Как отмечают накануне Великого поста Запусты в Гродненском районе
У краінах заходняй Еўропы на гэтым тыдні стартавалі масленічныя карнавалы. У беларускіх каталікоў спрадвек існавалі свае незвычайныя традыцыі для гэтага часу напярэдадні Вялікага паста. Вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля РАМАНОВІЧ распавяла, якім чынам ў аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна традыцыйна святкавалі Запусты і Папялец.
На свята ў Адэльск
Як паведаміў нам Антон Казіміравіч Пясецкі (нажаль самага старэйшага жыхара не стала ў 2021 годзе), “нейкіх масавых мерапрыемстваў у нас “на запуске” не было, гэты абрад быў звычайным для нашай мясцовасці да пачатку 90-х, потым быў забыты, -- расказвае спецыяліст. -- Спраўляліся “запусты” ў “тлусты чвартэк”, за тыдзень да вялікага паста. У асноўным збіраліся кампаніямі моладзі, па-суседску, як кажуць хто з кім сябраваў, спявалі “людовыя песні”, танчылі, жартавалі.
У апошні аўторак перад “папельцом” (папелец у гэтым годзе 2 сакавіка), заўсёды танцавалі, дзяўчаты танчылі і кідалі грошы на талерку для музыканта. Лічылі, што якая дзяўчына дала больш грошай, тая першая выйдзе замуж у гэтым годзе. Па хатах весяліліся ўсе да самага ранку.
Адэльскія гаспадыні
-- Найбольш вядомай забавай гэтай пары года ў адэльчан былі так званыя «кулікі», -- дадае Наталля Рамановіч. -- Як распавяла нам Марыя Зігмундаўна Кандрусевіч (1939 году нараджэння), мясцовая жыхарка, «казалі «запрэгчы куліка» -- гэта калі амаль уся моладзь з вёскі на санях ездзіла ад адной хаты да другой, з жартамі і песнямі ўзаемна высмейваючы адно аднаго.
Сані абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі з галагонамі (інакш бубянцамі). У гэтую пару моладзь коўзалася з горак на санках, «маразянках» — абмарожаных кашах, лядзянках — вырубленых на рацэ кавалках лёду, на перавернутых і трохі падмарожаных лаўках. У Адэльску, заўсёды з гары абкатвалі новыя сані. Усцягвалі вялікія сані, палоззі якіх былі падбіты кованым жалезам, на гору, там садзіліся чалавек 10-20 «галава-ногі» і стрымгалоў ляцелі з гары. Толькі такія сані і будуць лёгкімі на хаду. Яшчэ качалі “балваноў” ці “бамбэлкаў” («снеговики»). Ездзілі на санях хлопцы і дзеўкі, і калі хлопцы перавярнуць дзяўчат, то хто на каго ўпадзе, той таго і цалуе, а калі не ўпадзе, то дзяўчаты білі іх сняжкамі”.
Запусты ў г.п.Сапоцкін
“Кулікамі” ці іншым спосабам, але і ў бяднейшых сем’ях лічылася абавязковым наведаць у запусты сваякоў і хросных бацькоў. Звычай дазваляў не спыняць “баляване” у дамах ажно да самага ранку, што асабліва цешыла моладзь. У гэты час гулялі і сапраўдныя вяселлі, лічылася, што хто вяселле гуляе ў апошнюю суботу, той будзе жыць доўга, багата і шчасліва.
Рэгіна Саловіч - носьбіт адэльскай кухні, за прыгатаваннем цымусу
Фото Натальи РОМАНОВИЧ