Заўтра ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Нацыянальная мова з’яўляецца адным з найважнейшых складнікаў грамадзянскага і патрыятычнага выхавання. Да таго ж яна выступае не толькі ў якасці сродку камунікацыі, але і галоўнага элемента культуры, сімвала нацыянальнай свядомасці, падмурка нацыянальнай ідэнтыфікацыі, гістарычнай памяці, сродку захавання і перадачы сацыяльнага вопыту, а значыць і асновай кансалідацыі нацыі.
Фото из архива «СБ»
У чым асаблівасць беларускай мовы і што неабходна рабіць, каб прасоўваць яе ў грамадства? Ці ёсць зацікаўленнасць роднай мовай моладдзю і як папулярызуецца наша мова сёння?.. Пра гэта і не толькі на круглым стале пад назвай «Патрыятызм праз мову: любоў да Радзімы пачынаецца з маленства» паразважалі беларускія навукоўцы, журналісты, паэты і пісьменнікі.
На пачатку дыскусіі прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў нагадаў пра Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, адным з аўтараў якога ён з'яўляўся:
– Перш за ўсё, калі мы разважаем пра родную мову, то закранаем пытанні выхавання, фарміравання духоўнасці і народа. У 2008 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. І сёння мы ўжо бачым яго вынікі. Нездарма Прэзідэнт, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, адзначыў, што Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” – гэта беспрэцэдэнтны крок у гісторыі развіцця суверэннай Беларусі. Мінула ўжо больш за 10 гадоў, і мы бачым, наколькі гэты Закон спрацоўвае ў грамадстве. Да таго ж, на працягу трох апошніх гадоў я займаўся даследваннем таго, як нашы сродкі масавай інфармацыі (а калі казаць шырэй – камунікацыі) рэалізуюць асноўныя палажэнні гэтага Закона. Да якой высновы я прыйшоў? Тая папярэдняя праца і тыя гады, якія былі прысвечаны беларускаму правапісу, паказваюць, што амаль усе палажэнні і асноўныя патрабаванні ў стопрацэнтным выглядзе нашымі сродкамі масавай інфармацыі выконваюцца.
Моладзь сёння таксама далучаецца да каштоўнасцей нашага народа, упэўнены Віктар Іванавіч:
– Але ж дзе пачынаецца родная мова? У сям’і? У школе? Ва ўсвядомленым узросце?.. Тое, што акаляе чалавека, тое, што для яго блізкае і роднае – менавіта з гэтага, на маё гледжанне, і нараджаецца той самы высокі патрыятызм. І не трэба біць сябе ў грудзі, каб праявіць гэты патрыятызм. Ён побач. Яго трэба праяўляць, па-першае, у адносінах да людзей.
Думку Віктара Іванавіча працягнуў дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа», кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў:
– Згодны з тым, што патрыятызм праз мову павінен пачынацца з сям’і, з маленства. Усё гэта ўзаемазвязаныя паняцці.
Распавёў Ігар Лявонавіч у тым ліку і пра мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Нацыянальнай акадэміі навук:
– Зараз мы праводзім чарговы конкурс рэспубліканскага маштаба па выхаванню патрыятызма, прысвечаны Году міра і стварэння. У конкурсе ёсць намінацыя “Мова маёй зямлі”. Прыемна адзначыць, што ў ёй надзвычай актыўна прымаюць удзел усе грамадзяне нашай краіны. Малодшаму удзельніку ўсяго 6 гадоў, старэйшаму – 96. Людзі дасылаюць нам вельмі цікавыя творчыя працы, якія прысвечаны нацыянальнай тапаніміі, антрапаніміі, народным гаворкам.