мы і на Зямлі маем добрыя зносіны, — дадае Алег Навіцкі. Дарэчы, цяпер на борце МКС знаходзяцца яго калегі па атрадзе: Аляксандр Місуркін паляцеў на арбіту ў другі раз, а Антон Шкапляроў — у трэці.
Цікаўлюся: можа, засумаваў па цюбікам з пюрэ і катлетамі? Чым паміж парамі частуюць?
— Ежа простая і разнастайная. Дзве-тры першыя стравы на выбар. Столькі ж на другое. Часта выбіраю рыбу: і смачна, і некаларыйна. На дэсерт — яблык, булачка. Але стараюся ў апошнім сябе абмяжоўваць. Часам дома магу сабе дазволіць з’есці смажаную бульбу, але на наступны дзень ужо вячэраю салатай. Усё ж такі ў форме сябе трымаць трэба.
Калі Алега Навіцкага прызначаць у экіпаж, «студэнцкае жыццё» моцна зменіцца. Дададуцца сур’ёзныя шматгадзінныя фізічныя нагрузкі (трэнажоры МКС, карабля «Саюз», ручнога спуску і іншыя), з’явяцца камандзіроўкі — у ЗША, Японію, ЕС, бо касманаўты павінны быць гатовыя да працы на сегментах іншых краін. Пачакайце, а сям’я Алега Віктаравіча гатовая да яго жадання быць зноў бліжэй да зорак? Развітваемся з касманаўтам (у яго пачынаецца лекцыя) і тэлефануем жонцы. Юлія кажа:
— Другі палёт мужа для мяне быў маральна больш складаны, чым першы. Ён быў і даўжэй там, і на руках у мяне было маленькае дзіця. Калі прызямліўся, нават пытацца не стала, ці хоча трэці раз у космас. Ведала адказ.
Юлія падчас двух палётаў Алега Навіцкага пісала знакаміты блог «Дзённік жонкі касманаўта».
— Калі муж паляціць зноў, то ў мяне ўжо ёсць думкі, з чаго пачаць трэці выпуск. Варта падрабязней расказаць аб працэсах падрыхтоўкі, рэабілітацыі, — дзеліцца задумкамі.
Ну а пакуль сям’я займаецца жыццёвымі справамі, падтрымлівае тату-«студэнта», які нярэдка па вечарах сядзіць над новымі матэрыяламі па касмічнай тэхніцы.
alinakasel@gmail.com
Фота з архіва герояў