Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах у 2020-м яна атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют» за паэтычны зборнік «Сузор’е птушкі». І вось праз чатыры гады рашэннем савета СПБ яе кандыдатуру аднагалосна рэкамендавалі на ўступленне ў вялікую пісьменніцкую арганізацыю. Неўзабаве адбудзецца ўручэнне доўгачаканага пасведчання. Пра творчасць і жыццё пагутарылі з маладой паэткай, перакладчыцай, выпускніцай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Вольгай ІВАЛГАЙ.
— У 22 гады вы ўжо засведчылі сябе як моцны майстар слова. Паэтамі нараджаюцца ці ўсё ж становяцца?
— Каб пісаць сапраўды добрыя вершы, неабходна бачыць звыклыя рэчы з новага боку, прыкмеціць тое, чаго не заўважаюць іншыя. Трэба быць надзвычай чулым, чалавечным, і гэта тыя якасці, якія даюцца ад нараджэння. Але без чытання вялікай літаратуры і нястомнага адточвання ўласнага майстэрства нават самы вялікі талент наўрад ці дасягне паэтычных вяршынь.
— Пасля атрымання Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют» вы адзначылі, што падзея не стала вялікай неспадзяванкай. З чым звязана такая ўпэўненасць у перамозе?
— Вершы, прадстаўленыя ў кнізе «Сузор’е птушкі», да яе публікацыі ўжо чыталіся мной на шматлікіх літаратурных мерапрыемствах, дзе атрымлівалі высокую ацэнку нашых славутых майстроў слова, а таксама перамагалі ў конкурсах. Акрамя таго, рэдактарам кнігі выступіў вядомы беларускі паэт і перакладчык Мікола Віктаравіч Шабовіч, які з усёй увагай і адказнасцю паставіўся да сваёй працы. Паказаў найменшыя хібы ў маіх вершах і з вышыні свайго досведу падказаў, як лепш іх выправіць, каб творы зазіхацелі, як аграненыя дыяменты. Даў карысныя парады і Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і галоўны рэдактар серыі «Мінскія маладыя галасы». Менавіта таму адчувала ўпэўненасць у паэтычным узроўні сваёй дэбютнай кнігі.
— Так, настаўніцтва ў дачыненні да любой прафесіі дапамагае выстраіць падмурак працаздольнасці і раскрыць грані таленту асобы. Прыгадайце першую сустрэчу з Міколам Шабовічам.
— Яна адбылася на пасяджэнні аднаго з літаратурных аб’яднанняў Мінска. Памятаю, потым Мікола Віктаравіч вельмі любіў са сваёй заўсёднай шчырай усмешкай узгадваць, што планаваў у той вечар пайсці ў цырульню, але штось унутры настойліва яго адгаворвала, і ногі самі прынеслі на паэтычную сустрэчу. Там прачытала два вершы, якія так захапілі будучага рэдактара маёй кнігі, што ён не стрымаўся і выгукнуў: «Геніяльна!» Свае ўражанні ад майго выступлення пазней апісаў у прадмове да кнігі «Сузор’е птушкі». Мікалай Віктаравіч быў не толькі паэтам і перакладчыкам вялікага таленту, але і надзвычай чулым, добразычлівым чалавекам. Таму такім вострым болем адгукнулася ў сэрцы навіна пра адыход яго ў лепшы свет 16 лістапада 2021 года. Веру, што і з нябёс паглядае на нас са сваёй непаўторнай усмешкай, з цікаўнасцю сочыць за літаратурным жыццём краіны і шчыра радуецца маім поспехам.
— Першая кніга — асаблівая з’ява для творчай асобы. Ці шмат часу заняла падрыхтоўка выдання да друку?
— Крыху больш часу, чым меркавала: многія вершы прыйшлося рэдагаваць і ўдасканальваць. Таксама ў мяне з’явілася ідэя самастойна падрыхтаваць вокладку і ілюстрацыі. Але ўжо прыкладна праз два месяцы кніга была гатова да выдання.
— Якія тэмы закранаеце?
— Многія вершы пад вокладкай кнігі «Сузор’е птушкі» апяваюць прыгажосць роднага краю, прыроды і ўсяго навакольнага асяроддзя. Яны адлюстроўваюць захопленасць і зачараванасць, з якімі глядзела на свет сямнаццацігадовая дзяўчына (менавіта столькі мне было на момант выдання зборніка). Тым не менш ужо тады назіраліся матывы суму, самоты, неспакою. Шэраг вершаў прысвечаны пажылым людзям, а таксама іх сыходу ў вечнасць. Зараз, калі праз некалькі гадоў вяртаюся да паэтычнай творчасці, мяркую, што творы стануць яшчэ больш глыбокімі і філасофскімі. Аднак па-ранейшаму буду пісаць пра неверагоднае хараство навакольнага свету.
— Ілюстрацыі ў кнізе аўтарскія. Вы яшчэ і мастачка?
— Так. Родам з Віцебска — славутага горада мастакоў. Перад тым як пачаць свой шлях у паэзію, доўгія гады займалася маляваннем — вучылася ў дзіцячай мастацкай школе. Таму не дзіва, што чытачы часам называюць мае вершы маляўнічымі: малюю словамі, ствараючы пяшчотныя шматколерныя вобразы, нібыта акварэльнымі фарбамі.
— Хтосьці з вашых блізкіх мае дачыненне да літаратуры і мастацтва?
— Усе мае родныя — высокаадукаваныя і начытаныя людзі. Прабабуля Захарава Надзея Фамінічна выкладала сельскім вучням беларускую мову і літаратуру. Яе родны брат Скобаў Павел Фаміч да вайны таксама працаваў настаўнікам, аднак, на вялікі жаль, у 19 гадоў загінуў у партызанскім атрадзе. Муж Надзеі Фамінічны, мой прадзед Захараў Мікалай Емяльянавіч, у мірны час быў дырэктарам у некалькіх школах. Іх дачка, Забалотнік Валянціна Мікалаеўна, прысвяціла 44 гады педагагічнай дзейнасці. Да самай пенсіі настаўнічала і мая родная бабуля Захарава Кацярына Цімафееўна. Бабуля па татавай лініі Нікіценка Надзея Паўлаўна, якая вяла біялогію, старанна акультурвала тэрыторыю СШ № 25 Віцебска пасля яе адкрыцця. Маці Алена Мікалаеўна — настаўніца пачатковых класаў, педагог вышэйшай катэгорыі. А тата Сяргей Аляксандравіч скончыў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава. Яго любоў да творчасці, безумоўна, перадалася мне ў спадчыну. Доўгія гады бацька прысвяціў адданай службе Радзіме, зараз афіцэр запасу.
— Як даўно пачалі займацца перакладамі? У чым, на вашу думку, адметнасць гэтай працы?
— У 10–11 класах, калі вучылася ў Ліцэі БДУ (цяпер — Ліцэй імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ). Вельмі падабалася перакладаць свае любімыя вершы з рускай на беларускую мову, а неўзабаве вырашыла, што гэта можа стаць маёй прафесіяй. Таму пасля заканчэння ліцэя паступіла на перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дзе вывучыла іспанскую мову. Пераклала на беларускую апавяданне сучаснага пісьменніка з Чылі С. А. Гансалеса і нават мела магчымасць папрацаваць перакладчыкам на пяці міжнародных сустрэчах на высокім узроўні. Перакладчыцкая праца на самай справе адметная, бо дапамагае людзям з розных куткоў свету разумець адзін аднаго, знаёміцца з культурай і светапоглядам жыхароў іншых краін і кантынентаў, дасягаць агульных мэт.
— Хто ваш галоўны чытач і крытык?
— Безумоўна, бацькі, якія чытаюць мае вершы найпершымі. Яны таксама могуць даць слушную параду, падштурхнуць да цікавай ідэі. У таты і маці выдатны мастацкі густ, таму, калі верш ім спадабаўся, смела друкую яго ў інтэрнэце ці адсылаю на паэтычны конкурс.
— У сетках амаль немагчыма абысціся без увагі хейтараў. Як рэагуеце на негатыўныя водгукі?
— На шчасце, мяне не надта бянтэжаць яны. Не прымаю такія словы блізка да сэрца і проста блакірую нядобразычліўца, бо ведаю, што прыхільнікаў маёй творчасці нашмат больш. А вось абгрунтаваную крытыку люблю нават болей, чым пахвальбу.
— Літаральна нядаўна скончылі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Якія планы на восень і жыццё ўвогуле?
— Вялізныя. Ужо ў жніўні пачынаю працаваць рэдактарам на радыё «Беларусь». Знаходжуся ў радасным прадчуванні, бо гэта і перакладчыцкая праца з замежнымі мовамі, і размовы з вялікай аўдыторыяй слухачоў, і пастаяннае паглыбленне ведаў аб культуры і грамадскім жыцці краіны, і знаёмствы з выбітнымі асобамі… Членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі адкрывае яшчэ больш магчымасцей: цяпер змагу часта падарожнічаць па рэспубліцы і па-за яе межамі разам з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, каб выступаць на разнастайных пляцоўках, папулярызуючы такім чынам родную літаратуру і культуру. Безумоўна, у планах мноства паэтычных твораў. Асабліва хацелася засяродзіцца на напісанні тэкстаў песень.
— Самая важная кропка на геаграфічнай карце для вас — гэта…
— Безумоўна, Віцебск — горад, у якім нарадзілася і правяла незабыўныя дзіцячыя гады, сустрэла верных сяброў, напісала першы верш і вучылася ў найлепшых настаўнікаў гімназіі № 2.
— Прыгадайце, калі ласка, радкі, якія адпавядаюць вашаму настрою?
— З верай спяшайся за марай —
Такой гарэзай!
І зразумееш, што кожны твой крок —
Паэзія.
ПРА ПСЕЎДАНІМ
Калі заўважыла, што маё сапраўднае прозвішча Нікіценка часам няверна прамаўляюць альбо з цяжкасцю запамінаюць, вырашыла, што неабходны псеўданім, які б у адным слове адлюстраваў галоўную ідэю маёй творчасці. Амаль адразу выявілася сугучнасць імя Вольга з назвай птушкі івалгі. Блізкія мы і па характары: сціплая івалга хоць і адрозніваецца яркім апярэннем, але жыве на высокіх дрэвах сярод густой лістоты. Яна прыцягвае ўвагу людзей меладычным спевам, які падарыў ёй славу лясной флейты. Вось і я лічу: трэба дасягаць вядомасці сваімі творамі, а не яркай знешнасцю ці правакацыйнымі ўчынкамі.