Сябра Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась БОЛСУН паважае людзей працы, якія любяць сваю зямлю, малую радзіму і не хаваюцца ў цяжкую хвіліну ў кусты. Напрыклад, на Вялікай Айчыннай у Міхася Болсуна ваяваў тата, пяцёра дзядзькоў, двое з якіх не вярнуліся. І так амаль у кожнай сям'і памятаюць родзічаў, якія паклалі сваё жыццё на алтар Перамогі ў імя шчаслівага сённяшняга дня. Пра гэта і творчасць аўтара, а яшчэ — пра землякоў і вечныя каштоўнасці.
— Хто не мае пачуцця любові да свайго краю, той нагадвае мне бяскрылую птушку, якая хоча ўзляцець, ды не можа, — параўноўвае Міхась Міхайлавіч. — Не магу трываць паклёпнікаў, здраднікаў, двурушнікаў. Вучу гэтаму і чытачоў, у тым ліку на публічных выступленнях у школах, бібліятэках. У дзень вызваленння Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў расказваў ліцэістам, што акупанты вытваралі. Дзеці ўважліва слухалі. Трэба ўсё рабіць, каб маладое пакаленне ведала праўду. Дарэчы, год для мяне выдаўся ўраджайным у сэнсе зваротнай сувязі з чытачамі — 40 выступленняў. І калі хоць нешта запала людзям у душу, а па вачах бачыў, што запала, то я задаволены.
Завейны снежань
Снежань для Міхася Болсуна асацыіруецца перш за ўсё з вяртаннем таты з фронту ў 1946‑м. Хлопчыку тады ішоў пяты год. Суседка грукае ў шыбу і крычыць: «Дзед, ваш Міша ідзе!»
— А дзед тым часам плёў мне лапці, — прыгадвае суразмоўца. — Раптам заходзіць у хату салдат, кідае на парозе рэчавы мяшок, падхоплівае мяне, абдымае, а потым як заплача. Пытаюся ў яго: «Чаму ты румзаеш, дзядзька?» — «Сынок, я ж твой тата…» Ён развязаў мяшок, дастаў адтуль цаглінку хлеба, тры бляшанкі кансерваў і два кавалкі прэсаванага цукру памерам з мужчынскі кулак. Сустрэча была шчымлівай, цёплай… Запомнілася на ўсё жыццё.
Многія вершы Міхась Болсун прысвячае землякам-вяскоўцам і малой радзіме. На гэту тэму ў яго асобная кніга — «Роднае, блізкае». Краснадарская пісьменніцкая арганізацыя нават пераклала яе на рускую мову і распаўсюдзіла па расійскіх бібліятэках. Міхась Міхайлавіч нарадзіўся ў слыннай чачэрскай вёсцы Балсуны, аднайменнай са сваім прозвішчам:
— У 1667 годзе скончылася чарговая вайна Расіі з Рэччу Паспалітай. На баку расіян выступалі казакі. Пасля вайны ім прапанавалі стаць на варту мяжы, за што, апрача грошай, паабяцалі зямлю. Казакі бралі шлюбы з рускімі і беларускімі дзяўчатамі. На мяжы з Бранскай вобласцю ўтварыліся дзве вёскі: у Веткаўскім раёне — Казацкія Балсуны, а ў Чачэрскім — Балсуны, адкуль я родам. Чаму такая назва? У казакоў быў атаман — палкоўнік Болсун. Вёска жыве і зараз, тут 102 хаты.
Міхась Болсун — ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна. Хоць даўно жыве ў Гомелі, але з землякамі не парывае сувязі, аб'ездзіў мясцовыя бібліятэкі, школы. Наведваецца ў рэдакцыю, адкуль пайшоў яго журналісцкі старт.
Змалку прывучаны да сялянскай працы
Свае першыя вершы юны Міхась напісаў у школе. Змалку быў прывучаны і да сялянскай працы. Акучваў бульбу, вазіў на конях сена і снапы для малацьбы, як падрос — касіў і хадзіў за плугам. Свае першыя грошы зарабіў у Кіраваградскай вобласці на калгаснай уборцы ўраджаю, куды паехаў, атрымаўшы атэстат сталасці. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, загадваў сельскай бібліятэкай, служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння і менавіта ў арміі як след пазнаёміўся з журналістыкай — пісаў нататкі ў акруговыя газеты.
— Пасля службы мне прапанавалі выкладаць у школе фізкультуру, — успамінае Міхась Болсун. — Адначасова завочна паступіў у Гомельскі педінстытут імя Чкалава на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Пазней запрасілі ў чачэрскую райгазету. За няпоўныя восем гадоў прайшоў у гэтай рэдакцыі амаль усе прыступкі кар'ернай лесвіцы: літсупрацоўнік, загадчык аддзела пісем, сельгасаддзела, адказны сакратар, намеснік рэдактара. З часам стаў самым маладым галоўным рэдактарам райгазеты «Авангард» суседняга Буда-Кашалёўскага раёна.
Далей — яшчэ вышэй. Старанная вучоба на факультэце журналістыкі Мінскай вышэйшай партшколы і праца ў тэлерадыёкампаніі «Гомель». Міхась Болсун загадваў аддзелам інфармацыйных праграм, вёў «Званы Чарнобыля», сатырычную «Радыёпарылку», удзельнічаў у радыёпераклічцы на ўвесь Савецкі Саюз.
— Найцікавейшая праца, якая дае магчымасць мець зносіны з выбітнымі людзьмі, — адгукаецца пра сферу журналістыкі Міхась Міхайлавіч. — Амаль 20 гадоў мой аддзел забяспечваў інфармацыяй выпускі на абласным радыё і тэлебачанні.
Нягледзячы на адказную прафесію, творца сумяшчаў службовыя і пісьменніцкія абавязкі. Праўда, даволі доўга пісаў у стол, не разлічваў, што яго кнігі будуць разыходзіцца як гарачыя піражкі. А падштурхнула да выдання кіраўніцтва Чачэрскага райвыканкама. Запыталі, чаму не выдаюся, і прафінансавалі першы лірычны зборнік «Яблыня ў фаце».
— Перачытваю яго і ўношу праўкі, — прызнаецца аўтар. — Думаю, зараз напісаў бы лепш. Але ж кнігі, як дзеці, праходзяць свой шлях развіцця, станаўлення. Таму нічога не трэба мяняць. Пасля заняўся прозай і напісаў «Чечерский след в науке» — пра вучоных-землякоў. Чачэрскі раён па насельніцтве і плошчы параўнальна невялікі, няма і 15 тысяч жыхароў. Але багаты на таленты: я налічыў 53 землякі са ступенню кандыдата або доктара навук у розных галінах. Дарэчы, НАН Беларусі ўзначальвае таксама выхадзец з Чачэршчыны Уладзімір Гусакоў.
«Вершы не пішу, а запісваю»
Многа добрай паэзіі не бывае, перакананы мой суразмоўца. Таму не трэба гнацца за колькасцю радкоў, варта рабіць ухіл на якасць.
— Можа, дзівак, але большасць вершаў напісаў ноччу, з трох да шасці раніцы, — усміхаецца Міхась Болсун. —
Бывае, прачынаюся, а ў галаве круціцца радок. Хутчэй хапаю аловак і шматок паперы, каб запісаць, бо раніцай забываецца. Калі пытаюцца, як пішу вершы, маю добры адказ: «Я іх не пішу, а запісваю».
Ёсць у пісьменніка планы на будучы год. Піша кнігу пра ваенную медсястру, якая падчас Вялікай Айчыннай выратавала з поля бою за два дні 40 параненых і сама засталася інвалідам. Згубіла левую руку, локцевы сустаў правай, пасля мноства аперацый яе правая нага была карацейшай. Між тым медсястра папрасіла замяніць першую групу на другую і яшчэ 25 гадоў працавала па прафесіі. Такая моцная духам!
— Спадзяюся ў 2024‑м ажыццявіць гэты творчы план, — разважае Міхась Болсун. — А вам, шаноўныя чытачы, жадаю, каб усе мы жылі ў згодзе і міры. Хай колас будзе ўрадлівым, а «Сельская газета» здзіўляе падпісчыкаў добрымі матэрыяламі.
Поле
Трапяткія пачуцці душы
Зноў прынёс табе, роднае поле,
Дзе калоссю пад сонцам раздолле,
Дзе вятрыска насустрач бяжыць.
Ахіне ён нябачным крылом,
Пабягуць успаміны бы хвалі:
Як жанчыны сярпамі тут жалі,
Ля гумна малацілі сялом.
Слабасільны гудзеў трактарок,
І глытала снапы малатарня.
Адкрывала жніво хлеба тайны
І дало беражлівасці ўрок.
Шмат вады ўцякло з той пары,
Серпу знойдзена месца ў музеі.
Сёння тэхніка мудрая сее
І збірае да позняй зары.
Я ж з гадамі душой не аслеп,
Хоць падкідвала рознае доля,
І прынёс табе, роднае поле,
Зноў бязмежную ўдзячнасць за хлеб.
29.07.2023
***
Верша шчыры радок
Як паветра глыток
Для збалелай, тужлівай душы,
Адплыве суму змрок,
Цвярдзей стане твой крок,
І жадобна захочацца жыць.
30.11.2023
***
Берагі дружбы
Між берагоў славянскай дружбы
Цячэ паэзіі рака.
Ці курс прамы, ці ён акружны,
Цяпло не згубіцца радка.
У іх пачуццях шчырых промні,
Народаў блізкіх карані.
Мы продкаў подзвігі ўсе помнім,
Міг цэнім мірнай цішыні.
Ідуць ад сэрца нашы словы,
Што густа строфамі ляглі,
Ці верш народжаны ў Растове,
Ці ён ад Гомельскай зямлі.
Штогод ракі глыбей фарватар,
Шырэе дум лірычных плынь.
Хоць блізка зла бушуе кратар,
Нам лёс прарочыць разам плыць.
У заўтра плыць з надзеяй светлай
І сеяць зерне дабрыні.
Імчы, высокі, удалеч, ветразь,
Дзе дружбы свецяцца агні!
03.12.2023
***
Позняя восень. Цярусіць імжа
З нізкага, мутнага неба.
Голыя пушчы ад ветру дрыжаць,
Поле згубіла пах хлеба.
Позняя восень — пара не мая,
Цягнуцца ночы бяссоння:
Слухае памяць зноў спеў салаўя,
Кліча за рэчку ў сасоннік.
Шчодра дарыў ён мне летась грыбы:
Грузд, баравік, сыраежку.
Мару налета там зноўку пабыць,
Збочыць у неруш са сцежкі…
Позняя восень. У такую пару
Хочацца ў лепшае верыць…
З сэрца хутчэй выціскаю хандру
І праганяю за дзверы.
05.12.2023