3 июля глубочане отпраздновали 610-летие города Глубокое

Наказ ветэрана: «Перадавайце эстафету подзвігу наступным пакаленням...»

Пасля вызвалення 3 ліпеня 1944 года Глыбоччына квітнее з кожным годам, асабліва гэта заўважна ў апошні час беларускага суверэнітэту

Сёлета штогадовае свята «Квітней, Глыбоччына!» таксама супала з 610‑годдзем горада, а таму і рыхтаваліся да яго задоўга, і набыло яно асаблівы размах. Напачатку на гарадскім стадыёне адбылося імправізаванае тэатральнае шоу. У харэаграфічных пастаноўках былі паказаны карціны ваеннага ліхалецця, моманты вызвалення ад акупантаў, цяперашні мірны час.

Удзельнікі святочнай праграмы ў парку Перамогі.

Потым удзельнікі гістарычнай рэканструкцыі і гледачы накіраваліся ад стадыёна па галоўнай вуліцы горада. У святочным шэсці прымала ўдзел звыш дзвюх тысяч чалавек — прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Кожная калона — са сваім тэматычным афармленнем.

Спыніліся ля парка Перамогі, дзе ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў пры вызваленні горада, усклалі кветкі да велічнага манумента.

Адкрыццё самога свята адбылося ў амфітэатры пад адкрытым небам, які быў узведзены да абласных «Дажынак».

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі, віншуючы глыбачан, жыхароў раёна, гасцей, у прыватнасці, зазначыў:

— Сёння, у 610‑гадовы юбілейны дзень нараджэння горада, мы яскрава ўсведамляем, што намаганні і праца продкаў на карысць будучых пакаленняў не зніклі, не растварыліся ў вяках. Яны засталіся ў імёнах і прозвішчах герояў працы і вайны, сапраўдных гаспадароў і творцаў, нераўнадушных людзей. Яны — у лічбах і працэнтах, ва ўзорных паказчыках і рэалізаваных планах, ва ўзроўні дасягнутага дабрабыту і камфорту. Яны — у мірным, працоўным, сонечным дні, які мы павінны захаваць для нашчадкаў.

Глыбоччына вырасціла 8 Герояў Сацыялістычнай Працы: хлебаробаў Леаніда Пугаўку, Максіма Клімянка, Міхаіла Лытысава, Уладзіміра Вайтэцкага, Соф'ю Юргель, Лідзію Плыгаўку, Васіля Асяненку, Міхаіла Мацюшонка, сусветна вядомага авіяканструктара Паўла Сухога, Герояў Савецкага Саюза Пятра Казлова і Максіма Пятроўскага.


Сучаснікі дастойна працягваюць іх слаўныя справы. Адным з галоўных момантаў свята стала ўшанаванне лаўрэатаў Дошкі гонару Глыбоцкага раёна за 2023 год. У іх ліку — аператар машыннага даення СУП «За Радзіму» Жанна Андрэйчык, загадчык МТФ ААТ «Чарневічы» Наталля Ванславовіч, трактарыст-машыніст ААТ «Залатая падкова» Сяргей Лук'янёнак, намеснік дырэктара СУП «Мярэцкія» Юрый Норавіч, старшы майстар установы адукацыі «Глыбоцкі дзяржаўны каледж» Сяргей Шынкевіч, урач-хірург, загадчык хірургічнага аддзялення ўстановы аховы здароўя Глыбоцкай ЦРБ Аляксей Кабуш... Усяго — 36 чалавек.

Добрай традыцыяй стала на Глыбоччыне рабіць да свята падарункі. На гэты раз была перарэзана чырвоная стужка 60‑кватэрнага дома, ключы ад якога атрымалі 36 сямей. Палова з іх — шматдзетныя.

Дарэчы, толькі за пяць апошніх гадоў у Глыбокім узведзена 7 шматпавярховых жылых дамоў. Пры падрыхтоўцы да абласнога свята «Дажынкі-2022» адрамантавана і рэканструявана 100 аб'ектаў. Сёлета плануецца пабудаваць звыш 15 тысяч квадратных метраў жылля. Так ў жыцці рэалізуецца прэзідэнцкая праграма.

Яшчэ адзін вельмі адметны падарунак да юбілею: у скверыку ля плошчы 17 Верасня, на радасць дарослым і дзецям, забіў гаючымі струменямі новы фантан.

Ну а першымі, каго павіншавалі са святам, былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Ніна Целеш і Марыя Балтушкіна, а таксама малалетнія вязні Галіна Бажко, Надзея Блышко, Рэма Жынгель, Фаіна Кляменценка, Уладзімір Рачкоўскі, Галіна Свілёнак, Станіслаў Кубарка.

Ніна Кірылаўна Целеш, якая неўзабаве павінна адзначыць 101‑ы юбілей, дала нам такі наказ:

— Важна не толькі памятаць і адзначаць заслугі і стойкасць тых, хто перажыў цяжкія часы і выпрабаванні, але і перадаваць гэтыя словы і ўспаміны далей, каб кожнае пакаленне памятала, паважала подзвігі папярэдніх.

Удзельнікі свята змаглі паглядзець камедыю заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Адамавы жарты», выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Чысты голас», паўдзельнічаць у шоу-праграме «Дзве зоркі», акцыі «Спяваем разам» і палюбавацца святочным феерверкам.

saulich@bk.ru

Фота прадстаўлена Глыбоцкім райвыканкамам

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter