– Апошнім часам мы пачалі пераасэнсоўваць кніжныя помнікі не толькі ў дачыненні да факсімільных выданняў, але ў цэлым да працы з кніжнай спадчынай. І ў практыцы, і на тэарэтычным узроўні сталі раскладаць ідэю, дзеля чаго нам вяртаць гістарычныя каштоўнасці ў Беларусь, займацца іх вывучэннем, апісаннем, алічбоўкай, — Алесь Суша ўзгадвае пытанне, якое стала вельмі актуальным…
Насамрэч у Беларусі захавалася зусім невялікая частка нацыянальнай кніжнай спадчыны. У адрозненне ад архітэктурных помнікаў, якія цяжка перанесці ў іншае месца, кніжныя цярпелі ў першую чаргу. Яны і гараць, лёгка вывозяцца, законна ці незаконна выкупляюцца. Многія фонды панішчаны падчас войнаў.
Алесь Суша прыводзіць даведку:
— Напрыклад, перад пачаткам Другой сусветнай у нашых фондах было каля двух мільёнаў дакументаў (кніг, газет, часопісаў), а па яе завяршэнні засталося дзесьці 320 тысяч (16 працэнтаў ад першапачатковай колькасці). Прычым вывезены або знішчаны на месцы былі самыя каштоўныя рэчы, і толькі невялікая частка вярнулася назад. Адпаведна, мы можам жаліцца на цяжкі лёс, можам спрабаваць прэтэндаваць на вяртанне і прадпрымаць альтэрнатыўныя крокі кшталту факсімільнага выдання, алічбоўкі, але толькі ў тым выпадку, калі пра гэтую спадчыну будуць ведаць.
Кнігазнаўца прывёў прыклад 90-х гадоў, калі пра фонды Нацыянальнай бібліятэкі многія мелі слабае ўяўленне. Напрыклад, ладзіліся паездкі ў той жа Лондан, каб паглядзець кнігі Скарыны, хоць яны прысутнічалі ў сваіх фондах.
— І гэта не толькі праблема грамадства, але найперш наша, — расстаўляе акцэнты суразмоўца. — Бібліятэка недастаткова старалася для таго, каб зрабіць фонды даступнымі, вядомымі. Каб тыя каштоўнасці, якія ў нас ёсць, былі запатрабаваныя. Тыя ж кнігі Скарыны ў 1925 годзе куплены ў Ленінградзе, бо 100 год таму ніводнай з іх ужо не засталося ў Беларусі. Але праз нейкі час пра гэта многія забыліся, спадчына першадрукара сышла з глыбокага грамадскага абмеркавання.
Навукоўца ўпэўнены, што для грамадства важна не так фізічная прысутнасць кніжных помнікаў у прасторы Беларусі, а іх ментальны, ідэйны вобраз у свядомасці. Не так важна і месца захоўвання. У дзяржаўных зборах краіны толькі дзесяць кніг Скарыны, а ў Расіі — больш за 300. І трапілі яны туды ў даўнія часы на легальных умовах. Да расіян — ніякіх прэтэнзій. Наадварот, дзякуем, што захавалі. Экспанаваць не праблема. Шмат важней, ці ёсць цікавасць да гэтай тэмы ў грамадстве.
— Як аказалася, ёсць. Калі правільна падаць, разрэкламаваць, заахвоціць. Да 500-годдзя кнігадрукавання на выставу «Францыск Скарына і яго эпоха» мы прывезлі 61 кнігу першадрукара з пяці краін свету. Экспазіцыі, прысвечаныя Бібліі, Скарыну, Буквару, збіралі дзясяткі тысяч наведвальнікаў літаральна за месяц. Гэта для нас быў вельмі яркі досвед. Зразумелі, што менавіта ў гэтым кірунку трэба працаваць — на грамадства, а не на паліцы, — абагульняе даследчык.
Кніжны дыямент краіны — Нацыянальная бібліятэка Беларусі — вынаходзіць розныя ідэі, каб зацікавіць наведвальніка. Напрыклад, выстава «Беларускі Буквар» пра ўсе чатыры стагоддзі яго гісторыі. Арганізатары паказалі першыя падручнікі і давялі гісторыю ажно да нашых дзён. Госці ахвотна шукалі сваю першую кніжку, якая злучыла розныя пакаленні. Асабліва зацікавілі Буквары першых гадоў савецкай улады.
— Гэта быў залаты век беларускай букварыстыкі. Тады штогод выдавалася літаральна па 10 Буквароў, альтэрнатыўных, для розных катэгорый насельніцтва і на розных мовах — беларускай, рускай, літоўскай, польскай, ідышы. Натуральна, яны адрозніваліся зместам, формаю, акцэнтамі. Мяняліся і каштоўнасці ў іх. У першых дамінуюць хрысціянскія, і гэта зразумела, бо адукацыя таго часу грунтавалася на хрысціянскай традыцыі, а ў савецкі перыяд месца рэлігіі занялі лозунгі, ідэі сацыялістычнага грамадства, камуністычнай партыі, звесткі пра палітычных дзеячаў, — расстаўляе акцэнты Алесь Суша.
Па прызнанні даследчыка, змест некаторых Буквароў сёння выклікае жах. Але гэта адлюстраванне эпохі: «У нашым Савецкім Саюзе налічваецца звыш 50 000 цэркваў, яны маюць 150 тысяч штук званоў. Гэта складае 137 097 тон медзі і 24 193 тоны волава. З гэтага металу мы зробім трактары, паравозы. Метал званоў пойдзе на параходы і аэрапланы». І на гравюры мы бачым звезеныя званы, якія грузяцца ў вагоны на шляху да пераплаўкі. Такія рэчы пра многае сведчаць. У Букварах ва ўсе часы ў сканцэнтраванай форме сабраны важнейшыя каштоўнасці грамадства. Гэта вельмі сімвалічная кніга, якую субяседнік ставіць нават у адзін шэраг з Бібліяй і Канстытуцыяй.
— Узгадваю і яшчэ адну грандыёзную выставу «Буквары народаў свету», прывезеную ў значнай ступені з-за мяжы, амаль 1500 падручнікаў на 600 мовах свету. Праз іх удалося паказаць квет каштоўнасцей усёй чалавечай цывілізацыі. Што важна, гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы прайшлі да 400-годдзя беларускага Буквара. Навукоўцы з 25 краін свету з’ехаліся на вялікую канферэнцыю. Аўтары сучасных Буквароў правялі майстар-класы. Плюс шэраг выдавецкіх праектаў, адукацыйныя праграмы, сустрэчы, лекцыі, выступленні. Шырока падтрымалі тэму сродкі масавай інфармацыі. Гэта і ёсць спроба зацікавіць грамадскасць, наблізіць да культурнай спадчыны, патлумачыць каштоўнасць і сутнасць… Гэта і ёсць — працаваць не для паліц. І самае важнае, што ўдалося зрабіць, — беларусы пачалі асэнсоўваць: нам ёсць чым ганарыцца. Мы прыдумалі тэрмін Буквар, па якім вучацца многія народы свету.
— Менавіта вы аўтар ідэі, што беларускі «Буквар» першы ў свеце. Адшукалі яго ў лонданскай бібліятэцы і праініцыявалі факсімільнае аднаўленне…
— Гадоў 12—15 таму мы працавалі над зводным каталогам «Кніга Беларусі», прысвечаным якраз беларускай кнізе незалежна ад месца захоўвання, пачынаючы ад часоў Скарыны да нашых дзён. Я заўважыў выданне, якое для мяне падалося вельмі незвычайным і нечаканым — гэта «Буквар», які фактычна па часе ці не самы першы ў свеце з такой назваю. У пераважнай большасці энцыклапедый, падручнікаў, манаграфій, навуковых даследаванняў напісана, што гісторыя Буквара пачынаецца ад дзейнасці магілёўскага выдаўца, друкара Спірыдона Собаля, які ў 1631 годзе выдаў адпаведную кнігу. У Оршы каля Куцеінскага манастыра ў гонар гэтай падзеі ўсталяваны памятны знак. І тут я бачу кнігу, якая датуецца больш раннім часам і мае, здаецца, назву «Буквар». Здаецца, бо вельмі складана было ідэнтыфікаваць. Па вялікім рахунку, як я зразумеў: ніводны з беларускіх даследчыкаў не меў магчымасці пабачыць гэтую кнігу на ўласныя вочы, таму ў навуковай прасторы яна заставалася напаўміфічнай або наўпрост адсутнічала. І ўжо намнога пазней, у 2015 годзе, калі мы актыўна працавалі над праектам па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, я наведаў Лондан і паралельна азадачыўся пытаннем: ці няма магчымасці пабачыць той самы беларускі «Буквар». Па вельмі лаканічных апісаннях, якія мне атрымалася знайсці, ён якраз знаходзіўся ў Лондане ў прыватнай бібліятэцы таварыства лонданскіх юрыстаў Мідл Тэмпл. Фактычна паўзакрытая бібліятэка, да якой дабрацца дапамагла Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, у прыватнасці тамтэйшыя даследчыкі і вельмі паважаныя ў Брытаніі людзі. Найперш заручыўся падтрымкаю Джыма Дынглі — вядомага беларусіста, брытанскага выкладчыка, прафесара. Я пабачыў тое, што хацеў: кніга пад назваю «Буквар», якая датуецца 1618 годам, існуе. Гэта стала для мяне вялікім персанальным адкрыццём, ідэя «Буквара» засела ў галаве. Набліжалася яго 400-годдзе. Тады мы задумаліся: чаму б не адсвяткаваць? Хоць юбілей не стаяў у планах і дзяржаўных праграмах, не было ініцыятыў з боку грамадскіх ці навуковых арганізацый, мы вырашылі паспрабаваць…
— І атрымалася грандыёзнае свята з цікавымі праектамі, экспазіцыямі і чытаннямі. Да таго ж створана факсімільнае перавыданне першага ў свеце «Буквара».
— Сапраўды. Адны мы такую падзею наўрад ці адолелі б. На добрую ідэю адгукнуліся партнёры, спонсары. Менавіта такі фармат апошнім часам мне падаецца вельмі ўдалым для рэалізацыі культурных праектаў, калі да іх далучаюцца ўстановы бізнесу ці прыватныя кампаніі. Вельмі шчыльна працавалі з Белінвестбанкам. Замежная ініцыятыва — ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, цэнтральны офіс якога якраз знаходзіцца ў Лондане. У тым ліку наш праект займеў вялікую падтрымку ад Міністэрства замежных спраў і асабліва беларускага пасольства ў Вялікабрытаніі. Міністэрства адукацыі замовіла навуковае даследаванне «Буквара», далучыліся навукоўцы з БДУ. Супольнымі намаганнямі ўсё атрымалася.
— Вы вядомы скарыназнаўца, напісалі пра першадрукара дзясятак кніг, адкрылі многа новых фактаў. Чаму зацікавіліся біяграфічнай і кніжнай спадчынай менавіта Францыска Скарыны?
— Як і ў выпадку з Букваром, усё атрымалася амаль выпадкова. Ніколі не думаў, што буду займацца на глыбокім узроўні Скарынам і яго спадчынаю. Па адукацыі і кірунку навуковых заняткаў я культуролаг. Пастаянна завітваў у Нацыянальную бібліятэку яшчэ студэнтам, а ў 2004 годзе быў запрошаны на працу ў аддзел рэдкай кнігі. Ведаў, што кнігі Скарыны тут захоўваюцца, бачыў іх нячаста, толькі на выставах. Быў знаёмы з цудоўнымі працамі Яўгена Неміроўскага і Георгія Галенчанкі — двух класікаў, знакамітых скарыназнаўцаў, якія шмат зрабілі для вывучэння гістарычнага шляху нашага першадрукара і яго спадчыны. Пасля іх немагчыма нават адно новае слова сказаць. Не я адзін так думаў. Пасля вялікага буму даследаванняў і іншых ініцыятыў у 80-х — пачатку 90-х, калі святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння першадрукара, фактычна тэма замёрла. Пра Скарыну амаль перасталі абараняць дысертацыі, пісаць манаграфіі, праводзіць выставы, сустрэчы, канферэнцыі, тэма перастала гучаць. Мне падаецца, тут дзве прычыны. Па-першае, сапраўды шмат было зроблена. Прасцей кажучы, патрабавалася аддаць паўжыцця, каб адкрыць хоць адно новае слова. Я ўпэўнены, што менавіта таму амаль ніхто з даследчыкаў не хацеў займацца гэтай тэмай. Другая прычына: Скарына стаў недасягальна святым. Ён ператварыўся ў міфічнага героя на занадта высокім п’едэстале — забранзавелы класік, які праз гэта перастаў быць цікавым.
ТЫМ часам набліжаўся юбілей беларускага кнігадрукавання. У каардынацыйным плане — больш за 500 мерапрыемстваў. Тэатральныя конкурсы, навуковыя праекты, канферэнцыі, сустрэчы, паездкі па краінах, «круглыя сталы». Усяму стрыжань — факсімільнае ўзнаўленне спадчыны Скарыны. Працоўная тэма для Алеся Сушы стала навукова-прафесійнай, а задача перарасла ў глыбокую зацікаўленасць. З афіцыйных папер, планаў, тлумачэнняў пачалі складвацца больш грунтоўныя тэксты, якія сталі кніжкамі…
Пытаюся, што спадару Алесю і яго камандзе ўдалося дасягнуць у скарыназнаўстве? Упершыню зрабілі сістэматычны ўлік усіх вядомых асобнікаў Скарыны з вельмі дэталёвым аналізам, апісаннем асаблівасцей і характарыстык кожнага. Стварылі выключна каштоўную электронную калекцыю «Скарыніяна». Яшчэ адна заслуга — некаторае ажыўленне Скарыны, пра яго ў шырокім доступе з’явіліся зразумелыя кнігі. Навуковыя працы пісаць шмат прасцей, чым расказаць пра гэтае пытанне папулярна.
— Можа быць, трошкі дапамагло, што ў мяне дзеткі малыя, адпаведна ў размовах з імі адпрацоўваліся мова і стыль падачы матэрыялу, — раскрывае карты даследчык.
Карацей, многа зроблена для пераходу Скарыны ў народ, расказалі пра яго як пра чалавека, які жыў, кахаў, меў жонку і дзетак. Па сутнасці, ён выконваў вельмі рызыкоўны інвестыцыйны праект, знайшоў на гэта грошы, працаваў са спонсарамі, рабіў абгрунтаванне свайго бізнес-плана. Канкрэтна рызыкаваў, за пазыкі брата трапіў у турму, быў завязаны ў вельмі сур’ёзныя інтрыгі дзяржаўнага ўзроўню.
— Я дайшоў нават да вельмі «непрыстойных» абагульненняў, на якіх дагэтуль стаю і магу абгрунтаваць: Скарына быў дыверсантам і шпіёнам. Словам, мы паказалі асветніка з розных бакоў — як рэальнага чалавека, які зрабіў вялікую справу, а калі так, то ён не проста цікавы, але і становіцца прыкладам для іншых. Вялікі педагагічны патэнцыял Францыска Скарыны не толькі ў кнігах, але і ў прыкладзе яго жыцця, — падагульняе Алесь Суша.
— Ці вядомы нашчадкі Скарыны — нашы сучаснікі?
— Праблема ў тым, што Францыск Скарына не быў шляхцічам, адпаведна яго радавод вельмі складана прасачыць, ды і полацкія дакументы таго часу вельмі слаба захаваліся. Верагодна, першадрукар быў звязаны з бернардынскім ордэнам у Полацку, і, магчыма, па бернардынскіх і часткова віленскіх архівах штось атрымаецца знайсці. Род Скарынаў быў вядомы ў Полацку ў XVI—XVIII стагоддзях. Хутчэй за ўсё яго дзеці адсюль з’ехалі, але, верагодна, засталіся нашчадкі брата, больш аддаленая радня. Прозвішча Скарына было распаўсюджана не толькі ў Полацку. Сёння яно сустракаецца на Полаччыне, Гомельшчыне і ў іншых мясцінах Беларусі.
— Вы ўзначальваеце Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, якая аб’ядноўвае беларусазнаўцаў свету незалежна ад іх паходжання.
— Для мяне вялікі гонар узначаліць яе пасля такога навукоўца, знакамітага дзеяча і выключнага чалавека, як Адам Восіпавіч Мальдзіс, ён кіраваў арганізацыяй 15 гадоў. Пасля на гэтай пасадзе былі Сяргей Запрудскі і акадэмік Міхаіл Касцюк. Міжнародная асацыяцыя беларусістаў дзейнічае амаль тры дзесяцігоддзі, праводзіць міжнародныя кангрэсы, згуртоўвае даследчыкаў па ўсім свеце. Асабліва шмат іх аказалася ў блізкіх да нас суседніх краінах — Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў Вялікабрытаніі, Германіі, Венгрыі, ЗША, Канадзе... Беларусазнаўцы вельмі зацікаўлены ў кантактах між сабою, абмене інфармацыяй, магчымасці сабрацца на супольных вялікіх кангрэсах.
— Ведаю, калі прыступалі да старшынёўства, мелі на мэце ўдасканаліць арганізацыю, так бы мовіць, памяняць яе стыль працы.
— Гэта арганізацыя навукоўцаў, яна даволі артадаксальная па сабе. Сур’ёзна яе не зменіш, не трансфармуеш, але некаторыя новыя моманты заўжды можна адладзіць. Зараз асацыяцыя трошку амаладзілася і памяняла формы працы. Развіваем сферу сацыяльных сетак, якія сапраўды адкрылі новыя магчымасці для кантактаў, абмену, інфармавання. Вялікую ролю іграюць міжнародныя двухбаковыя канферэнцыі і сустрэчы. Падабаецца, што асацыяцыя ўключана ў вялікія і важныя грамадскія працэсы. Дабрацца да таго ж першага «Буквара» было б проста нерэальна без МАБу. Гэта выключны рэсурс, які можа адыграць вялікую ролю ў вывучэнні нашай краіны, бо нярэдка многія каштоўныя крыніцы па роднай гісторыі знаходзяцца якраз у замежных зборах.
— Жадаю вам новых адкрыццяў, якія для нас стануць сапраўдным нацыянальным гонарам, а для вас — крыніцай сілы і натхнення!
Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ».
Фота аўтара.