Асартымент ягад уражвае, а цэны не кусаюцца.
На «Камароўцы» з раніцы шматлюдна: гараджане спяшаюцца закупіцца свежымі ягадамі, садавіной і гароднінай. Ранні ўраджай грыбоў Таццяна Шабашова, загадчыца лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук, тлумачыць спрыяльнымі ўмовамі надвор’я:— Так, у гэтым годзе грыбы пайшлі рана, але гэта не анамалія. З’яўленне першых баравікоў, падбярозавікаў адбылося з-за камфортнага надвор’я — грыбы любяць, калі цёпла і вільготна. Нядаўна якраз пасля доўгай засухі пайшлі дажджы. Але на Віцебшчыне яшчэ грыбоў няма — там для іх занадта холадна. Звычайна ж першыя грыбы з’яўляюцца ў нашых лясах толькі ў сярэдзіне чэрвеня.
Паводле прагнозу спецыяліста, грыбоў будзе шмат, калі ў краіне ўсталюецца цёплае надвор’е з рэгулярнымі дажджамі.
— Першыя лясныя суніцы! Апошняя шкляначка засталася, за 5 рублёў прадам. У Любанскім раёне сабрала, — гучыць чарговая прывабная прапанова.
Сёлета гэта першыя суніцы. У цэлым асартымент ягад ужо ўражвае, а цэны не кусаюцца. Патаннелі беларускія клубніцы: за кілаграм просяць ад 5 да 6 рублёў. У асноўным прывозяць ягады прадаўцы з Драгічына, Пінска і Століна. Упала цана і на чарэшню: з 25—40 рублёў за кілаграм да 14.
З учарашняга дня на рынку можна знайсці маладую беларускую бульбу. Прычым каштуе яна танней, чым імпартная, якую вязуць да нас з Украіны ці Азербайджана.
— 2,19 рубля за кілаграм! — агучвае цану прадавец.
Цэлы рад прылаўкаў акупіравалі прадаўцы свежай зеляніны і агуркоў — амаль усе таксама з Брэсцкай вобласці. 1,40—2 рублі яны просяць за кілаграм агуркоў, ад 50 капеек — за 100 грамаў зялёнай цыбулі, рубель — за 200 грамаў шчаўя.
matuzova@sb.by