Сёння Belarus Fashion Week своеасаблівы брэнд краіны. З кожным годам прэстыж мерапрыемства, гэтак жа як і ўзровень яго ўдзельнікаў, расце. У гэтым можна было ўпэўніцца і падчас апошняга Тыдня моды, які прайшоў з 7 па 11 лістапада ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”. Вядучыя брэнды краіны Vita Gordievska, NELVA, Larisa Balunova, Ton-in-Ton і іншыя прадэманстравалі новыя калекцыі сезона вясна-лета — 2019. Асаблівую цікавасць выклікалі работы дызайнераў, якія працуюць з этнічнай тэмай і ствараюць вырабы з беларускага лёну. Традыцыйна не абмінулі ўвагай Belarus Fashion Week і замежныя аўтары. Італьянец Marco Rambaldi прадставіў беларускай публіцы калекцыю-мікс з рэчаў у стылі casual, боха і гранж. Польскі брэнд Male.Me парадаваў цікавай мужчынскай вопраткай. А ўзбекскі дызайнер Nariman Grigoryan прадставіў 20 шыкоўных вячэрніх сукенак.
Дарэчы, на подыуме можна было ўбачыць не толькі стройных маладых дзяўчат нібы з модных глянцавых часопісаў. Дэманстравалі калекцыі і дзеці, і жанчыны ва ўзросце. Арганізатары Belarus Fashion Week выступаюць за раўнапраўе ў fashion-бізнесе. Больш за тое, адзін з іх праектаў — “Новыя магчымасці” — паказвае, што ў сферы моды могуць працаваць нават людзі з асаблівасцямі. Беларуская палата моды і Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам аб’ядналі намаганні дызайнераў і людзей з інваліднасцю для стварэння калекцыі адзення, якая была прадэманстравана падчас BFM.
Фота БЕЛТА
Чарговы Тыдзень моды завяршыўся. Аднак праца па развіцці айчыннай моднай індустрыі працягваецца. Так, у гэтыя дні, 16—17 лістапада, у event-прасторы 210 METROV праходзіць Belarus Fashion Forum — штогадовая адукацыйная платформа, дзе эксперты і практыкуючыя прафесіяналы з розных краін дзеляцца вопытам, абменьваюцца меркаваннямі ў розных напрамках fashion-бізнесу, падказваюць айчынным дызайнерам, як выйсці на міжнародны рынак.