На даче у Янки Купалы снова гости: почтили память народного поэта в Левках

На калгасным полі скідваў пінжак, закасваў штаны і разам працаваў

Аршанскія Ляўкі для народнага паэта Янкі Купалы сталі невычарпальнай творчай крыніцай


На свяце песні і паэзіі ў гонар Янкі Купалы ў Ляўках на Аршаншчыне было горача. Не толькі ў прамым, але і ў пераносным, творчым сэнсе. На 141-я ўгодкі з дня нараджэння Песняра тут сабраліся прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, артысты Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М. Я. Фінберга, аршанскія народныя ансамблі. Гаспадынькі з мясцовых клубаў нацыянальнай кухні частавалі гасцей традыцыйнымі беларускімі стравамі. А адзін з галоўных арганізатараў свята — Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы і кіраўнік установы Ганна Галінская. У гэты дзень у Ляўках, безумоўна, быў з намі і народны паэт. Як ён і марыў, Беларусь заняла «свой пачэсны пасад між народамі», уваскрэсшы з попелу і руін, здабыўшы сваю незалежнасць.

Мемарыяльнаму запаведніку «Ляўкі», які размясціўся побач з аднайменнай вёскай, сёлета 45 гадоў. Гэты куточак народны паэт Беларусі выбраў па волі душы: у 1935-м бываў у камандзіроўцы разам з Петрусём Броўкам і зачараваўся маляўнічымі краявідамі. Вырашыў будаваць дачу на высокім беразе Дняпра, сярод стромкіх сосен і бяроз, дзе пішацца і дыхаецца лёгка. Тут Пясняр разам з жонкай бавіў час з вясны да восені і напісаў знакаміты «Ляўкоўскі цыкл» вершаў.

Хата прастаяла па 1941 год, а ў Вялікую Айчынную цалкам знішчана падчас танкавага абстрэлу. На гэтым месцы ўзвялі дакладную копію лецішча. Пакоі абсталяваны, як было на самай справе. З мэблі, якой насамрэч карыстаўся Янка Купала, захаваўся толькі пісьмовы стол. Яго перавезлі з Копыскага лясніцтва, дзе спыняўся паэт, пакуль будавалі дачу. У ліку экспанатаў — фотаздымкі, копіі рукапісных і надрукаваных на машынцы тэкстаў, статуі, партрэты і бюсты. У гаражы побач з лецішчам выдатна захавалася «Шэўрале», якую пісьменніку падарыў урад. Блішчыць, пераліваецца яна пад промнямі сонца. Адзін кур'ёзны выпадак адбыўся ў гэтай машыне. Акурат такую ж падаравалі і Якубу Коласу, але, едучы на Купалавай, ён выказаў меркаванне, што валодае ўсё-такі лепшай. Урэшце Іван Дамінікавіч высадзіў няветлівага пасажыра, каб крышку яго правучыць. Якубу Коласу прыйшлося прайсці некалькі кіламетраў пешкі.

Пясняр складаў творы ў Ляўках падчас прагулак у мясцовым лесе. Разам з алоўкам і паперай не забываўся прыхапіць кошык, бо ў перапынках збіраў ягады і грыбы. Свайго суседа ляўкоўцы любілі, ганарыліся ім. Успаміналі, што Купала вандраваў па наваколлі, хадзіў пеш­кі ў Копысь, а захо­дзячы на калгаснае поле, скідваў пінжак, закасваў штаны і ра­зам з усімі працаваў. У ляўкоўскім музеі  ёсць карціна: Пясняр каля калгаснага поля побач з вяскоўцамі. Іх вобразы таксама спісаны з рэальных жыхароў.

Так, Жэню Новікаву Купала спаткаў у лесе, яна вельмі засаромелася, убачыўшы вядомага паэта. Дзяўчынка марыла стаць настаўніцай, пра гэта даведаўся Купала і дапамог. З жонкай Уладзіславай Францаўнай яны не мелі ўласных дзяцей, таму аднесліся да Жэні нібыта да дачкі. Узялі на вучобу ў Мінск, прынялі да сябе на кватэру. Дзяўчынка паступіла ў педагагічны тэхнікум і потым усё жыццё працавала настаўніцай на Палессі. Некалькі гадоў таму ў Ляўкі завітвалі яе дзеці — дачка і сын, яны ўжо сталыя. Цікавая сустрэча!


Памяць у сэрцах беларусаў жывая, творы Купалы ў залатым фондзе беларускай літаратуры. І яны бессмяротныя. Верш «Хлопчык і лётчык» таксама родам з Ляўкоў. Класік, прагульваючыся па лесе, заўважыў хлапчука, які бег, раскінуўшы рукі, і гудзеў, як самалёт.

— Кім ты хочаш стаць, як вырасцеш? — запытаўся Купала.

— Лётчыкам, — адказаў летуценнік.

Неадкладна напісаўся і верш, які стаў прарочым: малы сапраўды стаў пілотам, што адлюстроўваюць фотаздымкі ў музеі. А яшчэ творам у перакладзе на рускую мову натхняўся Юрый Гагарын, тое дакументальна засведчыла мама першага касманаўта.


Створаны ў гэтых мясцінах і верш «Госці». Натхнілі на яго напісанне мясцовыя жыхары. Яны завітвалі да паэта з пачастункамі, каб першымі паслухаць новыя творы. Купала быў узрушаны, як цэняць і паважаюць яго тутэйшыя людзі і наколькі яны непасрэдныя, адкрытыя, шчырыя. Пасля такога прыемнага візіту на наступны дзень з самага рання Пясняр прызнаўся:

Такога гонару не меў ніколі,

Як я на гэтае зямлі жыву,

Каб так віталі мяне хлебам-соляй,

І то не ў сне якім, а наяву.



Купала некалі таксама госцем прыехаў у гэтыя мясціны, але ўжо як гаспадар дачы сам прымаў жыхароў навакольных вёсак, сяброў-пісьменнікаў. Многія і зараз завітваюць у Ляўкі, каб прайсці Купалавымі сцежкамі. Было шмат наведвальнікаў і сёлета на фестывалі — тутэйшых і прыезджых. Чаравалі словам пісьменнікі: старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка (яе на Аршаншчыне прымаюць за сваю, цытуюць творы і чытаюць кнігі), Таццяна Каленік, Мікалай Намеснікаў, Канстанцін Нілаў, Іна Саламаха, Ірына Радзіхоўская і іншыя. Ушанавалі памяць пра Песняра, слова якога з намі назаўсёды.

basikirskaya@sb.by

Фота дадзены Купалаўскім музеем
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter