Мы побывали на предприятии, где синтезируют алмазы

Падвескi аргумент

Лепшыя сябры дзяўчат — гэта брыльянты. Выказванне Гары Уінстана, амерыканскага вытворцы шыкоўных ювелірных упрыгожанняў, ужо стала аксіёмай. Крышталі, якія заварожваюць гульнёй святла на гранях, з’яўляюцца аб’ектам жаданняў многіх жанчын. Каб наталіць прагу да каштоўнасцей, карэспандэнт «Р» наведала прадпрыемства пад Мінскам, дзе запусцілі поўны цыкл стварэння ювелірных вырабаў. 

Сінтэзаваны брыльянт — гэта не імітацыя каштоўнага каменя, а яго аналаг.

Каб стварыць алмаз, прыродзе неабходна знаходжанне ў адным месцы некалькіх хімічных рэчываў, вялікі ціск, высокая тэмпература — і тысячагоддзі. Недзе пры такіх жа ўмовах вырошчваюць сінтэзаваныя алмазы на навукова-вытворчым прадпрыемстве «АдамасІнвест». Толькі працэс гэты пры тэмпературы 1500 градусаў па Цэльсію і ціску да 2 тысяч атмасфер працягваецца 80 гадзін. Монакрышталі, якія атрымлі­ваюцца, нічым не адрозніваюцца ад натуральных. 

— Сінтэзаваны брыльянт — гэта не імітацыя каштоўнага каменю, а яго аналаг, — падкрэслівае Алег Філатаў, начальнік вытворчасці звышцвёрдых матэрыялаў. — Ён валодае такімі ж якасцямі, характарыстыкамі, цвёрдасцю, зносатрываласцю і ніколі не памутнее, не падрапаецца. 

Эксперыментамі па вытворчасці монакрышталяў прадпрыемства займаецца дастаткова даўно і ўдала. Але алмаз — гэта толькі сыравіна. Іншая справа — брыльянт у залатым або сярэбраным аздабленні. Таму на прадпрыемстве правялі мадэрнізацыю, вынікам якой стала значнае павелічэнне вытворчай магутнасці і стварэнне ўласнай ювелірнай майстэрні. 

Алег Філатаў на макеце паказвае, як вырошчваюць монакрышталі.


— Перапрацоўваем ад 3 да 5 кілаграмаў золата ў месяц,Ірына Герасімкіў, галоўны тэхнолаг, раскладае на стале скрыначкі з упрыгожаннямі, ад якіх цяжка вочы адарваць. — Развіваемся ў трох напрамках. Па-першае, гэта класічныя ўпрыгожанні, якія карыстаюцца стабільным попытам: заручальныя пярсцёнкі, завушніцы з бясколерным, як правіла, каменем. Па-другое — эксклюзіўныя вырабы, распрацаваныя нашым дызайнерам. 

Сярод аўтарскіх калекцый найбольшую ўвагу прыцягваюць упрыгожанні з нацыянальнымі матывамі: пярсцёнкі з эмалевымі васількамі, беларускім арнаментам, завушніцы з выявамі буслоў, з малюнкам, створаным па матывах карціны «Каложа». 


— Дызайнерскія вырабы больш масіўныя, а камяні ў іх могуць быць самых розных колераў — ад фантазійнага светла-карычневага і блакітнага да чырвонага і нават чорнага. Эксперыментуем з выглядам: напрыклад, не гладкая, а нібы скамечаная паверхня залатога пярсцёнка. Часцей такія ўпрыгожанні ствараюцца на заказ. Чамусьці людзі пакуль не надта давяраюць каляровым брыльянтам, — працягвае Ірына Герасімкіў. — Трэці ж напрамак — так званыя іміджавыя або карпаратыўныя рэчы. Напрыклад, значкі, што сведчаць аб прыналежнасці да пэўнай арганізацыі. Іх звычайна вырабляюць з серабра. 

Той, хто ламае галаву над арыгінальным падарункам для каханай, можа паднесці ёй упрыгожанне з брыльянтам, ды не простым, а сінтэзаваным на аснове пасмы ўласных валасоў, — як сімвал таго, што заўсёды будзе побач. 

Кожны выраб зачышчаюць да бездакорнасці.

За суткі на прадпрыемстве праходзяць 24 сінтэзы монакрышталяў — гэта пры тым, што яшчэ год назад было толькі чатыры. Трэць алмазаў звычайна адпраўляецца на тэхнічныя патрэбы — ад гэтага напрамку дзейнасці не адмовіліся. Астатнія накіроўваюцца да ювеліраў. 

Праца над упрыгожаннем пачынаецца са стварэння яго эскіза, а потым — 3D-мадэлі. Станок з праграмным кіраваннем выточвае са спецыяльнага воску дакладную копію ў натуральным памеры — яна стане прататыпам для майстар-мадэлі. У спецыяльнай форме воск расплавіцца і выцеча, яго заменіць метал. Майстар-мадэль укладваюць у кавалак мяккай гумы, што шчыльна аблягае яе, дакладна паўтараючы рэльеф. Гумавы брыкет змяшча­юць у вулканізатар, адкуль ён вернецца цвёрдай маналітнай цаглінкай. Яе асцярожна раскрываюць, металічную мадэль дастаюць. З гумы атрымалася форма для соцень «васковачак». З іх збіраецца «ёлачка», на якой можа быць каля 40 розных пярсцёнкаў або сотні падвесак — яшчэ без камянёў. «Ёлачка» змяшчаецца ў апоку, што награваецца, воск аплаўляецца, і атрымліваецца форма, у якую заліваюць метал — золата або серабро. Уяўляеце сабе «ёлку» з некалькіх дзясяткаў залатых пярсцёнкаў? Гэта відовішча не для дзяўчат са слабымі нервамі!


Кожны выраб «адкусваюць» ад ствала, паліруюць, зачышчаюць і ўстаўляюць брыльянты. Спецыяльны станок выціскае на гатовым упрыгожанні шыфр прадпрыемства. Пасля гэтага вырабы адпраўляюцца ў Дзяржаўную інспекцыю прабірнага нагляду. Там правераць адпаведнасць заяўленай пробы рэальнай і паставяць сваё таўро. Усё, брыльянты гатовы ўпрыгожваць жаночыя пальчыкі, вушкі ці шыю. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter