Воспоминания внука Пимена Панченко о деде

"Машэраву не спадабалася, што ў нас няма балкона"

Унук народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі – Андрэй – успамінае дзедавы простыя звычкі, добры характар, знакамітых знаёмых і вершы
Пімен ПАНЧАНКА.Унук народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі – Андрэй – успамінае дзедавы простыя звычкі, добры характар, знакамітых знаёмых і вершы.


У гонар выбітнага паэта, перакладчыка, крытыка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі СССР і г.д. названа вуліца ў Мінску, на якой я жыву. Як прыгожа Пімен Панчанка напісаў сам пра сябе: «У мястэчку Бягомль, у дрымучых лясах вярхоўя Бярэзіны, прайшло маё дзяцінства… Духмяная звонкая зямля, родны дом, напоўнены казкамі, паданнямі, легендамі. З малых гадоў усе мы вучыліся пасвіць у лесе кароў, збіраць ягады і грыбы, вязаць венікі, выразаць з балотнай бярозы чачоткавыя кіі, а з лазы — дудкі і свісткі, знаходзіць птушыныя гнёзды, запасаць на зіму арэхі і рабіну…» Але мне даўно хацелася, каб пра Пімена Емяльянавіча распавялі і яго родныя. І ў рэшце рэшт сустрэлася з унукам народнага паэта — Андрэем ПАНЧАНКАМ.


— Андрэй Аляксандравіч, хто з унукаў або дзяцей падобны знешне або па характары на Пімена Емяльянавіча? Кажуць, што вы...

— Калі паглядзець на мае дзіцячыя фотаздымкі, то бачна, што я быў вельмі падобны на Пімена Панчанку. А цяпер стаў нагадваць і бацьку, і дзеда. А вось мой дзядзька Андрэй — сын Пімена Емяльянавіча — з ім адзін твар. Як дзве кроплі падобныя!

— Распавядзіце падрабязней, калі ласка, аб сям’і свайго дзеда. Аб яго родных і блізкіх людзях. Як склалася іх жыццё?

— У дзеда Пімена Емяльянавіча і яго жонкі Зоі Кірылаўны было двое дзяцей: дачка і сын. Дачка — старэйшая. Гэта мая маці — Таццяна. А сын Андрэй — мой дзядзька. У Таццяны нарадзілася двое дзяцей — я і Ксенія. У мяне сын Аляксандр. У Ксеніі — Марта і Мікіта. У дзядзькі Андрэя — дачка Каця. А ў яе нарадзілася Насця… Такім чынам, у Пімена Панчанкі трое ўнукаў. Я і Каця жывём у Мінску, а Ксенія — у Германіі.

У школе мяне клікалі Буруноў, па бацьку. А ўзяў я прозвішча маці, калі прыйшоў з войску. Для прадаўжэння роду Панчанкаў. Бо ў дзеда я быў адзіны ўнук. А з бацькам мы не жылі, вельмі рэдка бачыліся. Вырасціў мяне дзед. Спачатку, калі я быў зусім малы, Пімен Емяльянавіч быў мне як бацька. А потым у маці з’явіўся другі муж — Міхась. Ён мне таксама стаў бацькам. 

Унук Пімена Панчанкі Андрэй і зяць народнага паэта Міхась ШАВЫРКІН.

— Хто-небудзь з сям’і пайшоў па пісьменніцкаму шляху?

— Ніхто. Мая маці Таццяна па адукацыі была філолагам, а працавала спачатку ў Музеі імя Янкі Купалы экскурсаводам і навуковым супрацоўнікам, а потым у выдавецтве «Беларуская савецкая энцыклапедыя» навуковым супрацоўнікам. Дзядзька Андрэй стаў інжынерам. А ў мяне спецыяльнасць — настаўнік беларускай мовы. Між іншым, выкладчыкам не працую. Пасля службы ў арміі паступіў у педуніверсітэт імя Максіма Танка, пачаў вучыцца, ды потым нарадзіўся сын, трэба было зарабляць, і я пайшоў працаваць. Затым, калі сын падрос, я скончыў ВНУ. А цяпер працую вядучым спецыялістам аддзела вагагабарытнага кантролю транспартнай інспекцыі па Мінску і Мінскай вобласці. Сын таксама вучыўся ва ўніверсітэце імя Максіма Танка, зараз працуе ў камерцыйнай установе.

Каця, дачка дзядзькі Андрэя, працуе на водаканале, а яе дачка Насця вучыцца…

Дарэчы, у бацькоў дзеда, Пімена Панчанкі, было не адно дзіця. Найбольш ведаю пра Еўдакію Емяльянаўну, яго малодшую сястру, якая стала жонкай Усевалада Краўчанкі, пісьменніка, які трагічна загінуў у 1961 годзе. Яе добра ўсе памятаюць, бо яна працавала ў бібліятэцы Саюза пісьменнікаў. А яе сын Сяргей, мой стрыечны дзядзька, заслужаны артыст Беларусі. Памёр гэтым летам. Працаваў у Купалаўскім тэатры. 

Пімен ПАНЧАНКА з унукамі, 1986 г.  

— А дзед хацеў, каб вы, унукі, сталі пісьменнікамі?

— Ён нічога нікому не навязваў. Пасля арміі, калі я ўжо вучыўся ў педуніверсітэце, на лекцыях асабліва займацца не было чым, дык пісаў вершы. Яны падабаліся і мне, і маім сябрам. Але тыя творы я дзеду не паказваў, бо там былі юнацкія фрывольнасці. А якія паказваў, былі трохі пра палітыку. І Пімен Емяльянавіч казаў: «Ну, Андрэй, не трэба табе гэтым займацца». Я і сам так думаю. Але калі я паступіў у педуніверсітэт, дзед быў задаволены. Бо я не зусім добра вучыўся ў школе: паколькі мне ўсё давалася лёгка, я ніякіх намаганняў не прыкладаў. На ўроку ўсё ведаў, таму навошта мне было хатняе заданне рабіць?

І беларускую мову ў школе асабліва не вучыў, але добра на ёй размаўляў.

— Магчыма, дома размаўлялі на беларускай мове?

— З бабуляй я дома размаўляў па-руску, з сябрамі — таксама. А з дзедам заўсёды на роднай мове.

— Андрэй Аляксандравіч, колькі вам было гадоў, калі не стала дзеда?

— Дваццаць сем. Я нарадзіўся ў 1968 годзе. І добра памятаю дзеда, бо той памёр у 1995-м. Ды і сям’я маёй маці жыла з дзедам і бабуляй у адной кватэры.

Я рос пад пільным прыглядам Пімена Емяльянавіча і Зоі Кірылаўны. А жылі мы насупраць парка імя Янкі Купалы. І калі з калыскай мая маці гуляла ў парку, то нас бачылі праз акно бабуля і дзед.

З якога ўзросту памятаю Пімена Емяльянавіча? Як толькі сябе памятаю, так і яго. Дзесьці гадоў з трох. Запомнілася, як мы ездзілі на пісьменніцкую дачу ў Каралішчавічы Мінскага раёна. Там нават бываў Якуб Колас, адпачывалі ўсе пісьменнікі. І з самага дзяцінства дзед кожнае лета вывозіў туды ўсю нашу сям’ю.

Пімен ПАНЧАНКА з жонкай Зояй Кірылаўнай, 1981 г.

Каралішчавічы — недалёка ад Мінска. Вакол — лес, палі. Ніякіх машын. Мы там гулялі. Дзед любіў вадзіць у лес па грыбы. Тады звяроў было шмат, і ён паказваў патаемныя сцежкі, дзе кабан, лось хадзілі. І нават рысь дзед заўважаў. І на жытнёвыя палі мы наведваліся. Саўгасы ж побач. І каровы там хадзілі. Дзеду было цікава мне ўсё гэта паказаць…

Аднойчы ў Каралішчавічах пайшлі ў лес, і раптам Пімен Емяльянавіч: «Ціха, ціха. Стой, стой». Стаім на сцежцы. Выходзіць лось і таксама стаў. Ніхто не зварухнецца... Шмат было такіх цікавых момантаў…

Дзед браў з сабой не толькі дзяцей сваёй сям’і. Часта ў Каралішчавічах адпачывалі і Грахоўскія, і іншыя пісьменнікі. Усе мы, дзеці, добра ведалі адзін аднаго. Бывала, што дзед з Вялюгіным і з дзятвой ішлі ў грыбы, у ягады. Дарослыя паказвалі малым цікавыя мясціны... У асноўным пісьменнікі былі такія простыя людзі! І калі я падрос і стаў чуць: «О, дык ты ўнук Пімена Панчанкі», то мне было дзіўна. Бо Пімен Панчанка для мяне быў проста дзедам. Дарэчы, Пётр Міронавіч Машэраў таксама быў просты чалавек.

— А вы яго ведалі?

— Я хадзіў у адзін дзіцячы сад з унучкамі Пятра Міронавіча — Кацяй і Ленай. Запомнілася, як Машэраў заязджаў за імі, забіраў дадому. Першы і другі год у школе вучыўся разам з унучкамі Машэрава ў паралельных класах.

Мой дзед добра ведаў Пятра Міронавіча. Таксама сябраваў з Аляксандрам Трыфанавічам Кузьміным, у той час сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. Добры быў дзядзька. Мы з унукам Кузьміна разам вучыліся, бегалі, гулялі. І разам з’язджалі на дачу…

Як я казаў, мы жылі ўсёй сям’ёй на вуліцы Янкі Купалы, а ў 1977 годзе Машэраў быў у гасцях у дзеда. Пятру Міронавічу не спадабалася, што ў нас няма балкона. І ён пасадзейнічаў, каб мы пераехалі ў новае жыллё, на вуліцу Пуліхава. Там, як і раней, у нас было чатыры пакоі, але ўжо і два балконы.

— Хто вам сказаў, што ваш дзед — знакаміты паэт?

— Я ведаў гэта з дзяцінства. Нейкае асяроддзе было такое, што ўсе навокал былі знакамітыя: ці пісьменнікі, ці з ЦК. І на гэта ніхто не звяртаў увагі.
У школе мы былі як усе дзеці, аднолькавыя. Гэта былі не элітныя класы, звычайныя.

— А дзед дапамагаў вам урокі рабіць?

— Не. Ніколі. Ды я іх зусім не рабіў. І ён мяне не правяраў. Гэта быў не яго абавязак. Гэтым займалася бабуля. Вядома, дзед спытае: «Ну, як у школе? Добра?» — «Добра». Вось і ўсё.

— А дзед вам казкі, свае вершы чытаў, апавяданні расказваў?

— Свае вершы чытаў, але не часта. Больш тое, што нам цікава — жартоўныя вершы. Напрыклад, маёй сястры ён прысвяціў наступныя радкі:

Ксюшачка, Ксюшачка,
Вось табе падушачка.
Дарагой маёй дзяўчынцы
Пазбіралі па пярынцы
Тыя гусі белыя,
Што па лузе бегалі…


Шмат чаго не запісана, што ён выдаваў экспромтам. Былі ў яго і вершы пра жонку — Зою Кірылаўну.

— Андрэй Аляксандравіч, ці ўспамінаў дзед сваё дзяцінства?

— Успамінаў. І як піянерам быў. Дзяцінства ў яго было, як і ва ўсіх на вёсцы.

Дзед нарадзіўся ў Таліне. Калі была Першая сусветная, бацька Пімена Емяльянавіча пайшоў на вайну. А сям’я галадала. Пра гэта мне распавядала маці дзеда, Дарья Факееўна, мая прабабуля. Я яе таксама добра памятаю, бо яна жыла з намі. У 1972-м памерла. Нават у апошнія свае гады была з характарам...

Дык вось, верш дзеда «Шапка эстонца» якраз пра яго самога:

…Пад вечар зайшлі
ў пакойчык да нас
Сябры майго бацькі —
эстонцы…
Як маці сцвярджае,
і я не маўчаў,
Зайшоўся ад радасці плачам,
Сваё нараджэнне як мог
адзначаў,
Хаця шчэ нічога не бачыў.
Не бачыў, як будаўнікі
караблёў
Пакінулі шапку ў хаце
Паўнюткую грошай,
пацёртых рублёў,
Што ў цэху сабралі для маці...


Потым у Таліне няма чаго было рабіць, і прабабуля з дзецьмі вярнулася ў Беларусь, у Бягомль. А там — звычайная вясковая праца. Дзед, як і ўсе дзеці, кароў пасвіў…

Калі ўжо старэйшым стаў, працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Потым, калі вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, настаўнічаў у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах. Дарэчы, гадоў пятнаццаць таму я праязджаў праз Любонічы Кіраўскага раёна. Прыпыніўся ў хаце знаёмага. Разгаварыліся. І тут ён: «Ой, Пімен Панчанка ў нас жа і ў іншых навакольных вёсках быў настаўнікам! Канешне, Пімена Емяльянавіча памятаем». Гэтым пажылым людзям было гадоў 70—80.

— Не сакрэт, што ваш дзед ваяваў. У яго нямала і вершаў пра Вялікую Айчынную. Ці ўспамінаў дома Пімен Емяльянавіч той ліхі час?

— З першых дзён вайны дзед быў ваенным карэспандэнтам. Распавядаў нам такую гісторыю: лета, спёка, усе галодныя, адступаюць. У лесе знайшлі кінутую машыну са сметанковым маслам. Ад спякоты яно яшчэ пацякло. Няма хлеба ні лустачкі. Сколькі змаглі, з’елі таго масла і пайшлі далей. Амаль да Масквы датупалі. У дзеда ёсць медаль за яе абарону. Ён быў паранены ў шыю пад Масквой…

Дзед распавядаў, за што атрымаў медалі. Былі цяжкія баі. І медалёў асабліва не давалі. А калі ўжо наступалі, дзеда з групай войскаў закінулі ў Тэгеран, і ўсе медалі і ордэны ў асноўным дасталіся іншым. Ён мог больш атрымаць узнагарод. Але, галоўнае, што дзед застаўся жывы.

— Якім народны паэт Беларусі быў дома, у сям’і? Што любіў і шанаваў? Які меў характар?

— Характар у яго быў своеасаблівы. Напрыклад, унукі маглі рабіць усё, што хацелі. Калі мы шкодзілі, за гэта атрымлівалі ці маці, ці бабуля, што не даглядзелі. Ніколі на нас, дзяцей, дзед голас не павысіў. Ніколі не караў, у куток не ставіў. У нашай сям’і наогул карамі не займаліся, ніхто нікога ніколі не стукнуў, ні на каго не накрычаў. Калі чалавек разумее слова, то навошта павышаць голас?..

Дзед быў добры, ціхі, спакойны, але яго нельга проста так чапаць. Яго кабінет і мой пакой размяшчаліся побач. Калі я шумеў, то мне гэта дазвалялася. Але калі маці ці бабуля ляпалі дзвярыма, то дзед не маўчаў (смяецца).

— Ці рабіў Пімен Емяльянавіч родным нейкія падарункі?

— Усё было для дзяцей. Калі дзед куды-небудзь ехаў, напрыклад, у Непал, абавязкова што-небудзь прывозіў. Цукеркі, гумкі, цацкі. А яшчэ кінжалы, статуэткі, іншыя рэчы. Не дазваляў браць, пакуль бабуля іх не памые. Папярэджваў: глядзіце, там можа быць нейкая зараза.

Дарэчы, з Амерыкі ён прывёз нос рыбы-пілы, які больш за паўтара метра. Стаяў у яго кабінеце.

Многія пісьменнікі на два-тры месяцы ездзілі на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН і жылі ў Нью-Ёрку. І дзед ездзіў. Да таго ж ён быў старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру.

Калі здаралася магчымасць — з’езд дэпутатаў ці пісьменнікаў у Маскве ці яшчэ дзе — Пімен Емяльянавіч браў заўсёды жонку Зою Кірылаўну і, пры мажлівасці, унукаў. У асноўным — мяне. Таму што я старэйшы і мабільны. І аднойчы на чарговы з’езд мы ехалі ў цягніку разам з Іванам Мележам…

«Я ўнука вяду ў Маўзалей» — гэты дзедаўскі верш пра мяне. Мы прыехалі ў Маскву, і неяк праз Саюз пісьменнікаў нам далі машыну. У Маўзалей была вялікая чарга, а мы на машыне яе аб’ехалі, спыніліся ля ўваходу. Нас там ужо чакалі, і мы прайшлі без перашкод.

Добра памятаю моманты, што, калі Масква, то адразу гэта ГУМ, смачнае марожанае ў хрумсткім стаканчыку. А што яшчэ трэба мне, малому?

І ў Рызе былі з дзедам таксама. Паехалі ў Дубулты ў дом адпачынку, куды прыязджалі ўсе пісьменнікі. Там таксама цікава было, шмат знаёмых дзеда: і Вазнясенскі, і Раждзественскі, і іншыя. Усе адзін аднаго ведаюць: «О, прывітанне, прывітанне». Запомнілася, што Раждзественскі — вялізны, высокі, гарбаваты...

— Пра Амерыку што дзед распавядаў?

— Былі канкрэтныя маршруты, куды трэба ці нельга ім хадзіць. А дзед як франтавік адразу вызначаў, хто сярод іх з Камітэта дзяржаўнай бяспекі. І тым, хто быў з Піменам Емяльянавічам, пашчасціла, яны лёгка збеглі, бо дзед заблытаў чалавека з КДБ. Яны і магазіны, і ўсе раёны Нью-Ёрка абышлі, якія забаранялася наведваць савецкім людзям…

(Заканчэнне будзе.)

gnilozub@sb.by

Фота Паўла ЧУЙКО і з архіва Андрэя ПАНЧАНКІ



Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter