Цікава, адкуль пайшла традыцыя асвячаць вербы? Святар Андрэй Ламакін, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора, раскладае ўсё па паліцах:
— У Евангеллі напісана, як Гасподзь увайшоў на асле ў Іерусалім. Калі хтосьці з чытачоў газеты ўдумліва чытаў Евангелле, то памятае, што Ісус Хрыстос неаднойчы быў у Іерусаліме. Пытанне: чым жа гэты ўваход адрозніваецца ад астатніх? Калі мы паглядзім на абраз гэтага свята, то ўбачым на ім, як Ісус сядзіць на осліку, а ўсе людзі сцелюць перад ім сваё адзенне, зразаюць пальмавыя галіны і быццам высцілаюць імі царскую дарожку.
Кожны вернік тады ведаў прароцтва пра выратаванне. А менавіта тое, што Збавіцель прыйдзе, седзячы на сціплым осліку, а не на царскіх конях. Менавіта таму, высцілаючы галінамі пальмы дарогу Ісусу, яны быццам імправізавана выказвалі яму сваю пашану. З таго эпізоду і пайшла традыцыя асвячаць пальмавыя галіны. Але паколькі ў нашых шыротах няма пальмаў, а першымі вясной распускаліся заўсёды вербы, асвячалі іх.
— Які глыбокі сэнс у асвячэнні вярбы? Не ў тым, каб гэтая галінка давала нам дапамогу, плюсы і бонусы. Мы такім чынам, як і тыя людзі, выказваем пашану Хрысту, быццам таксама сцелем перад ім вярбу, — робіць акцэнт клірык.
Кожны, хто нясе ў дом асвячоную вярбу, такім чынам духоўна вітае Госпада.
Людзі чакалі ад Збавіцеля тое, чаго чакаюць ва ўсе стагоддзі: здароўя, камфорту, дабрабыту і дастатку. Так, Хрыстос вылечваў, карміў галодных, уваскрашаў памерлых. Такі выратавальнік усім быў зручны і патрэбны. Клірык працягвае:
— Але калі Хрыстос сказаў пра пакаянне ў грахах і пра тое, што прыйшоў не для таго, каб даць матэрыяльны дабрабыт, а каб даць жыццё вечнае, людзі сказалі, што ім такі Збавіцель непатрэбны. Менавіта таму духоўны сэнс свята хоць і ўрачысты, але паралельна з гэтым ён нагадвае пра пераменлівасць чалавечай прыроды.
Вербы можна набыць у Мінску на «Вербным кірмашы» за 1,5—3 рублі альбо за ахвяраванне ля храмаў. Пальмавыя галінкі абыдуцца ў 2 рублі.Галоўнае, па словах святара Андрэя Ламакіна, у тым, каб вернікі імкнуліся быць пастаяннымі ў любові да Госпада і блізкага свайго, што б ні здарылася:
— Гэта галоўная каштоўнасць свята. Калі так навучымся рабіць, то тады духоўна мы заўсёды будзем сустракаць Збавіцеля з галінамі, вітаць і ніколі яго не зможам распяць. Таму кожны, хто нясе ў дом, кватэру асвячоную вярбу, такім чынам духоўна вітае Госпада.
А што ж народны звычай біць вярбой? Лічыцца, што, маўляў, калі пасцябаць ёю чалавека, ён стане лепшы.
— Гэта паганскае ўяўленне пра свята. У такой звычцы нават ёсць неразуменне сэнсу асвечанай вярбы, — дзівіцца гэтай з'яве клірык. — Вы ж яе асвяцілі, як гэтым біць?
Каталіцкая царква таксама стараецца нагадаць вернікам, што сутнасць свята зусім іншая: вярба не проста сімвал, у гэтым ёсць вялікі духоўны сэнс. Ксёндз Юрый Санько, прадстаўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, кажа:
— Галінкі пальмаў, вярбы пасля свята будуць захоўвацца ў нашых дамах і кватэрах, у цэлым у сем'ях. Калі людзі ідуць з вербамі ў храмы, яны паказваюць дэкларацыю сваёй веры. Вельмі радасна, што ў гэтым годзе праваслаўныя і каталікі разам будуць адзначаць Вербную нядзелю. Гэта велізарная ўрачыстасць змяшаных беларускіх сем'яў.
alinakasel@gmail.com