Загадочный образ Богородицы, объединивший города, события и личности

Падарунак святой Еўфрасінні

Цудадзейныя іконы нярэдка называюць па месцы, у якім яны былі напісаныя ці захоўваюцца. Напрыклад, вернікі моляцца аб здароўі Жыровіцкаму абразу Божай Маці ці Сынкавіцкай Усецарыцы. Адразу зразумела, што едуць для гэтага ў Жыровічы і Сынкавічы. Аднак ёсць у праваслаўных адна ікона, назва якой збівае з панталыку многіх, — Эфеска-Корсунска-Полацка-Таропецкая Божая Маці. Яе незвычайная гісторыя пачалася больш за 850 гадоў таму і звязана яна з галоўнай заступніцай нашай зямлі — прападобнай Еўфрасінняй.

З марскіх берагоў — да горада Полацка

Імя гэтай князёўны для беларускага народа раўназначнае паняццям непахіснай веры, перадавога асветніцтва і культурнага росквіту. Яе жыццё і ў наш час застаецца ўзорам служэння Богу і няспыннай працы на славу роднай зямлі. 

У дзень памяці святой Еўфрасінні (5 чэрвеня) у Полацку традыцыйна праходзяць пышныя ўрачыстасці, на якія з’язджаюцца паломнікі з усёй Беларусі.
Фото БЕЛТА

5 чэрвеня мы ў чарговы раз будзем адзначаць дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай. У спадчыну нашчадкам прападобная пакінула не толькі духоўнае багацце, але і матэрыяльныя каштоўнасці. 

Напрыклад, перліну праваслаўнай архітэктуры Старажытнай Русі — Спаса-Праабражэнскі храм, які быў узведзены намаганнямі маладой манахіні ў 1126 годзе і застаецца і цяпер адной з галоўных святынь нашай краіны. Ці знакаміты на ўвесь свет шэдэўр ювелірнага майстэрства — напрастольны крыж з залатых і срэбных пласцін, аздоблены каштоўнымі камянямі і арнаментам. Хоць сёння ён і страчаны, але не памірае надзея на тое, што аднойчы крыж вернецца на сваё месца ў Полацк. 

Пакінула нашчадкам Еўфрасіння і яшчэ адзін дарагі падарунак — ікону Божай Маці, якая трапіла на нашы землі з далёкага старажытнагрэчаскага Эфеса. Калі зазірнуць у жыціе святой, знойдзем радкі пра тое, як яна заснавала жаночы манастыр «каля царквы Спаса», а побач у 1055 годзе з’явіўся яшчэ адзін храм у гонар Багародзіцы. Менавіта для яго настаяцельніца абіцелі задумала папрасіць у духавенства Візантыі старажытную ікону Божай Маці, напісаную, па паданні, апосталам і евангелістам Лукой яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі. Дзеля гэтага прападобная Еўфрасіння адправіла «раба Божага Міхаіла ў Канстанцінопаль да імператара Мануіла Комніна і Свяцейшага Патрыярха Лукі Хрысоверга з дарамі каштоўнымі». Ікону (ці яе спіс, як мяркуюць гісторыкі) пасланнік Еўфрасінні сапраўды атрымаў. А разам з ёй і грамату, у якой канстанцінопальскі патрыярх даў бласлаўленне і выказаў хвалу рабе Хрыстовай з горада Полацка. 

Шлях дадому быў няпросты: згодна з паданнем амаль на год эфескі абраз Багародзіцы затрымаўся ў Корсуні. Мясцовыя жыхары, калі даведаліся пра тое, якая святыня трапіла на іх зямлю, папрасілі палачаніна Міхаіла хаця б на некаторы час паставіць ікону ў адным з храмаў на марскім беразе. Лічыцца, што ад таго і сталі зваць яе пазней эфеска-корсунскай. 

На нашы землі абраз трапіў не раней за 1162 год. Дакладная дата не захавалася. Аднак вядома, што гэта быў аўторак — менавіта ў гэты дзень па традыцыі, заве­дзенай Еўфрасінняй, дарагую ікону, упрыгожаную коштоўнымі камянямі, кожны ты­дзень неслі праз усе полацкія храмы. Своеасаблівы хрэсны ход са святым лікам Багародзіцы існаваў увесь час, што абраз захоўваўся ў сталіцы Полацкага княства. Але і гэтае месца стала толькі часовым прытулкам для яго.

На шчасце маладых і ахову ад бед

Далейшы лёс іконы склаўся так, што яна адправілася на поўнач — у старажытны гарадок Таропец. Чаму полацкае духавенства аддало святыню, завешчаную самой Еўфрасінняй? Існуе дзве версіі. Па першай ікону падарылі князёўне Аляксандры (унучатай пляменніцы святой) у якасці бласлаўлення на вянчане з наўгародскім князем Аляксандрам, які праз год пасля вяселля стане вядомы ўсяму свету пад іменем Неўскі. Пад вянец маладыя пайшлі якраз у таропецкім Багародзічным саборы — там святыня і магла застацца. 

Руіны старажытнага горада Корсунь на беразе Чорнага мора. Гэтыя мясціны ў свой час былі важным хрысціянскім цэнтрам і далі імя некалькім асабліва шанаваным праваслаўным іконам. Фота аўтара.

Іншая версія, якой часцей прытрымліваюцца гісторыкі, — абраз трапіў у Таропец толькі ў XVI стагоддзі, калі полацкія манахіні падчас Лівонскай вайны ці з-за ганенняў на праваслаўе крыху пазней беглі з горада і ўзялі з сабой самае каштоўнае — іконы! У пацвярджэнне гэтай тэорыі навукоўцы прыводзяць такія факты, як знешні выгляд абраза Багародзіцы. Гэта вялікая ікона на ручцы (для хрэснага ходу). Зразумела, што падчас шматлікіх вандровак і вынасаў на вуліцу па аўторках і вялікіх святах яе стан значна мяняўся. Таму маскоўскія мастацтвазнаўцы мяркуюць, што аднойчы на эфескі арыгінал быў нанесены новы абраз, а пецярбургскія спецыялісты лічаць, што ікону проста замянілі яе копіяй. І адбылося гэта ў XIV стагоддзі. 

Да праўды пакуль не дакапаўся ніхто. А факт застаецца фактам: з кожным стагоддзем святыня набывала ўсё большае значэнне, незалежна ад месца, у якім знаходзілася. Летапісы пацвярджаюць, што Эфеска-Корсунска-Полацкая ікона Багародзіцы не раз яўляла цуды жыхарам Таропца — засцерагала ад разрушэнняў горад падчас войн, берагла людзей у гады страшных эпідэмій. Урэшце там нават з’явіўся храм у гонар Корсунскай іконы Багародзіцы, дзе яна і захоўвалася да савецкіх часоў. 

Вяртанне на радзіму 

Дзе ж цяпер знаходзіцца падарунак святой Еўфрасінні і якія зямлі засцерагае? Доўгі час цудадзейная рэліквія была за шклом Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу і разглядалася выключна з пункту гледжання мастацкай вартасці. Толькі ў 2009 годзе яе аддалі на рэстаўрацыйныя работы ў царкву святога благавернага князя Аляксандра Неўскага ў Княжым Возеры (Маскоўская вобласць). Што сімвалічна, улічваючы магчымую сувязь знакамітага палкаводца з полацкімі землямі праз шлюб з князёўнай Аляксандрай.

Але варта адзначыць, што і Спаса-Еўфрасіннеўская абіцель без Эфескага абраза не засталася. Памяць пра запаветы заснавальніцы манастыра тут зберагалі з пакалення ў пакаленне. А дзякуючы намаганням мітрапаліта Філарэта ў 2004 годзе на беларускую зямлю быў перанесены спіс Эфескага абраза Багародзіцы, зроблены ў XVI стагоддзі на Пскоўшчыне. Увогуле, варта адзначыць: за стагоддзі вандровак ікона пакінула не адзін цудадзейны спіс у розных гарадах. 

26 мая 2010 года ікона была ўрачыста прывезена ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр — акурат да векавога юбілею перанесення мо­шчаў прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк. Памаліцца спісу Эфеска-Корсунска-Полацка-Таропецкага абраза сёння можа кожны. Але не проста так, а абавязкова ўспамінаючы пра слаўныя справы святой князёўны, што стала на шлях служэння Богу і назаўжды ўвайшла ў гісторыю ў ліку святых.

СПАДЧЫНА КНЯЗЁЎНЫ
Спіс Эфескага абраза Багародзіцы XVI ст., які цяпер захоўваецца ў Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі. Фота spas-monastery.by

Спаса-Праабражэнская царква — помнік старажытнаполацкага дойлідства, які захаваўся да нашых часоў амаль у некранутым выглядзе. Унутры можна ўба­чыць фрэскі ХІІ стагоддзя. Каля ўвахода ў паўднёва-заходнюю келлю знаходзіцца ктытарскі партрэт самой Еўфрасінні Полацкай. Яна без німба, затое ў руцэ трымае Спаскую царкву, якую падносіць Ісусу Хрысту. 

Вярыгі. Святая на працягу доўгіх гадоў насіла на целе жалезныя ланцугі для пакарэння плоці духу. У 1991 го­дзе вярыгі князёўны Еўфрасінні былі зной­дзены на гарышчы старажытнага храма. Прычым сама Еўфрасіння паказала іх месцазнаходжанне ў сне адной з прыха­джанак Спаскай царквы. Гэтай святыні людзі пакланяюцца, калі патрэбна вылечванне душэўных і цялесных хвароб. 

Крыж. Адзін з самых вядомых узораў ювелірнага майстэрства Старажытнай Русі быў створаны па загадзе Еўфрасінні Лазарам Богшам. Крыж уяўляў сабой свое­асаблівы каўчэг, у якім захоўваліся вялікія хрысціянскія святыні: часцінка Дрэва Крыжа Гасподняга з кропляй Крыві Хрыста, часцінкі камянёў Гроба Гасподняга і Гроба Божай Маці, часцінкі мошчаў святых. Прызначалася святыня выключна для знаходжання ў абіцелі. На бакавых гранях крыжа знаходзіўся надпіс-запавет: «Да не изнесется из манастыря никогда же, яко ни продати, ни отдати. Аще се кто преслушаеть, изнесеть его из манастыря, да не будет ему помощник честный крест ни в сей век, ни в будущий».

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter