Выставка «СМИ в Беларуси» предлагает гостям более 200 презентаций, встреч и мастер-классов

На прынцыпах сумленнасці і дакладнасці

Патрэба ў інфармацыі і інфар-мацыйным абмене ў ХХI стагоддзі няўхільна расце. Свежыя навіны, экспертныя меркаванні на актуальныя тэмы карыстаюцца попытам як ніколі. І сёння ёсць каму яго задаволіць. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова наведаць XXIII Міжнародную спецыялізаваную выставу «СМІ ў Беларусі». У адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14, дзе ўчора пачаў сваю працу медыяфорум, прадстаўлена больш за 50 экспанентаў. Шырока прэзентаваны друкаваныя газеты і часопісы, электронныя СМІ, сеткавыя выданні. Сярод удзельнікаў выставы таксама аператары і дыстрыб’ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы, прэс-службы і камунікацыйныя агенцтвы.


Прывітанне кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам выставы на цырымоніі адкрыцця зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк:

— Паспяховае развіццё прафесійнай журналістыкі з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў забеспячэння інфармацыйнага суверэнітэту Беларусі. Захаванне этычных норм, прынцыпаў сумленнасці і дакладнасці падачы навін, наяўнасць дакладнай грамадзянскай пазіцыі — гэта прыкмета салідных і выклікаючых давер друкаваных і электронных выданняў, тэлевізійных праектаў, гатовых супрацьстаяць выклікам сучаснасці.

У праграме выставы — звыш 200 розных мерапрыемстваў. Тут і прэзентацыі творчых праектаў, і сустрэчы з вядомымі аўтарамі, і займальныя квэсты, і карысныя майстар-класы. У асноўным мерапрыемствы прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, II Еўрапейскім гульням, адраджэнню малой радзімы і сучасным інтэрнэт-тэхналогіям.

Багатая праграма і выдавецкага дома «Беларусь сегодня». Сёння «Сельская газета» падвядзе вынікі конкурсу прыпевак на сельскую тэматыку, «Народная газета» прапануе паспрабаваць сілы ў мабільнай гульні Ecokids, а вядучы праграмы «Стиль жизни с доктором Терещенко» на «Альфа Радио» пракансультуе на тэму здаровага ладу жыцця і даўгалецця. Заўтра гасцей чакаюць дзень здаровага зроку з газетай «Рэспублiка» і знаёмства з блогерам «Сельскай газеты» Юліяй Бачурынскай.

Сёння, упершыню ў гісторыі медыяфоруму, пройдзе Дзень піяру. На канферэнц-сесіі «Аўтастопам па камунікацыях, або Як не заблудзіцца на рынках, аўдыторыях і трэндах» выступяць прадстаўнікі вядомых камунікацыйных кампаній і агенцтваў. Увечары адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара». Сёлета на конкурс было даслана больш за 330 заявак.

Заўтра апошні дзень працы выставы «СМІ ў Беларусі». Ён будзе прысвечаны дзецям. Пройдуць конкурсы, майстар-класы і нават выступленне цыркавых артыстаў.

МЕРКАВАННЕ

Аляксандр Карлюкевіч, міністр інфармацыі:


— Мы бачым, як імкліва развіваюцца новыя тэхналогіі, растуць аб’ёмы інфармацыйных патокаў, нараджаюцца новыя медыяфарматы і ў цэлым мяняецца парадыгма самой журналістыкі. Але фундаментальныя асновы журналістыкі застаюцца нязменнымі: безумоўная адданасць фактам, аб’ектыўнасць, непрадузятасць, прафесіяналізм, прага самарэалізацыі і творчы пошук.

У ТЭМУ

На 1 красавіка 2019 года ў краіне зарэгістравана:

851 часопіс  
731 газета
174 радыёпраграмы
100 тэлепраграм
9 інфармацыйных агенцтваў

Па інфармацыі БЕЛТА

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter