На территории Гольшанского замка открылись музейная экспозиция и визит-центр

Падарожжа ў мінулае

Гальшанскі замак, пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя, лічыўся адным з самых прыгожых на тэрыторыі ВКЛ. За сваю гісторыю ён неаднаразова разбураўся, перабудоўваўся, змяняў знешні выгляд. Да пачатку Першай сусветнай вайны ў замку яшчэ жылі людзі, а пасля Вялікай Айчыннай ад былога велічнага будынка засталіся адны руіны. Нягледзячы на ўбогі выгляд, Гальшанскі замак прадоўжыў прыцягваць да сябе людзей. Турысты з розных куткоў краіны і замежжа прыязджалі ў Ашмянскі раён, каб натхніцца рэшткамі былога замка і адчуць рамантыку мінулых гадоў.


Нарэшце ў аматараў даўніны з'явілася нешта большае, чым проста руіны. Некалькі гадоў таму была распачата рэстаўрацыя Гальшанскага замка. На мінулым тыдні прэзентавалі яе вынікі. Галоўнае дасягненне — адноўленая Паўночная вежа, у якой размясцілася музейная экспазіцыя. У кожнага яруса вежы — свая канцэпцыя. Падвальны паверх расказвае пра легенды Ашмянскага краю. Экспазіцыя яшчэ на адным паверсе дэманструе артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў замка і наваколля. Перанесціся ў часе дапамагае парадная зала з камінам, узноўленым па тэхналогіі XVII стагоддзя. А аглядальная пляцоўка, якая размясцілася на апошнім ярусе, дазваляе ўбачыць панараму мястэчка. Для зручнасці турыстаў адкрыты і візіт-цэнтр, дзе можна набыць сувеніры ад мясцовых майстроў і заказаць экскурсійнае суправаджэнне.


Яшчэ больш сюрпрызаў чакае гасцей падчас традыцыйнага рэгіянальнага фестывалю «Гальшанскі замак». Сёлета ён пройдзе 22 мая. Як паведамляе osh.by, пачнецца ўсё з маляўнічага шэсця ўдзельнікаў рыцарскіх клубаў і тэатралізаванага гіста­рычнага прадстаўлення «Руіны замка Сапегаў». У праграме фэсту таксама рыцарскія спаборніцтвы, конныя прадстаўленні, спектаклі, музычныя выступленні і разнастайныя сярэдневяковыя забавы. Вам прапануюць пастраляць з лука, пакідаць дзіду і гэтак далей. Насычаным будзе і кулінарны блок, дзе госці змогуць пачаставацца стравамі старадаўняй і сучаснай беларускай кухні. А ў Горадзе майстроў вы знойдзеце эксклюзіўныя сувеніры, у жадаючых будзе магчымасць прыняць удзел у майстар-класах.

mila@sb.by

Фото БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter