— Настасся, хто прывіў вам любоў да літаратуры?
— Тата вельмі любіў кнігі, у нас дома іх многа. Помню, з якім трапятаннем прынёс мне свой любімы твор — «Графа Монтэ-Крыста» Дзюма. Так натхнілася прачытаным, што за тыдзень накрэмзала раман пра рыцара залатых плашча, маскі і капелюша. З прыдворнымі інтрыгамі, каханнем і прыгодамі. Акрамя таго, мяне рана запісалі ў бібліятэку. Вось з таго часу без кніг не магу. Кажуць, што пісаць варта толькі на той мове, на якой гаворыць душа. Мая дакладна гаворыць па-беларуску!
— Што натхніла на вершаскладанне?
— Аднойчы, чытаючы лірыку класікаў беларускай літаратуры, падумала: «А раптам і я змагу?» Першы верш напісала ў дзесяцігадовым узросце, называўся ён «Мая Беларусь». Ведаю яго на памяць і сёння, захоўваю сшытак, у які запісала калісьці. Маладзечанская беларуская гімназія (на той час называлася так) дала мне крылы. Там усе прадметы без выключэння выкладаліся на роднай мове. Там падтрымлівалі першыя творчыя спробы (выходзілі на старонках калектыўнага зборніка, што выдаваўся ў нашай установе адукацыі). Потым была радыёперадача «Першыя сцяжынкі», дзе ўпершыню прагучалі мае вершы. Яе аўтар Мікола Чарняўскі не толькі заўважыў ува мне тады нешта, але і пазней, праз шмат гадоў, згадзіўся напісаць уступнае слова да першай кнігі вершаў. У 1998 годзе адбылася публікацыя ў «Маладзечанскай газеце» — з акравершам, у аснову якога было пакладзена маё імя. Пажаўцелая ад часу выразка захоўваецца таксама. Вучылася ў Інстытуце журналістыкі БДУ. «Літаратурны рэдактар. Журналіст» — мая спецыяльнасць.
— Размеркаванне на адпрацоўку ў Камянец уваходзіла ў вашы планы ці ўсё ж хацелася жыць і працаваць у родным Маладзечне?
— Яно сталася поўнай нечаканасцю. Помню, як любімая выкладчыца падышла да мяне пасля размеркавання і сказала: «Не бойся, там добрыя людзі». І ведаеце, яна не памылілася! Пераезд зрабіў мяне… мной. Раней думала, што тугі па Радзіме не існуе, што яе прыдумалі паэты, каб было пра што пісаць. Але цяпер, калі я жыву за 400 кіламетраў ад Маладзечна, разумею, што яна ёсць. Яна — неад'емная частка мяне.
— Якія тэмы найчасцей закранаеце ў сваёй творчасці і чаму?
— Мяне вельмі натхняе даследаванне ўнутранага «я». Корпанне ў сабе, калі можна так сказаць. Люблю выказванне, знойдзенае недзе на прасторы інтэрнэту: «Калі капаешся ў сабе, то саджай што-небудзь». Вось я і стараюся саджаць. Прынамсі, півоні. Яшчэ лепшая крыніца натхнення — каханне без адказу, бо выварочвае душу. Шчаслівае каханне — гібель для паэта. Калі ўсё складваецца, нашто пісаць? Вершы лечаць, забіраюць боль і часам прадказваюць.
— Літаратурны гурток «Жарынка» — ваш аўтарскі праект? Чым славіцца аб'яднанне?
— Некалі наведвала заняткі літаб'яднання «Узлёт». Калі яно перастала працаваць, засумавала. Падумала тады: «Вось вырасту і сама адкрыю такі гурток для дзяцей, якія пішуць». Помню, як мне карцела падзяліцца сваёй творчасцю з тым, хто зразумее. Так і атрымалася.
Сябрам гуртка можа стаць любы школьнік з Камянца, які спрабуе пісаць мастацкія творы. Такіх мала, і іх цяжка знайсці, а яшчэ цяжэй — угаварыць прыйсці на заняткі. Я сама была такой. Але потым дзеці пачынаюць складаць вершы, і атрымоўваецца гэта вельмі проста, натуральна.— Калі выбіраць паміж ціхай вёскай і буйным горадам, што бліжэй да сэрца?
— Маленькі горад! Там усё ў пешай даступнасці, а я вельмі люблю хадзіць! Там цябе ведае кожны, ты ведаеш кожнага.
— Што дапамагае раскрыць душу праз паэтычнае слова?
— Здольнасць спалучаць гэтыя словы так, каб быў сэнс. Часам яна губляецца, і тады думаеш: «А раптам не вернецца?!» У мяне ўжо здараўся двухгадовы крызіс. І калі вершы вярнуліся, не было на свеце чалавека больш шчаслівага, чым я.
— Сёлета асаблівая дата: 80‑я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Якія думкі на шчымлівую тэму ў вас?
— У нас, дзякаваць богу, ёсць да чаго звярнуцца, шукаючы адказ на пытанне: «Як не дапусціць паўтарэння вайны?» Літаратура. На жаль, сведкаў тых далёкіх падзей амаль не засталося, але кнігі вечныя. Калі выдзяляць з іх тыя, што кранулі асабліва моцна менавіта мяне, то назаву «Блокадную книгу» Данііла Граніна і Алеся Адамовіча, «В списках не значился» Барыса Васільева і «Круглянскі мост» Васіля Быкава. Цяпер самы час перачытваць. Калі гаварыць асобна пра Вялікую Айчынную, то яна прыходзіць да мяне ў снах, падобных на кіно, з сюжэтам, персанажамі, а я нібыта назіраю за імі збоку. Прыходзіць з ніадкуль, неспадзявана, і сны становяцца… апавяданнямі.
— Якія творчыя планы?
— На дадзены момант поўнасцю мной сабраны зборнік вершаў. Ён знаходзіцца ў выдавецкім доме «Звязда» і, спадзяюся, хутка пабачыць свет. Зачытаю адзін з вершаў.
Калі гэта мая Беларусь,
Калі гэтыя рэкі, дубровы,
Сад і лес, каласоў перамовы,
Гонкі замак на ўзгор'і суровы
І камень, дзе прасечаны словы,
Што народжана тут Беларусь,
Калі гэта усё мне да скону
Богам дадзена, каб не забыць,
Каб цягнулася вечная ніць,
Каб узводзіць заўжды — не бурыць,
Тады я захаваю да скону
Каласы, галасы і крыніцы,
Гэты край, дзе за шчасце радзіцца.
Не патрэбен ніякі прымус,
Каб любіць, як жыццё, Беларусь.
ЗАМЕСТ ВІЗІТОЎКІ
Настасся НАРЭЙКА скончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, у 2009 годзе Інстытут журналістыкі БДУ. Працуе адказным сакратаром раённай газеты «Навіны Камянеччыны», кіруе літаратурным гуртком «Жарынка». Аўтар зборніка вершаў «Магдэбургскае права маёй душы», друкавалася ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Вожык», газеце «Літаратура і мастацтва», калектыўных зборніках «Кахаць і верыць», «ЛітАўра», «Сіла слабасці», «Скажы, што кахаю». Лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка.
rovdo@sb.by
Фота з архіва Настассі Нарэйкі