Как изменился и как живет рынок клининговых услуг в нынешней эпидемиологической ситуации?

Нiчога асабiстага — чысты бiзнес

Каронавірус многае змяніў у нашым жыцці. Мы сталі часцей мыць рукі, пазбягаць вялікай колькасці людзей, сачыць за гігіенай памяшканняў, у якіх знаходзімся. Хочам, каб у пад’ездах дамоў, магазінах або цырульнях, рабочых кабінетах і ўласных кватэрах як мага часцей праводзілася дэзынфекцыя. Ці значыць гэта, што ў клінінгавых кампаній стала больш працы? Як змяніўся рынак клінінгавых паслуг у цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі, даведвалася «Р».


Са спа-салонаў — у пад’езды

Вёска Копішча Мінскага раёна. Жылыя дамы № 1 і № 2 па вуліцы Карповіча. Парадак у пад’ездах, падвалах і іншых месцах агульнага карыстання тут наводзяць работнікі клінінгавай кампаніі. Заходжу ў другі пад’езд дома № 1. Чыстыя лесвічныя клеткі, вокны і ніякіх рэкламных буклетаў на падлозе. Марына, работнік клінінгавай кампаніі, працірае дэзрастворам кнопкі ліфта, дамафона і ручку ўваходных дзвярэй — тое, да чаго часцей за ўсё дакранаюцца жыхары. Дэзынфекцыю ва ўсіх пад’ездах работнікі праводзяць двойчы ў дзень — у пачатку і ў канцы змены. Гэта плюс да асноўнай уборкі.

— Мы пераарыентаваліся на жылы фонд, — удакладняе кіраўнік клінінгавай кампаніі Юлія Iванова. — Ды і сам падыход да ўборкі сёння крыху змяніўся. Раней дэзынфекцыя была дадатковай і не самай таннай паслугай. Зараз мы яе ўключылі ў асноўную ўборку. Скажам так, аптымізавалі паслугі, уключыўшы ў іх дэзынфекцыю. Дзякуючы гэтаму павялічылася колькасць заказаў менавіта ў жылфондзе.



Зрэшты, колькасць заказаў на ўборку вырасла яшчэ і таму, што клінінгавыя паслугі ў гэтых дзвюх новабудоўлях аказваюць у комплексе з тэхабслугоўваннем дома. Комплексны падыход да абслугоўвання будынка — ідэя новая. Коратка гэта выглядае так: пасля заключэння дагавора з абслугоўваючай кампаніяй старшыня таварыства ўласнікаў або ЖБСК атрымлівае «пад ключ» некалькі відаў паслуг — тэхабслугоўванне дома, уборку месцаў агульнага карыстання і прыдамавой тэрыторыі. Жыхары дома атрымліваюць якасную працу, якую аплачваюць па строга зацверджаным тарыфе (усе ЖК-паслугі ў комплексе нале-

жаць да асноўных жыллёва-камунальных паслуг). Навінка пакуль абкатваецца, але ўжо вельмі запатрабаваная ў старшыняў ТУ і ЖБВК, тлумачыць кіраўнік абслуговай арганізацыі Уладзімір Шаблоўскі.

Прыватныя дамы ў полі зроку

Звяртаюся ў некалькі розных дробных і буйных клінінгавых кампаній па ўсёй краіне. Многія кіраўнікі прызнаюцца: ад вялікіх плошчаў давялося адмовіцца. Квадратныя метры скараціліся па аб’ектыўных прычынах: адны арганізацыі і прадпрыемствы перавялі сваіх супрацоўнікаў на выдаленую працу, іншыя і зусім адмовіліся ад офісаў. Паслугі па навядзенні чысціні і парадку сталі не патрэбныя. Таму клінінгавыя кампаніі звярнулі свой позірк на іншыя аб’екты. Чым не магчымасць утрымацца на плаву ў гэты няпросты час?



Яшчэ званок — у кампанію, якая займаецца комплекснай санітарнай апрацоўкай памяшканняў — дэратызацыяй, дэзынсекцыяй, дэзадарацыяй і дэзынфекцыяй. Кампанія размешчана ў Калодзішчах, працуе два з паловай гады, водгукі ад кліентаў аб працы ўсё больш станоўчыя. Тут заказаў павінна хапаць.

— Заказаў, звязаных выключна з новым вірусам, да нас не паступала, — запэўнівае кіраўнік кампаніі Ігар. — Дэзынфіцыраваць кватэры ці прыватныя дамы з-за каронавіруса людзі не просяць. Хоць, бывае, тэлефануюць, цікавяцца, ці ёсць такая паслуга.

Эпідэміялагічная сітуацыя на колькасці заказаў, зразумела, адбілася. Так, напрыклад, сталі менш звяртацца з нагоды дэзынфекцыі офісных памяшканняў. Але асаблівага адтоку кліентаў уладальнік кампаніі не адчуў. Хоць бы таму, што ад грызуноў, насякомых і вірусаў людзі пазбаўляюцца круглы год. Ды і гнуткая коштавая палітыка дазволіла захаваць пастаянных кліентаў.


Пробліск надзеі

Як вырашаюць праблему вымушанага прастою, расказалі яшчэ ў адной клінінгавай кампаніі, што працуе на сталiчным рынку. Ведаю, што кампанія некалькі гадоў забяспечвае прэзентабельны выгляд офісаў, заводаў і гандлёвых памяшканняў. Значыць, спецыялісты прывыклі працаваць з вялікай плошчай. Як адбілася на іх дзейнасці цяперашняя эпідсітуацыя?

Дырэктар кампаніі Святаслаў Шэлест паведамляе: у спісе цяперашніх заказаў пакуль няма ні гасцініц, ні салонаў прыгажосці, ні рэстаранаў. Не ратуе і дэзынфекцыя, якая, дарэчы, і цяпер — усяго 1 працэнт ад агульных паслуг. Так, людзі сталі часцей заказваць дэзынфекцыю кватэр і дамоў. Асабліва калі хтосьці з родных захварэў на каронавірус альбо перад засяленнем у новае жыллё. Але такіх заказаў усё роўна няшмат. Сітуацыю ратуюць грамадскія аб’екты.



— Цяпер мы працуем з магазінамі буйной гандлёвай сеткі, кожную раніцу перад адкрыццём праводзім іх дэзынфекцыю, — удакладняе Святаслаў Шэлест. — Гэта дапамагае нам утрымацца на плаву. Таксама мы сталі паступова вяртацца ў офісы. Да ранейшых аб’ёмаў мы вернемся не хутка. Але спадзяёмся, што гэта здарыцца.

КАМЕНТАРЫЙ

Уладзімір Карагін, старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:


— Многія галіны эканомікі сёння перажываюць няпростыя часы, зніжэнне попыту і пакупніцкай здольнасці спажыўцоў. Колькі гэта будзе доўжыцца для некаторых галін, складана сказаць. Паступова яны будуць ажываць. Па прагнозах, хутчэй за ўсё з гэтай няпростай сiтуацыi выйдуць сістэма грамадскага харчавання і сектар бытавых паслуг, будаўнічая галіна і прадпрыемствы лёгкай прамысловасці. Запатрабаванымі будуць паслугі аўтасэрвісу, вытворчасці мэблі, забаўляльнай індустрыі.

З высокай доляй верагоднасці можна меркаваць, што ў рост пойдзе аграэкатурызм, якi ў мінулым годзе павялічыўся на 12 працэнтаў. Сёння ёсць неабходнасць у вытворчасці ўласных лекаў і прадуктаў харчавання. Падобныя прадпрыемствы будуць атрымліваць фінансавую падтрымку.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter