Навагрудак славіцца сваёй багатай гісторыяй, яркія старонкі якой пісалі і знакамітыя ўраджэнцы гэтага краю. Сярод іх пісьменнік, паэт, драматург, перакладчык Адам Міцкевіч. Ён нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў фальварку Завоссе Навагрудскага павета, а 12 лютага 1799-га яго ахрысцілі ў навагрудскім касцёле Перамянення Пана. Першы драўляны касцёл на гэтым месцы быў заснаваны ў 1395 годзе вялікім князем літоўскім Вітаўтам. У лютым 1422-га кароль Уладзіслаў Ягайла ўзяў тут шлюб з князёўнай Соф’яй Гальшанскай. У 1719—1723 гадах замест драўлянага быў пабудаваны мураваны храм у стылі барока.
Унутры касцёла Перамянення Пана, у бакавой капліцы, знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай. У паэме «Пан Тадэвуш» Адам Міцкевіч узгадвае гэту ікону з падзякай «…Багародзіцы, што ахоўвае Наваградскі замак з вернымі людзьмі…» і за выратаванне свайго жыцця. У дзяцінстве ён выпаў з акна і некаторы час быў нерухомы, яго маці вымаліла ў Багародзіцы аздараўленне для сына. Абраз Маці Божай Навагрудскай існуе ў дзвюх інтэрпрэтацыях — праваслаўнай і каталіцкай.
Побач з касцёлам усталяваны камень у гонар 11 сясцёр-назарэтанак, забітых нацыстамі 1 жніўня 1943 года. Саркафаг з іх астанкамі знаходзіцца ў бакавой капліцы касцёла. Манахіні ўшаноўваюцца як святыя мучаніцы, паколькі захацелі ахвяраваць сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных нямецкімі акупантамі і прызначанымі да растрэлу.
Другі каталіцкі храм у Навагрудку, які захаваўся да нашага часу, — касцёл святога Міхала арханёла, які лічыцца нябесным апекуном Навагрудчыны і адлюстраваны на гербе і сцягу горада. Першы касцёл Міхала арханёла быў цалкам знішчаны падчас пажару ў 1751 годзе, пазней яго адбудавалі нанава. Пры гэтым касцёле дзейнічаў манастыр дамініканцаў. У XIX стагоддзі пры кляштары існавала школа дамініканцаў, у якой у 1807—1815 гадах вучыўся Адам Міцкевіч.
Родная зямля — гэта нешта глыбока асабістае і звязанае з нашымі каранямі, духоўнасцю, культурай і гісторыяй. Вельмі спакусліва думаць, што ў нас ёсць шмат часу, каб пазнаёміцца з рознымі мясцінамі Бацькаўшчыны. Калі ёсць магчымасць, лепш не адкладваць і надведаць месцы, дзе нашы продкі маліліся аб шчаслівай будучыні для нас. Так мы можам крыху лепш зразумець сябе і іншых, адкрыць сэрца Богу.
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ