Жнівеньскае свята аб’ядноўвае, садзейнічае збліжэнню і ўзаемаразуменню, умацоўвае сувязь паміж пакаленнямі.
Аднымі з самых любімых летніх свят на Дзятлаўшчыне, з якімі звязана шмат прымет і павер'яў, з'яўляюцца Спасы.
Так, на пляцоўцы філіяла «Дварэцкі дом культуры» прайшла інтэрактыўная праграма з дзіцячым клубам народных традыцый «СПАС — УСЯМУ ЧАС», на якой удзельнікі даведаліся аб асаблівых традыцыях і прыкметах жнівеньскіх свят. Госці з задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях, пачаставаліся яблыкамі, мёдам і арэхамі.
— Праваслаўныя вернікі адзначаюць у жніўні тры святы ў гонар Збавіцеля. У народзе іх называюць Мядовы, Яблычны і Арэхавы Спас,— кажа Марына Лукіянец, загадчыца метадычнага аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. — Заўтра — Арэхавы, альбо Хлебны Спас. У гэты дзень звычайна пяклі першы хлеб са збожжа новага ўраджаю, як правіла, у гэты час заканчвалася жніво.
Па словах Марыны Лукіянец, нашы традыцыі, звычаі, рамёствы — бясцэнная спадчына. Культура аб’ядноўвае, садзейнічае збліжэнню і ўзаемаразуменню паміж людзьмі. Духоўнае багацце народа адлюстроўваецца ў яго звычаях і культуры.
Нашы рэгіёны адрозніваюцца сваімі культурнымі традыцыямі, але галоўнае, што ў Беларусі рэалізуюцца комплексныя праграмы іх захавання і развіцця.
Фота — Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці