Музей народной архитектуры и быта — единственный в Беларуси музей-скансен

Мы з роднай вёскай — памяццю навек

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту знаходзіцца зусім недалёка ад Мінска — усяго ў 4 кіламетрах. Вядома, што людзі не называюць яго афіцыйна, а гавораць па-рознаму — Строчыцы або Азярцо. Гэта не зусім дакладна, але зручна, бо музей знаходзіцца на беразе ракі Пціч, якраз паміж гэтымі населенымі пунктамі.


Беларускі скансен, напэўна, самы малады сярод «калег» у свеце, яму ўсяго 47 гадоў. Ідэя яго стварэння належыць вядомаму беларускаму мастаку Фердынанду Рушчыцу, які марыў аб гэтым яшчэ ў 1908 годзе. Аднак у той час абставіны не склаліся — Першая, а потым і Другая сусветныя вой­ны нарабілі такіх спраў, што было не да музеяў. А потым усё кардынальна змянілася.

У 1960-я гады пачаўся будаўнічы і міграцыйны бум. Людзі актыўна перасяляліся з сёл у гарады. У рэгіёнах ствараліся аграпрамысловыя комплексы, частка вёсак аб’ядноўвалася, некаторыя былі прызнаны неперспектыўнымі, тэрыторыя другіх, на якія «напаўзалі» гарады, ішла пад будаўніцтва шматпавярховых дамоў. Аб гэтым часе, дарэчы, распавядае знакаміты фільм «Белыя росы». І ўсё б нічога, але праз такія змены ўзнікла пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідства і народнай матэрыяльнай культуры Беларусі. Прычым праблема настолькі сур’ёзная, што ў сродках масавай інфармацыі публікуецца шэраг артыкулаў на гэтую тэму.

Нарэшце, 9 снежня 1976 года была прынята пастанова аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, а таксама загадам Міністэрства культуры арганізавана рабочая група, у склад якой увайшлі гісторыкі, архітэктары і этнографы. З усёй краіны ў наваколле сталіцы пачалі прывозіць драўляныя хаты, прадметы побыту і рамёстваў.

У аснову экспазіцыі было пакладзена стварэнне сектараў у адпаведнасці з умоўным дзяленнем тэрыторыі рэспублікі на 6 гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер’е, Панямонне, Усходняе і Заходняе Палессе. Сёння ў музеі 3 экспазіцыйныя сектары: «Цэнтральная Беларусь», «Падняпроўе» і «Паазер’е». Кожны ўяўляе фрагмент тыповага для рэгіёна паселішча канца XIX — пачатку XX стагоддзя з характэрнай забудовай. Гэта культавыя будынкі (цэрквы, званіца, капліца), грамадскія (народнае вучылішча), вытворчыя (кузня, млыны) і цэлыя комплексы сялянскіх сядзіб. Паўсюль адноўлены традыцыйныя інтэр’еры. А яшчэ навукоўцы паклапаціліся аб тым, каб адлюстраваць нават прыродна-геаграфічныя ўмовы розных куткоў краіны. Таму ландшафт музея ўяўляе Беларусь у мініяцюры — ёсць тут і пагоркі, і лугі, і частыя пералескі.

Штогод у Строчыцах праходзіць шмат масавых мерапрыемстваў, уключаючы «Масленіцу», «Вербніцу», «Купалле» і іншыя, а таксама культурна-забаўляльныя падзеі. Сюды часта прыязджаюць маладыя, каб зрабіць арыгінальную фотасесію. Наведванне музея ўваходзіць у праграмы шматлікіх экскурсій. Ёсць чым здзівіць і гурманаў: у рэстаране «Беларуская карчма» можна пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.
Беларускі дзяр­жаўны музей народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам — адзіны ў краіне музей-скансен (тып музеяў, створаных для захавання і дэманстрацыі традыцыйнага драў­лянага будаў­ніцтва, прадметаў побыту, папулярызацыі народнай культуры і традыцый).
УВАГА, МАТОР!

Для кінематаграфістаў Строчыцы па папулярнасці стаяць побач з натурнай пляцоўкай «Беларусьфільма». Характэрныя пейзажы і хаты можна пабачыць у многіх айчынных і расійскіх кінастужках: «У жніўні 44-га…», «Анастасія Слуцкая», «Кніга майстроў», «Поп», «Пяць нявест», а таксама ў серыяле «Вольф Месінг».

bebenina@sb.by

Фото из архива «СБ»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter