Шэраг імпрэзаў па свеце прымеркаваны быў да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. Скарысталіся магчымасцю, каб пагаварыць-паспяваць па-беларуску ды іншым паказаць духоўныя скарбы Айчыны і беларусы Мікалаева: у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Л. Крапіўніцкага 17 лютага прадставілі яны літаратурна-музычную імпрэзу “Родная мова — матуліна мова”. Прайшло ўсё на высокім мастацкім узроўні, расказала ў інтэрнэце прыхільніца беларускай культуры — на адным з форумаў. Адзначыла: з кожным годам усё новымі экспанатамі папаўняецца і экспазіцыя з кніг, перыёдыкі, сувеніраў, вырабаў народных майстроў, якую ладзяць перад падобнымі дзеямі беларусы.
Беларускія вершы чытае Кацярына Раманенка
Да месца былі на выставе й нумары газеты “Голас Радзімы”, якую мы кожны тыдзень дасылаем у суполку. Нашы “падарункі” відаць і на здымках, якімі падзялілася з намі кіраўніца суполкі Таццяна Дзяменнікава. Дарэчы, некаторыя з гасцей прасілі падарыць ім газету з Беларусі — як вестачку з зямлі продкаў, і такім “не было адмоўлена”. Мяркую, на будучыню варта для ахвочых на стэндах пісаць і пра сайт www.sb.by/golas. А “экспазіцыяй гледачы цікавіліся як да пачатку імпрэзы, так і пасля яе”.
Нататка пра Свята роднай мовы ёсць на сайце Амбасады Беларусі ва Украіне. Чытаем: “Прайшло яно пры садзеянні Упраўлення культуры, нацыянальнасцяў і рэлігій абласной дзяржадміністрацыі, Савета нацыянальных таварыстваў Мікалаеўскай вобласці, Упраўлення па пытаннях культуры і аховы культурнай спадчыны гарсавета, Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М. Л. Крапіўніцкага, Мікалаеўскага каледжа культуры і мастацтваў, філіяла Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў”. За ўмацаванне беларуска-ўкраінскага гуманітарнага супрацоўніцтва Ганаровымі граматамі Амбасады адзначаны як таварыства беларусаў “Голас Радзiмы”, так і згаданая бібліятэка, Мікалаеўскі каледж культуры і мастацтваў.
Таццяна даслала нам сцэнар, паведаміла: на Свята роднай мовы да мікалаеўскіх беларусаў завіталі ганаровыя госці-дыпламаты з Амбасады Беларусі ва Украіне Герман Пузырны і Андрэй Губкіна. Былі на свяце жыхары Мікалаева, якія цікавяцца беларускай культурай, прадстаўнікі грамадска-палітычных колаў вобласці, горада, кіраўнікі шэрагу этнасуполак. З дасланага сцэнара відаць: гэта было цікавае падарожжа (з фоташэрагам, відэасюжэтамі — тое дазваляе абсталяванне кіналекцыйнай залы) па Беларусі — пры дапамозе беларускай мовы, літаратурных твораў, музыкі. Роднымі гукамі поўнілася прастора, прычым няцяжка было ўсё разумець тым, хто ведае мову рускую ды ўкраінскую. Як вядома, многія словы ў трох мовах сугучныя. Аднак гледачы мелі магчымасць пераканацца, што мова беларуская — адметная, з багатай колькасцю арыгінальных слоў, таму “з наскоку” яе асвоіць ніяк не ўдасца.
Таццяна Дзяменнікава яшчэ падкрэсліла: у шэрагах суполкі прыгожа заяўляе пра сябе ў творчасці “мужчынскі атрад”: Юрый Дзінтарс, Рыгор Лагунец і Аляксандр Шпота. Дзякуе Ірыне Русінай, якая, руская па нацыянальнасці, “прыкіпела” да суполкі, дапамагае ў працы. У інтэрнэце можна паглядзець асобныя нумары імпрэзы: выступленне ансамбля “Родныя напевы” (гучыць, напрыклад, вядомы твор “Палюбіць Беларусь вельмі проста”), а песню “Родная маці-зямля” (дарэчы, з рэпертуару Анатоля Ярмоленкі) пад акардэон хораша спявае ўкраінец з латышскімі родавымі каранямі Юрый Дзінтарс.
Прыгожыя беларускія вершы на імпрэзе чыталі Таццяна Бусько, Галіна Міняйла, Кацярына Раманенка, Ірына Голуб.
Голас Радзімы № 9 (3561), чацвер, 1 сакавіка, 2018 у PDF
Пры дапамозе роднага слова злучаюць лёсы аднадумцаў, пашыраюць сваю нацыянальную культуру на поўдні Украіны актывісты Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”
Пад матуліным чароўным абярэгам
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.