В издательском доме «Звязда» вышла книга для детей «Пеўнік-спеўнік» белорусского писателя Владимира Мозго

Мудрая школа жыцця

У малодшых школьнiкаў — новае пазнавальнае выданне, выпуск якога ажыццёўлены па заказе Мiнiстэрства iнфармацыi. У кнiгу «Пеўнiк-спеўнiк» беларускага пiсьменнiка Уладзiмiра Мазго ўвайшлi вершаваныя казкi. Разам з героямi юныя чытачы абудзяць соннае сонца, абароняць ад ваўкоў родны край, сустрэнуць таямнiчых суседзяў па Сусвеце, знойдуць лекавыя кроплi для хворай Чаплi, зловяць жаданую рыбку ўдачы. Аматараў казак чакае яшчэ вельмi многа захапляльных прыгод.

Так, у гiсторыi «Суседзi па Сусвеце» галоўнаму герою Андрэйку не спiцца, бо ён чакае ў госцi iншапланецян. Спадзяецца высачыць iх да свiтанку, калi тыя прызямляцца на галактычным зоркалёце. У рэшце рэшт НЛА сеў насупраць дома на зямлю, i хлопчык цераз люк убачыў дзвюх невядомых iстот.  

Яны далi наказ Андрэйку: «А калi ты нам сусед — // Беражы Зямлю як след, // Мову матчыну шануй, // Ведай бохану цану. // Пранясi праз пакаленнi // Чалавечнасць i сумленне…» Ява гэта цi сон, чытач даведаецца ў кнiзе, але што пажаданнi iншапланецян назаўжды аселi ў галаве Андрэйкi — дакладна ява.

«Каплi для Чаплi» аўтар называе палескай казкай пра Белую Чаплю i радасць матулi, якую ў бядзе не пакiнулi дзецi. Чапля ў птушынай школе расказвала казкi «пра скарбы Палесся, чароўную Прыпяць, // Якую па кроплi хацелася выпiць». Раптам птушка страцiла голас, за горла яе знянацку схапiла прастуда. Доктар Бусел параiў зрабiць з лекавай травы каплi, што дапамогуць вярнуць здароўе. Цi змогуць чапляняты адшукаць тую дзiва-траву, якую пiльнуе зубасты Шчупак? І цi вылечыцца мама — пра ўсё гэта даведаемся ў казцы.

Прыцягвае ўвагу маленькага чытача вершаваны аповед «Лясная аптэка», куды па чарзе прыходзяць то Дзяцел, у якога паранiў ножку маленькi сын, то Мядзведзь, у якога разбалеўся жывот ад вялiкай колькасцi спажытай малiны. Самым нечаканым стаў вiзiт шэрага Воўка, што прыйшоў у аптэку па лякарства для зубоў. Аказалася, ён з’еў зайца. Якiя выратаваннi знаходзяць лясныя жыхары ў аптэцы i што за выхаваўчая праца праве­дзена з Воўкам, дапытлiвы чытач даведаецца, пазнаёмiўшыся з сюжэтам.

Казачныя гiсторыi напiсаны лёгкай i нязмушанай рыфмоўкай. Прачытаўшы кнiгу, дзецi атрымаюць шмат уражанняў, пашыраць светапогляд, узбагацяць уласнае творчае мысленне.  

А галоўнае — навучацца правiльным паводзiнам i ўчынкам. Будуць ведаць, што бацькоў i Радзiму трэба берагчы.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter