Дзве круглыя даты — сумная і светлая — у календары амаль побач: 28 чэрвеня споўнілася 80 гадоў з дня трагічнай смерці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, а на Купалле (таму і такі псеўданім ён абраў) мы адзначалі 140-годдзе з дня нараджэння класіка.
Каб адчуць сапраўдны смак роднага слова і перажыць гаму яркіх пачуццяў, раім перачытаць творы Янкі Купалы. Паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, акадэмік, ён узняў родную мову на небывалую вышыню. Яго творы стаяць у адным шэрагу з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры.
Сапраўднае імя Купалы — Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня ў фальварку Вязынка (зараз гэта Маладзечанскі раён) у сям’і збяднелай шляхты. Род Луцэвічаў згадваецца ў архіўных дакументах XVII стагоддзя. У свой час дзед будучага паэта арандаваў зямлю ў князёў Радзівілаў, але яны яго выгналі. Дарэчы, менавіта гэты факт у будучым стаў асновай драмы «Раскіданае гняздо».
Янка Купала быў адным з ініцыятараў стварэння Акадэміі навук Беларусі, Беларускага драматычнага тэатра, БДУ і Інбелкульта, удзельнічаў у канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Якім Купала быў у звычайным жыцці? З успамінаў сяброў паэта вядома, што Іван Дамінікавіч заўсёды выглядаў элегантна. Выходзіў у свет у белай кашулі, з гальштукам і з тонкай палкай у руках. Аднак, нягледзячы на знешную прывабнасць, у яго біяграфіі значыцца толькі два жаночых імя — Уладзіслава Станкевіч, з якой Купала пражыў больш за 25 гадоў, і Паўліна Мядзелка, з якой пазнаёміўся ў Вільні, — менавіта ёй ён прысвяціў п’есу «Паўлінка» і сам прапанаваў дзяўчыне галоўную ролю ў аднайменным аматарскім спектаклі. Аднак успыхнуўшыя пачуцці не мелі працягу. У 1916 годзе Іван Дамінікавіч узяў шлюб з Уладзіславай Станкевіч у Петрапаўлаўскім касцёле Масквы.
Дом у вёсцы Вязынка Мінскай вобласці, у якім нарадзіўся Янка Купала.
28 чэрвеня 1942 года Купала трагічна загінуў у Маскве. Пахавалі яго на Ваганькаўскіх могілках, а ў 1962-м урна з прахам беларускага класіка была перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках, побач з магілай яго маці. Бянігна Іванаўна загінула ў захопленым немцамі Мінску на другі дзень пасля смерці сына, пра гібель якога так і не дазналася.
Творы Купалы перакладзены на больш чым 110 моў. Дарэчы, на ідыш некаторыя з іх былі перакладзены каля ста гадоў таму. На рускую мову большасць яго вершаў пераклаў паэт Валерый Брусаў.ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ
• Янка Купала выдатна гуляў у шахматы. Часта яго галоўным партнёрам быў Якуб Колас. Купала лічыў сябе выдатным шахматыстам і нават злаваўся, калі выйграваў Колас.
• Янка Купала любіў адпачываць на Чорным моры. Адтуль заўсёды прывозіў каменьчыкі. Потым раскладваў іх на пісьмовым стале і называў «сваім маленькім морам».
kuzmich@sb.by