Браты i сёстры, суайчыннiкi!
У апошнiя днi мы сталi сведкамi нябачанай дагэтуль у нашай мiралюбнай i памяркоўнай Бацькаўшчыне напружанасцi, звязанай з ходам выбарчай кампанii i прэзiдэнцкiмi выбарамi, якая вылiлася на вулiцы i плошчы нашых гарадоў. Адбылiся сутыкненнi памiж грамадзянамi i супрацоўнiкамi сiлавых структур. У вынiку актыўнага супрацьстаяння ўжо, на жаль, пралiлася першая кроў i ёсць пацярпелыя з абодвух бакоў. Упершыню ў сучаснай гiсторыi Беларусi брат падняў руку на брата.
Чаму мы, народ з больш як тысячагадовай гiсторыяй хрысцiянства, сёння як быццам забылiся пра любоў да блiжняга i ўласцiвую нам з даўнiх часоў талерантнасць у адносiнах да iншадумцаў? Чаму на нашай святой зямлi паўтараецца бiблейская гiсторыя сумнавядомага Каiна, якi забiў свайго брата Абэля?
У гэты лёсавызначальны момант нашай гiсторыi ў iмя Бога бязмежнай мiласэрнасцi, любовi i супакою я звяртаюся да ўсiх бакоў канфлiкту з заклiкам спынiць насiлле. Няхай вашыя рукi, створаныя для мiрнай працы i братэрскага прывiтання, не падымаюць нi зброi, анi камення. Няхай замест аргумента сiлы запануе заснаваная на дыялогу ў праўдзе i ўзаемнай любовi сiла аргумента.
З даўнiх часоў наш народ вырашаў складаныя пытаннi на агульных сходах, якiя ў старажытных славянаў называлiся вечам. З улiкам гэтага каштоўнага вопыту дзеля хутчэйшага пераадолення крызiсу ў грамадстве i спынення насiлля прапаную неадкладна склiкаць адмысловы круглы стол, каб за iм, а не на барыкадах вырашаць далейшы лёс нашай Бацькаўшчыны.
Заахвочваю ўсiх людзей добрай волi да трывалай малiтвы аб мiры i згодзе ў нашай краiне.