Папера, нажніцы і натхненне — на першы погляд, усё, што патрэбна для стварэння гэтай кампазіцыі. Ажурныя фіранкі традыцыйна ўпрыгожвалі сельскія хаты, а на вокнах падчас Каляд і зараз з’яўляюцца белыя сняжынкі. Аднак беларускія майстры развілі традыцыю, распрацавалі аб’ёмныя мадэлі, перанеслі трафарэт на тканіну або посуд. Не так даўно Міністэрства культуры надало элементу «Беларускае мастацтва выцінанкі» на тэрыторыі Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай (Бабруйск, Горкі, Крычаў, Магілёў), Мінскай абласцей і Мінска новы статус — гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. З дапамогай прадстаўнікоў культурнай сферы Гомельшчыны і Магілёўшчыны разбіраліся, чым адметны гэты від творчасці.
Народны майстар з вёскі Канатоп Нараўлянскага раёна Юлія Каўрус.
Мастацтва выцінанкі стала другім пасля саломапляцення «комплексным», распаўсюджаным па ўсёй рэспубліцы элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, адзначыла вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, магістр мастацтвазнаўства Ірына Глушэц. Цікавыя назвы, якія распаўсюджаны ў народзе для гэтага віду творчасці: апроч асноўнага, таксама выразанка, выбіванка, выстрыганка.
— Папяровыя фіранкі на вокнах, абклады на абразах, узоры на сценах і мэблі былі папулярныя пасля вайны ў вёсцы, — прыводзіць цікавы факт Ірына Валер’еўна. — Жанчыны рабілі іх, каб упрыгожыць хату на Раство ці Вялікдзень. Выкарыстоўвалі паперу, бо яна была танная.
Бывала, што ўзоры выразалі нават з газеты. У краіне захавалася не так шмат старажытных узораў гэтага віду народнай творчасці — нетрывалы матэрыял падвёў. Калі выцінанка мела непрывабны выгляд, то яе замянялі на новую, захоўваць старыя не мела сэнсу, бо іх стваралі адносна лёгка і хутка. Таму вельмі складана прасачыць рэгіянальныя асаблівасці.
Даследчыкі кажуць аб адраджэнні гэтага віду народнай творчасці ў апошнія два дзесяцігоддзі. Адыход ад практычных і ўтылітарных функцый, набыццё ўласнай мастацкай самакаштоўнасці, імкненне і здольнасць адлюстраваць любую тэму прывялі да іншага стаўлення да яе. Цяпер гэта аб’ект музейных калекцый, выстаў народнага мастацтва, арыгінальны падарунак і сувенір.
Захапленне выцінанкай пачалося з дзяцінства, узгадвае яна. Першыя навыкі выразання пераняла ад бабулі. У мастацкай школе пашчасціла навучацца ў выдатнейшага настаўніка — Вікторыі Чэрвонцавай. Вікторыя Мікітаўна падтрымлівала маладога майстра ў імкненні ўдзельнічаць у конкурсах і выставах, развіваць свой талент. Юлія скончыла дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне Маладзечанскай музычнай вучэльні імя М. К. Агінскага.
— Усё пачыналася са звычайнай каляровай паперы, — падзялілася майстар. — Але зараз часцей выкарыстоўваю больш прафесійныя матэрыялы. Мне падабаецца ў гэтым відзе творчасці момант нечаканасці. Калі выразаеш, выкарыстоўваецца метад складання паперы. Ідэя адна, а калі бачыш распраўлены ўзор, ён выглядае крыху інакш. Але, мо, гэта і лепш. Адна работа можа быць эскізам, які падштурхнуў да нейкай ідэі. І ты распрацоўваеш яе ў наступнай, больш складанай.
— Атрымліваюцца тонкія карункі выразанак з цікавымі сюжэтамі, — дадае субяседніца. — Выбіраю сюжэты з беларусскай міфалогіі, гісторыі, перадаю маляўнічыя краявіды нашай краіны з яе архітэктурай, пейзажамі, жывёльным светам. Цікава таксама адлюстроўваць побыты і абрады сельскіх жыхароў, прыгожыя легенды і паданні. На выставах і майстар-класах можна не толькі паглядзець карціны, пазнаёміцца з тэхнікай выразання, але і паслухаць цікавыя гісторыі аб сюжэтах работ. Атрымліваюць незабыўныя ўражанні як дзеці, так і дарослыя людзі.
У творчасці ўсіх сучасных майстроў-выцінаншчыкаў, нягледзячы на разнастайнасць тэм і прыёмаў, прасочваецца сувязь з традыцыяй, асобна адзначыла Ірына Глушэц. Выкарыстоўваюцца і глыбока філасофскія сюжэты.
— Кожны чалавек можа займацца выцінанкай, выразаць кветкі, рабіць закладкі ў кніжкі, пано ў інтэр’еры, — падсумавала яна. — Для гэтага не абавязкова мець надзвычайныя здольнасці.
Старажытнаславянскім відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, для якога характэрна наяўнасць свайго матыву ў кожнага народа, але ў асноўным гэта сюжэтныя і арнаментальныя кампазіцыі, таксама займаюцца і магілёўскія майстры. У Магілёўскай вобласці ў кожным з 17 дамоў, цэнтраў рамёстваў выцінанка з’яўляецца альбо асобным напрамкам дзейнасці, альбо развіваецца ў клубных фарміраваннях пры гэтых установах, а таксама ў дзіцячых школах мастацтваў, патлумачылі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Адна з найбольш таленавітых носьбітаў гэтай традыцыі на Магілёўшчыне — Наталля Бярнадская. Мы паразмаўлялі з народным майстрам выцінанкі з Крычава, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і міжнароднага клуба «Папяровыя традыцыі». Наталля Мікалаеўна выкладае ў Крычаўскай дзіцячай школе мастацтваў, яна двойчы стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Для нашага рэгіёну характэрна шматкаляровая выцінанка, — адзначыла майстар. — Я асабіста люблю выразаць фіранкі, упрыгожанні на вокны, асабліва навагоднія, сняжынкі і розных герояў, якія сочаць за снегападам, напрыклад катоў. А таксама аб’ёмныя выцінанкі: ёлкі і ёлачныя ўпрыгожанні.
Самі за сябе кажуць яе работы. Кветкі, жар-птушка і галубы, жніво і каласы... Традыцыйныя прыёмы спалучаюцца з дасканалай тэхнікай прафесійнага мастака.
— У Магілёўскай вобласці гэты від творчасці прадстаўляюць больш за 20 майстроў і ўмельцаў, — падсумавала вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы Крысціна Башарымава. — А па ўсёй краіне носьбітамі беларускага мастацтва выцінанкі з’яўляюцца каля 100 майстроў.
Дарэчы, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў нашай краіне маюць таксама некаторыя каляндарна-земляробчыя абрады, песенныя стылі, традыцыя пакланення каменным крыжам, лясное бортніцтва.
yasko@sb.by
Фота з архіва Юліі Каўрус, Наталлі Бярнадскай, Крысціны Башарымавай