Создаем оригинальную осеннюю брошь своими руками

Мадам Брошкіна

Брошка можа стаць цэнтральным акцэнтам у вобразе. Яна выдатна выглядае ў ансамблі адна і ў той жа момант гарманічна спалучаецца з умела падабранымі па стылі і дызайну завушніцамі і пярсцёнкамі. Брошка дадасць яскравую нотку ў звыклы восеньскі гардэроб. Невялікі аксэсуар -- рэч універсальная. Яна ўпрыгожыць і цёплы вязаны світэр, і ўтульнае паліто, і шалік, і капялюш. Каб зрабіць каларытнае ўпрыгожванне, не трэба спецыяльных навыкаў, мудрагелістых інструментаў або дарагіх матэрыялаў. За аснову возьмем кавалачкі скуры. Матэрыял можна знайсці ў кожнай хаце: варта толькі дастаць непатрэбныя, закінутыя на антрэсолі сумкі, курткі, пальчаткі.

Майстар Алеся Сікора падкажа, як стварыць модны і адметны аксэсуар усяго за паўгадзіны.

Нам спатрэбяцца:
-- абрэзкі скуры
-- тэрмаклеявы пісталет
-- нажніцы, пінцэт, ручка
-- кардон
-- шпілька
-- свечка
-- металічная маланка і “сабачка”

Для шаблону можна выкарыстаць натуральныя прыродныя матэрыялы: лісточкі клёну, дубу, бярозкі. Вялікія ці маленькія, выцягнутыя, ромбападобныя, круглявыя -- абмежаванняў няма. Мы спыніліся на “залатой сярэдзіне” і выбралі бэз. Для нашай брошкі спатрэбяцца тры сэрцападобныя лісточкі: вялікі, сярэдні і маленькі. Акуратна абводзім іх ручкай на кардоне і выразаем. Калі лянуецеся шукаць лісты, знайдзіце прыгожую аснову ў інтэрнэце і раздрукуйце яе на прынтары.

Кардонныя шаблоны па контуры пераводзім на адваротны бок скуры. Дэталі выразаем. Акуратна чапляем іх пінцэтам і падносім да свечкі. Некалькі секунд край зарыхтоўкі круцім каля агню. Тым самым мы выраўноўваем касматыя шурпатасці. Не знайшлося васковай свечкі? Не бяда. Можаце патрымаць скураныя дэталі над газавай гарэлкай.

З адваротнага боку на самы вялікі лісточак прыклейваем стужку маланкі для ўпрыгожвання. Пераварочваем нашу зарыхтоўку і зверху прымацоўваем скураны лісцік сярэдняга памеру. Каб зрабіць акцэнт, яго можна крышачку скруціць і ўтварыць зморшчыну. Тую ж аперацыю праводзім з трэцім кавалкам скуры. Каб лісточак выглядаў больш рэалістычна, на ім можна намаляваць звілістыя пражылкі. У гэтым нам дапаможа вастрыё паяльніка.

Фота аўтара

Каб аснова нашай брошкі была больш цвёрдай і прыгожай, прыклейваем ззаду кавалачак фетру ці фаамірану. Замацоўваем клеем шпільку, на якой будзе трымацца аксэсуар. Важны момант. Прыклейваем яе не куды ўздумаецца, а вышэй сярэдзіны -- тады выраб не стане тапырыцца, і на адзенні будзе выглядаць прыгожа. Каб замацаваць шпільку і схаваць яе непрыглядны від, зверху прыклейваем палоску фетру.

Нават самыя маленькія дэталі здольны дадаць рэчы адметны шарм. Фінальны акорд -- прымацаванне да нашай брошкі бегунка ад маланкі. Дайце волю фантазіі. Тут вы можаце размясціць пацеркі, каменьчыкі, галінкі, нават яблычныя семечкі. Зрабіць восеньскую брошку можна ў розных варыяцыях на аснове кляновага, дубовага, рабінавага лісціка. Падключайце фантазію!

Да чаго прычапіцца?

У новым сезоне брошкі можна насіць дзе заўгодна. Правільна падабраны аксэсуар можа лёгка ўпрыгожыць любы вобраз і кардынальна змяніць камплект.

-- Брошку можна прычапіць на капялюш, берэт, вязаную шапку, павязку -- адным словам, на галаўныя ўборы, якія так актуальны халаднаватай восенню. Галоўнае, выбраць аксэсуар невялікіх памераў, каб ён выглядаў вытанчаным акцэнтам, а не недарэчнай плямай.
-- Упрыгожванне можна прышпіліць на паясок. Напрыклад, у аднатоннай рамантычнай сукенцы. Такі дуэт надасць вам элегантнасці.
-- Брошка на лацкане пінжака -- класіка, якая непадуласна часу і модным трэндам. Калі ўпрыгожванне не надта вялікае, можна прышпіліць яго пасярэдзіне каўняра блузкі. Галоўнае, не “перагрузіць” вобраз.
-- Дастаткова прышпіліць брошку на гумку для валасоў -- і арыгінальная заколка гатова. Ёй можна будзе ўпрыгожыць і складаныя святочныя прычоскі, і паўсядзённыя хвост, гульку, касу.
-- Брошка зробіць нават самую лаканічную сумку ўрачыстай. Тут, дарэчы, можна не абмяжоўвацца адным экзэмплярам, а ствараць цікавыя кампазіцыі з некалькіх упрыгожанняў, галоўнае, не перагнуць палку.

Пазбягайце памылак

Няма сэнсу спалучаць брошкі з уборам, дзе шмат яркіх і бліскучых дэталяў: у такім ансамблі яна будзе залішняй.
Брошка не павінна злівацца з тканінай адзення: у такім выпадку яе проста ніхто не заўважыць. Калі вы збіраецеся прышпіліць брошку, не варта дапаўняць вобраз каралямі і іншымі кідкімі ўпрыгожваннямі на шыю. Такое блізкае суседства зробіць ваш камплект празмерна вычварным.
Памятайце, што найбольш выйгрышна брошкі глядзяцца на фоне простага, строгага і лаканічнага адзення. Яны робяць убранне больш стыльным і падкрэсліваюць вашу індывідуальнасць.
Загадзя прадумайце, з чым вы надзенеце брошку, ці падыдзе яна да вашага стылю. Яскрава будзе глядзецца брошка, форма якой пераклікаецца з дызайнам сумкі або абутку.

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ
Брошка ў перакладзе з французскага broche азначае «доўгая іголка». Першапачаткова гэты элемент прызначаўся толькі для змацавання адзення, замяняючы такім чынам гузік.

Брошка можа расказаць вельмі шмат не толькі аб вашым стылі, але і... пазіцыі падчас важных перамоў! Напрыклад, першая жанчына, што стала дзяржсакратаром ЗША, Мадлен Олбрайт напісала кнігу: «Чытайце па маіх брошках». Напрыклад, у асабліва важных палітычных перамовах Олбрайт дэманстравала амерыканскую моц, прыходзячы з вялікай брошкай у выглядзе нацыянальнага сцяга. Напярэдадні вайны ў Персідскім заліве Олбрайт займала пасаду Пастаяннага прадстаўніка ЗША ў ААН і з’явілася на пасяджэнне Савета бяспекі з брошкай у выглядзе змяі -- гэта быў адказ на крытыку прэсы, якая назвала яе “непераўзыйдзенай змяёй”. У калекцыі знакамітай жанчыны налічвалася больш за дзвесце брошак!

kristinahilko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter