Моўнае пытанне

Падчас апошняга перапісу насельніцтва каля 6 мільёнаў жыхароў краіны заявілі, што свабодна валодаюць беларускай мовай. Вось толькі дзве трэція з тых, хто мову ведае, прызналіся, што не карыстаюцца ёю ў паўсядзённым жыцці. Што пакажа чарговы перапіс? Хацелася б, каб сітуацыя палепшала. Апошнім часам мы назіраем павышэнне цікавасці да нацыянальнай культуры і, у прыватнасці, да беларускай мовы. Значна пашыраюцца сферы яе ўжытку. На ёй пачынае гаварыць бізнес, яна ўсё часцей гучыць у храмах, на ёй перапісваецца моладзь у інтэрнэце... Усё гэта не можа не цешыць. Бянтэжыць толькі тое, што размаўляюць усе неяк па-рознаму. Скажам, адны ўжываюць працэнты, другія — адсоткі, адны п’юць чай, другія — толькі гарбату, адны адпраўляюцца на канікулы, другія — на вакацыі і гэтак далей. Ці нармальна гэта, што дзяржаўная мова дазваляе такую варыятыўнасць? Прапануем вам два меркаванні карэспандэнтаў “Народнай газеты” і запрашаем далучыцца да дыскусіі.

Фота Юрыя Мазалеўскага

Размаўляйце правільна

Што тут утойваць, нягледзячы на вынікі перапісу, сваю родную мову мы ведаем не лепшым чынам. Інакш не было б такога ажыятажу вакол заняткаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, курсаў “Мова нанова” і іншых. Сёння іх наведваюць і школьнікі, і студэнты, і дарослыя людзі самых розных прафесій. У многім неабходнасць у дадатковых ведах звязана са зменамі ў беларускім правапісе. Хоць яны і былі ўнесены ў 2010 годзе, многія да сёння сумняваюцца, як жа правільна напісаць: шоу або шоў, камп’ютарны або камп’ютэрны, дзяржаўны ўніверсітэт або дзяржаўны універсітэт, містар або містэр, рэканструяваць або рэканструіраваць і гэтак далей. Калі што, першы варыянт дакладны. Праверыць можна па “Слоўніку беларускай мовы” 2012 года. У Інстытуце мовазнаўства падкрэсліваюць, што гэта менавіта той даведнік, якога і трэба прытрымлівацца пры ўжыванні беларускай мовы, а не Google-перакладчыка ці нейкай іншай ненадзейнай крыніцы.

Мне здаецца, імкненне пісаць і гаварыць правільна, а не так, як хочацца ці адчуваецца, і выяўляе шчырае жаданне валодаць мовай. Вось толькі варыянтаў, дзе можна навучыцца правільнаму маўленню і пісьму, не так шмат. Вельмі рэдкія сталі такія адукацыйныя праграмы на радыё і тэлебачанні, амаль зніклі рубрыкі “Пішам правільна” ў друкаваных выданнях, адсутнічае зручны і дакладны моўны партал. Між іншым наша мова развіваецца, папаўняецца яе слоўнікавы склад. У многім гэта абумоўлена паскарэннем навукова-тэхнічнага прагрэсу і ўзнікненнем новых з’яў і рэалій. Вось з’явіліся ў нас мабільныя тэлефоны, а разам з імі — неабходнасць іх неяк называць. Сустракаюцца варыянты і “слухаўка”, і “далькажык” — відаць, звязаныя з жаданнем захаваць ва ўмовах татальнай тэхнакратызацыі і сусветнай глабалізацыі самабытнасць нацыянальнай мовы.

Па гэтай жа прычыне ўводзяцца ў актыўны ўжытак устарэлая і рэгіянальная лексіка. Вельмі паказальнымі ў гэтым плане з’яўляюцца словы мытня, мытнік, якія шырока ўжываліся ў старабеларускай мове ў перыяд ВКЛ, затым зніклі з ужытку на стагоддзі, а ў апошнія дзесяцігоддзі адрадзіліся і фактычна выцеснілі з ужывання словы таможня, таможнік. Трывала ўвайшлі ў моўную практыку словы наступствы (адмоўныя, непажаданыя вынікі), стасункі (адносіны паміж людзьмі), унёсак (уклад)... А колькі сустракаецца альтэрнатыў: абвестка — аб’ява, фактар — чыннік, кветка — краска, аптэка — зельня, чайнік — імбрык, май — травень, вадзіцель — кіроўца, балельшчык — заўзятар і гэтак далей. І якому ж з лексічных варыянтаў аддаць перавагу? Што лепш выкарыстаць у публіцыстычным тэксце, а што — у мастацкім? Слоўнік беларускай мовы, на які раяць абапірацца, такія моманты не растлумачвае.

Усё гэта можа выклікаць сумненне ў чалавека, які вырашыў вывучыць беларускую мову: калі ўсё так складана і заблытана, можа, і спрабаваць не трэба? Нам проста неабходны вялікі падрабязны даведнік, у якім будуць пазначаны ўсе нормы ўжывання таго ці іншага слова, патрэбны строгія і зразумелыя нормы. Бо варыятыўнасць збівае з панталыку. У Інстытуце мовазнаўства абяцаюць, што хутка вывучаць мову стане прасцей — зараз ідзе распрацоўка новага тлумачальнага слоўніка ў 15 тамах, дзе будзе пазначана, для якой сферы ўласціва тое або іншае слова. Абяцаюць паралельна распрацаваць і электронны тлумачальны слоўнік, які дасць магчымасць уносіць змены і дапаўненні, не чакаючы перавыдання друкаванага варыянта. Плануецца, што першы том слоўніка ўбачыць свет у 2019—2020 гадах.

А запаветная мара мовазнаўцаў ды, думаю, і ўсіх, хто імкнецца гаварыць і пісаць па-беларуску правільна, — стварэнне даведачнай інфармацыйнай службы, прысвечанай беларускай мове (па ўзоры аўтарытэтнага расійскага партала Грамота.ру), дзе публікаваліся б разнастайныя інфармацыйна-даведачныя матэрыялы, даваліся б анлайн-кансультацыі. Гэта заахвоціла б вывучаць мову і, вядома, павысіла б веды насельніцтва, якое пакуль не мае ўяўлення, дзе гэтыя веды можна атрымаць.

Людміла Мінкевіч

mila@sb.by

Трэба слухаць голас вуліцы

Мне здаецца, што “нерв” любой мовы, яе непаўторнае гучанне фарміруюцца не ў слоўніках, якія вечна не паспяваюць за рэальным жыццём, а ў натуральным асяроддзі грамадства. На вуліцы, у транспарце, курыльні, падчас сяброўскага застолля... Колькі гадоў павінна прайсці, каб у нашым слоўніку з’явілася, напрыклад, такое папулярнае зараз слова, як хайп? Развод Петрасяна са Сцепаненка, “справа Джыгарханяна”, тры сястры Хачатуран — кожная чалавечая драма і нават трагедыя ператварыліся ў хайп.

Сапраўдныя пісьменнікі — Паустоўскі, Трыфанаў, Даўлатаў, наш Чыгрынаў — заўсёды заклікалі маладзейшых калег запісваць новыя словы, дыялекты, нечаканыя моўныя звароты, пачутыя падчас камандзіровак у правінцыю ці падарожжаў па краіне, у нейкіх іншых сітуацыях. Менавіта “няправільная”, з пункту гледжання агульных правілаў, лексіка дыялектаў падарыла нам вялікія творы Івана Мележа, Міхаіла Шолахава, Міхаіла Зошчанкі або Ісаака Бабеля. Мова падводнікаў, іх сучасны гумар спачатку знайшлі адлюстраванне ў аповесці Аляксандра Пакроўскага “72 метры”, а пасля і ў аднаіменнай стужцы. Слэнг “браткоў” 1990-х зрабіў маленькую моўную рэвалюцыю на экране ў камедыі “Мама, не бядуй!” Канстанціна Мурзенкі. Фільм стаў культавым (з задавальненнем гляджу яго і сёння, каб палепшыць настрой), а крытыка нават убачыла ў гэтым трагіфарсе традыцыі Гогаля і Салтыкова-Шчадрына. І Дастаеўскі любіў слэнг. Таксама можна прыгадаць творы Юза Аляшкоўскага ці Варлама Шаламава.

Вялікі ўплыў на мову аказвае інтэрнэт, які ні з чым не цырымоніцца і падпарадкоўвае сабе ўсё. Нават выходзяць раманы, якія цалкам складаюцца з інтэрнэт-перапіскі. Ці можна гэта лічыць літаратурай? Сербскаму пісьменніку Мілараду Павічу, пачынальніку жанру інтэрактыўнай літаратуры, такое і не снілася! Інтэрнэт-лексіка пранікае ў нашу паўсядзённую гаворку. Мы ўжо не заўважаем, як спецыфічныя словы, якія спачатку для многіх былі незразумелымі, становяцца звыклымі, паўсядзённымі. А колькі іх яшчэ будзе!

Мне здаецца, менавіта здольнасць беларускай мовы ўвабраць у сябе лексічныя навацыі, “прыслухоўвацца” да голасу вуліцы, моладзі, інтэрнэту і з’яўляецца лепшым пацвярджэннем таго, што яна — жывы і рухомы арганізм. І як толькі наша мова замкнецца ў нейкіх канонах, стане мёртвая, як лацінская.

Любую мову сілкуюць слэнг, замежныя словы, прафесійная лексіка. Іншая справа — трэба ведаць меру, каб модныя неалагізмы не забруджвалі родную мову і не ператвараліся ў словы-паразіты, не выцяснялі, як пустазелле, з лексікі сінонімы-”абарыгены”. Да прыкладу, на інтэрнэт-форумах, тэлебачанні і ў іншых сродках масавай інфармацыі хутка распаўсюдзілася слова лайфхак — язык зломіш. Але ж яно азначае нішто іншае, як “карысная парада”, “бытавая хітрасць”, “падказка”. Чым гэтыя словаформы не прыйшліся даспадобы нашаму слыху?

Да таго ж новыя словы не могуць быць шыльдай для нядбайнасці. “А потым бегаў ад яго і ўцякаў ....” — менавіта за гэты сказ адчытваў студэнта галоўны герой стужкі “Восеньскі марафон” перакладчык Бузыкін (дарэчы, стужка знята па сцэнарыі мінчаніна Аляксандра Валодзіна). У адказ на папрок студэнт паспрабаваў апраўдацца: “Я новыя формы шукаю!” Выкладчык зазначыў: “Гэта не пошук, а элементарная нядбайнасць”.

Напэўна, трэба падзяляць адкрытую непісьменнасць і пошук новых формаў. Перад інтэлігентам заўсёды будзе стаяць дылема: папраўляць націск або словаформу суразмоўцы ці прапусціць міма вушэй. Але калі Міхаіл Швыдкі паклікаў у сваю тэлеперадачу “Агора” на тэлеканале “Культура” рэп-выканаўцу СЛАВА КПСС (ён жа Гнойны) пасля знакамітага рэп-батла з Аксіміронам, ад сораму за Швыдкога я не пачырванеў. Паглядзеў і паслухаў Гнойнага я з цікавасцю. Што за звер такі? Пра перспектывы развіцця літаратурнай мовы ён разважаў разам з навукоўцамі. У гэтай раскаванасці дыялогу, у магчымасці і жаданні прыслухоўвацца да чужога меркавання і закладзены правільны вектар моўнага развіцця. Нельга замыкацца ў адным моўным панцыры, як бы рэспектабельна ён ні выглядаў.

Валянцін Пепеляеў

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter