На фестывалі “Пресса-2017”
З ахвотай штогод удзельнічаюць у журналісцкім форуме і беларусы Самарскай вобласці. Прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская называе фестываль прэсы сапраўдным святам, да якога беларусы рыхтуюцца, па сутнасці, увесь год: “На свяце мы знаёмім жыхароў і гасцей Самары з газетай “Голас Радзімы”, часопісам “Союзное государство” — гэта даўнія сябры і партнёры нашай арганізацыі. Ганарымся і сваім грамадска-папулярным і літаратурна-мастацкім часопісам “Адзінства. Единство”. Значэнне СМІ ў жыцці грамадства — велізарнае. Як уявіць сабе існаванне без газет, часопісаў, тэлебачання, радыё, інтэрнэта? Без СМІ многія грамадскія сувязі парвуцца. СМІ дапамагаюць, напрыклад, дасягаць узаемаразумення паміж прадстаўнікамі розных народаў. А гэта вельмі важна як для шматнацыянальнай Расіі, так і для Беларусі”.
Футбольная тэма фестывалю “гучала” на ўсіх пляцоўках, нават у іх афармленні. Беларусы таксама яе “разыгралі”, нібы добры пас. У свежым нумары часопіса “Адзінства. Единство”, напрыклад, змешчаны тэкст пра беларусаў-гульцоў ФК “Крылья Советов” (Самара), які займае асаблівае месца ў беларускім футболе. Практычна ў кожным сезоне там гуляюць “нашы”, і жартам яго называюць базавым футбольным клубам зборнай Беларусі. Праз гэтую каманду прайшлі многія гульцы зборнай Беларусі. Цяпер у вядомай камандзе — два беларусы: Сяргей Карніленка і Аляксандр Глеб. А галоўным трэнерам клуба з лістапада 2016-га прызначаны Вадзім Скрыпчанка, выхаванец брэсцкай СДЮШАР №5 (першы трэнер — Віталь Цішчанка).
Выставачная экспазіцыя беларусаў робіцца штогод у нацыянальным стылі, заўсёды прыцягвае ўвагу. Падыходзіць шмат беларусаў, ураджэнцаў Беларусі, якія жывуць на самарскай зямлі. Ёсць пра што пагаварыць і што пачытаць-пагартаць!
На свяце выступаў вядомы беларускі вакальны ансамбль “Каданс”: гучалі беларускія песні. А яшчэ беларусы праводзілі конкурсы, віктарыны па СМІ Беларусі, Саюзнай дзяржавы і Самарскай вобласці. Цікавым атрымаўся і матч з удзелам журналістаў і ветэранаў клуба “Крылья Советов”.
Нагадаем, што арганізатарамі фестывалю прэсы традыцыйна выступае Адміністрацыя Самары і абласны Саюз журналістаў. Статус у фестывалю — высокі. Ганаровымі гасцямі яго сёлета былі віцэ-губернатар Самарскай вобласці Аляксандр Фяцісаў, кіраўнік горада Алег Фурсаў, старшыня гарадской думы Галіна Андрыянава, а таксама пасол Самары на маючым адбыцца футбольным першынстве, алімпійскі чэмпіён, дзюдаіст Тагір Хайбулаеў. Іх сустракала гаспадыня свята, старшыня Самарскай абласной арганізацыі Саюза журналістаў Расіі Ірына Цвяткова.
Голас Радзімы № 23 (3527), чацвер, 22 чэрвеня, 2017 у PDF