Нядаўна вядучы папулярнага культуралагiчнага праекта «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3» адзначыў прыгожы юбiлей — 75 гадоў. Мы далучаемся да шматлiкiх вiншаванняў у адрас творцы i сустракаемся з iм напярэдаднi чарговай святочнай вечарыны, гэтым разам у Вялiкай зале Дома лiтаратара. Юбiлейная сустрэча ў гонар Навума Якаўлевiча адбудзецца 9 лютага ў 17:00.
— Навум Якаўлевiч, па-першае, прымайце вiншаваннi! Цi адчуваеце, як бяжыць час?
— Для мяне гэта першая значная дата, я нават i ўявiць сабе не мог, што калiсьцi мне будзе столькi гадоў. А калi казаць сур’ёзна, то сапраўды не адчуваю сябе на гэты ўзрост. Дарэчы, пашчасцiла, што дзень нараджэння выпаў на суботу. З Полацка прыехала родная сястра, i мы ўсёй сям’ёй — жонка, сястра, сын, нявестка i ўнук — змаглi адзначыць свята ў цесным сямейным коле. А колькi званкоў было ў той дзень! І ў сацсетках, i ў месенджарах пiсалi, нават не паспяваў адказваць. Было вельмi прыемна, што такая колькасць людзей захацела мяне павiншаваць. Гэта тыя, з кiм я працаваў на працягу жыцця, i тыя, пра каго пiсаў i гаварыў, — героi маiх твораў, госцi «Суразмоўцаў», калегi па пiсьменнiцкай працы, журналiсты… Адзiн з самых нечаканых званкоў — ад старшынi Полацкага райвыканкама Ігара Марковiча, якi шчыра павiншаваў i запрасiў прыязджаць часцей. Крыху пазней, 17 студзеня, правёў творчую сустрэчу з чытачамi ў Нацыянальнай бiблiятэцы. Зараз намечана вечарына ў Саюзе пiсьменнiкаў. Напэўна, у лютым таксама зладжу сустрэчу ў Беларускiм таварыстве дружбы i культурнай сувязi з замежнымi краiнамi, дзе я больш за дзесяць гадоў з’яўляюся старшынёй таварыства «Беларусь — Арменiя».
— Шчыра кажучы, упершыню чую, што ў вас ёсць армянскiя каранi…
— Нiякiх роднасных сувязяў у мяне сапраўды няма. Беларускае таварыства дружбы пабудавана такiм чынам, што старшынямi пэўных таварыстваў там з’яўляюцца пiсьменнiкi, дзеячы культуры. Мне ў свой час выпаў гонар наладжваць сувязi з сонечнай Арменiяй. Цягам года праводзiм шэраг мерапрыемстваў, у тым лiку паэтычныя вечары, на якiх чытаем вершы, звязаныя з нашымi культурамi, пераклады, знаёмiмся з нацыянальнымi традыцыямi… Карацей, гэта такая грамадская дзейнасць, але на карысць нашай краiны, якая спрыяе сяброўству i ўзаемаразуменню.
— Паэт, тэле- i радыёвядучы, грамадскi дзеяч… Што з гэтых шматлiкiх заняткаў вам блiжэй за ўсё?
— Заўсёды адказваю, што адно з аднаго выцякае i адно з другiм звязана. Я не падзяляю сябе на гэтыя ролi: вось тут лiтаратура, напрыклад, а тут радыё цi тэлебачанне. Часткова ў журналiстыцы я прымяняю свае лiтаратурныя здольнасцi. І наадварот: лiтаратура напоўнена маiм вопытам журналiсцкiх вандровак, грамадскiх спраў.
Ведаеце, нядаўна ў Нацыянальнай бiблiятэцы на стэндзе, прысвечаным Янку Купалу, я ўбачыў яго анкету як дэпутата аднаго са з’ездаў Саветаў. На пытанне «Ваш род заняткаў?» Купала адказаў: «Лiтаратар». І гэта вельмi высокае азначэнне творчасцi — лiтаратар. Яно шырокае, аб’ёмнае i значнае.— У мiнулым тэлесезоне вы крыху змянiлi фармат «Суразмоўцаў» i зрабiлi акцэнт на гасцях з рэгiёнаў. Гэта патрабаванне часу?
— Адзначу таксама, што нашы гутаркi сталi больш адкрытымi, грунтоўнымi, зараз яны менш зацiснутыя ў рамкi пытанняў i адказаў. А што тычыцца вашага пытання, то ў мяне зараз стаiць задача адкрываць гледачам як мага больш цiкавых людзей. Па-першае, з рэгiёнаў. І па-другое, таленавiтую моладзь. Калi мы толькi задумвалi «Суразмоўцаў», планавалi рабiць гутаркi з людзьмi вядомымi, значнымi — мэтрамi i грандамi, якiя ўжо шмат зрабiлi для беларускай культуры i якiх добра ведаюць гледачы. Сёння яны па-ранейшаму застаюцца ўдзельнiкамi перадачы, але хочацца таксама паказаць моладзь, якая ўжо паспела зрабiць нешта значнае на карысць дзяржавы. У гэтых маiх маладых герояў ёсць патэнцыял, запал, яны шчыра любяць сваю Радзiму, мову, культуру. І вось кола менавiта такiх суразмоўцаў мы будзем старацца пашыраць.
— А як «Суразмоўцы» адгукаюцца на цяперашнiя палiтычныя, сацыяльныя падзеi? Бо гэта ў тым лiку запатрабаванне грамадства — i нават для культуралагiчных праграм.
— Канешне, мы адгукаемся. У праграмах заўсёды iдзе размова пра патрыятызм, маральную сiлу беларусаў, нашу слаўную гiсторыю, народную памяць i тыя рэчы, што з’яўляюцца духоўнымi скрэпамi, на якiх трымаецца грамадства. У шчырых гаворках госцi выказваюць адносiны да сям’i, мiру, Радзiмы — гэта той фундамент, на якiм грунтуецца сапраўдны патрыятызм.
— Што для вас значыць быць патрыётам?
— Аднойчы, калi я быў малады i жыў з бацькамi, у госцi прыйшоў знаёмы. Агледзеўшы сцiплую абстаноўку, стаў гаварыць, што ў нас досыць старая хата, не сучасная мэбля… І тут мяне ахапiла пачуццё сапраўднай крыўды. Таму што гэта — маё, наша, гэта рабiлi мае бацькi…
Дык вось, на мой погляд, патрыятызм пачынаецца ў першую чаргу з любовi да сваiх бацькоў, продкаў i самых звычайных рэчаў. Патрыятызм — гэта калi гаворыш, што твая вёска цi горад — самыя лепшыя. I твая Радзiма — самая лепшая. З маленства трэба ганарыцца i любiць тое, што навокал.І менавiта адтуль, з дзяцiнства, пачынаецца той высокi патрыятызм, якi далей развiваецца, калi чалавек набывае ўжо пэўныя веды. Нават калi ён едзе за мяжу, ён вязе туды любоў да роднай зямлi i ў першую чаргу да сваiх бацькоў, свайго народа.
— Здаецца, вы самы яскравы прыклад гэтых слоў, бо заўсёды, ва ўсiх iнтэрв’ю, услаўляеце родны Полацк, сваю малую радзiму.
— Памятаю, як мне сказалi калiсьцi: «Вось вы так апяваеце Полацк, але ж з’ехалi i не жывяце там». На што я адказаў: «Але ж гэта дзеля таго, каб як мага больш людзей палюбiлi мой Полацк; каб у мяне была магчымасць расказваць пра яго». Таму што ён заўсёды ў маёй душы, у маiх снах. Я прысвячаю яму вершы, творы, думкi… Ён са мной пастаянна, я не пакiнуў яго.
leonovich@sb.by