Захапленне мастацкай самадзейнасцю не перашкаджае творчым людзям быць аднымі з лепшых работнікаў у ААТ “Жураўлінае”.
НАГОДА была прыемная. Калектыў малочна-таварнага комплексу “Котра” стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод фермаў. Музычны падарунак падрыхтавалі свае артысты, сярод якіх асабліва вылучаўся ансамбль “Клепачанка”. Падчас кароткага перапынку знаёмлюся з яго ўдзельнікамі.
Кіраўнік калектыву Рыта Святленка распавядае, што калісьці жаночы вакальны гурт не меў нават назвы, але яго выступленні мясцовай публіцы надта падабаліся. Музычная адукацыя ёсць толькі ў Рыты Станіславаўны, па спецыяльнасці яна акампаніятар, прафесійна іграе на баяне, фартэпіяна ды іншых інструментах. Любіць спяваць. Пасябравала з такімі ж галасістымі жанчынамі, якія працуюць у мясцовым ААТ “Жураўлінае”. На калектыўным сходзе прыдумалі імя для ансамбля — “Клепачанка”, узяўшы за аснову назву свайго аграгарадка.
У рэпертуары як народныя песні, так і эстрадныя хіты. Ні адна падзея, якая праходзіць на тэрыторыі “Жураўлінага”, не адбываецца без удзелу папулярнага калектыву. Дзень вёскі, “Дажынкі”, прафесійнае свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, Новы год, Каляды... Да кожнай імпрэзы “Клепачанка” рыхтуе непаўторную праграму.
Для Рыты Святленка сваякі — адны з самых удзячных гледачоў. Яе муж Сяргей працуе ў гаспадарцы слесарам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Калі мае час, абавязкова бывае на канцэртах. У захапленні ад выступленняў мамінага калектыву дачушка Каця і сынок Рома. Дзяўчынка вучыцца ў школе, з ахвотай наведвае дзіцячы калектыў “Сонейка”, які працуе пры Доме культуры. Ромка сёлета пойдзе ў першы клас. Ён таксама марыць пра які-небудзь творчы гурток.
Без “Клепачанкі” не ўяўляе свайго жыцця адна са старэйшых удзельніц ансамбля Таццяна Кунда. Яна працуе аператарам па штучным асемяненні кароў на малочна-таварным комплексе “Сухопаль” і шмат гадоў выступае ў папулярным калектыве. Яшчэ адна яго ўдзельніца Валянціна Ананька па прафесіі ветурач. На свінагадоўчым комплексе “Жураўлінага” яна адна з самых вопытных і адказных работнікаў. А ў ансамблі — самабытная спявачка.
Вельмі таленавітая, па водгуках гледачоў, і Таццяна Гаўрылава, бухгалтар гаспадаркі. Прыгажуня, валодае цудоўным голасам. Пенсіянерка Любоў Гугнюк, бадай, самая вопытная ў ансамблі. Без яе ўдзелу ў Клепачах і навакольных аграгарадках ды вёсках не праходзіць ні адно мерапрыемства.
У Доме культуры аграгарадка Клепачы працуюць некалькі папулярных калектываў. Акрамя “Клепачанкі”, упрыгожаннем кожнай імпрэзы па праве лічацца вакальная студыя “Рытм”, ансамбль “Добры настрой”, дзіцячы эстрадны гурт “Дамісолька”, клас народнай творчасці па вышыўцы “Іголачка”... Усяго ў іх займаецца больш за сто чалавек. Заняткі, рэпетыцыі ахвотна наведваюць дарослыя і дзеці. Любы канцэрт у Клепачах могуць арганізаваць уласнымі сіламі, з багатай і разнастайнай праграмай.
НАМЕСНІК дырэктара ААТ “Жураўлінае” Зінаіда Усік лічыць, што гаспадарцы пашанцавала на творчых людзей. Таму калектывы, дзякуючы якім культурнае жыццё становіцца ўсё больш цікавым і разнастайным, падтрымліваюць пры любой магчымасці. Нядаўна аднавілі гардэроб у Доме культуры. Заўсёды дапамагаюць транспартам. Выдзяляюць сродкі на абнаўленне касцюмаў, іншыя патрэбы.
Ну а тое, што работнікі ўдзельнічаюць у культурным жыцці, можна толькі вітаць. Штодзённыя клопаты не перашкаджаюць мясцовым творцам і гаспадарцы ў цэлым дасягаць усё новых працоўных вышынь.
kurets@sb.by
Фото Аляксандра КУРЦА.