Как в Березовке Калинковичского района отпраздновали Благовещение

«Ой, пасею я укроп, ды ў новым агародзе...»

Як у Бярозаўцы Калінкавіцкага раёна справілі Благавешчанне

Благавешчанне — адно з дванаццаці галоўных свят у праваслаўным календары. Згодна з біблейскім паданнем у гэты дзень Дзеве Марыі з'явіўся архангел Гаўрыіл, які абвясціў, што яна народзіць Сына Божага і Збавіцеля свету. З таго моманту, па сутнасці, і пачынаецца евангельская гісторыя.

На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касы не пляце. Працаваць нельга, а вось адпачываць, спяваць песні і вадзіць карагоды не забараняецца. Наадварот, як кажуць старыя людзі, калі ўсё гэта зрабіць правільна, то і ўраджай будзе добры, і хлеба ўволю, і ў сямейным жыцці ўсё наладзіцца.

Традыцыя святкаваць Благавешчанне жыве і сёння. Напрыклад, жыхары калінкавіцкай Бярозаўкі 7 красавіка выходзяць на вуліцу пагукаць вясну.


Адсвяткаваць Благавешчанне сабраліся тыя, хто неабыякава ставіцца да нацыянальнай культуры малой радзімы, адчувае блізкасць сваіх каранёў. А верхаводзіць усім мастацкі кіраўнік Бярозаўскага сельскага дома культуры Паліна Лапацік. Побач — надзейныя сябры, памочнікі і такія ж энтузіясты, як і сама Паліна Паўлаўна. Яна шмат гадоў узначальвае народны фальклорны ансамбль «Бярозаўскія пералівы» і дзіцячы ансамбль «Пацехі».

— Абрад будзе жыць, пакуль яго памятаюць, — упэўнена мая субяседніца. — Асноўны накірунак нашай дзейнасці — адраджэнне традыцый. Мы гэтым займаемся ўжо даўно, імкнёмся зберагчы спадчыну для нашчадкаў. Вёска Бярозаўка складаецца з дзвюх частак: Старой і Новай. Тут, у Новай, ёсць ФАП, магазін, пошта, школа, клуб. У Старой Бярозаўцы гэтага няма, затое там жывуць сапраўдныя носьбіты народных традыцый, жывыя сведкі тых абрадаў, што праводзілі продкі. «Бярозаўскія пералівы» ведаюць далёка за межамі Калінкавіцкага раёна і Гомельскай вобласці. Ансамбль не раз станавіўся пераможцам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, розных творчых конкурсаў і аглядаў. А 7 красавіка менавіта ён запрашае аднавяскоўцаў пагукаць вясну.

Каб іх заахвоціць, удзельнікі абраду праехаліся па вёсцы самабытна — на вазку, запрэжаным конікам. Яго калісьці пакінуў у спадчыну стары вясковы музыка. Як кажа Паліна Лапацік, іх конь Малыш культурны: удзельнічае ва ўсіх вясковых абрадах, ездзіць з канцэртамі, дапамае клубу вырашаць розныя гаспадарчыя пытанні.


І панеслася па наваколлі: «Ой, пасею я ўкроп, ды ў новым агаро­дзе…» Менавіта гэтую песню звычайна спявалі ў Бярозаўцы на Благавешчанне. І сёння яна гучыць, як і розныя песні-вяснянкі, жартоўныя прыпеўкі.

Паліна Паўлаўна ўпэўнена: нягле­дзячы на сучасныя веянні, на­яўнасць камп'ютараў, смартфо­наў і фанаграмы ў спевакоў, народная музыка павінна жыць. Тая, што засталася нам ад дзедаў і прадзедаў. Яна бу­дзе заўсёды ў цане, бо сапраўдная.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter