— Асабіста я 27 лютага збіраюся на рэферэндум і прагаласую за прыняцце змен і дапаўненняў у Канстытуцыю. Лічу, што надышоў час у Асноўны Закон дзяржавы ўнесці карэктывы, якія б абаранілі яе ад магчымых наступстваў. Бо, калі быць неабачлівымі зараз, рызыкуем пашкадаваць у будучым. Як адзначыў наш Прэзідэнт, змены — гэта эвалюцыйнае развіццё. І да такога этапу развіцця, гістарычнага моманту мы падышлі зараз. Падтрымліваю паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу. Гэта апрабіраваны нашай дзяржавай механізм народаўладдзя, які даказаў сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць.
За мінулы год нашы пісьменнікі напісалі шмат твораў, артыкулаў на тэму народнага адзінства, удзельнічалі ў рэспубліканскай урачыстасці 17 верасня. Падрыхтавалі да друку кнігу, дзе скразныя тэмы — уз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, а таксама нялёгкі лёс бежанцаў у раздзеле «Кастры на мяжы». Шмат гадоў мы, гродзенскія літаратары, працуем пад лозунгам «Пад мірным небам Беларусі». Патрыятызму і цёпламу стаўленню да гісторыі таксама вучым маладое пакаленне. Напрыклад, на гістарычным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта адбыўся конкурс чытальнікаў «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі». Мяркуем зрабіць яго традыцыйным.
У Канстытуцыі з'явіўся новы артыкул пра садзейнічанне дзяржавы духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, пра стварэнне неабходных умоў для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу ў інтарэсах грамадства. А я задаю сабе пытанне: як мы, пісьменнікі, раскрываем гэты моладзевы патэнцыял, як выхоўваем сваіх пераемнікаў? Па-першае, самі стараемся цікава пісаць, каб кніжкі пабуджалі маладога чытача да праўды, сілы, веры, натхнення. А па-другое, заўсёды шукаем новыя таленты, выхоўваем іх у грамадскай літаратурнай школе пры Саюзе пісьменнікаў. Трымаем цесныя сувязі са студэнтамі і выкладчыкамі Гродзенскага ўніверсітэта. Пра здольных школьнікаў нам падказваюць настаўнікі. Далучаем моладзь да міжнародных творчых праектаў, выступленняў, каб адчулі смак першых апладысментаў. Ды і калектыў нашай арганізацыі летась памаладзеў, прынялі шэсць творцаў.
Як пісьменнік і актыўны грамадскі дзеяч выступаю за развіццё нашай культуры, літаратуры, нацыянальнай мовы. Вельмі адгукнуліся словы нашага Прэзідэнта на пасяджэнні-нарадзе з НАН пра тое, што сваю мову забываць нельга. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы — мы не беларусы. Падтрымліваю гэтую думку і лічу, што пашана перш-наперш выхоўваецца ў сям'і і школе. Хутка, 21 лютага, ва ўсім свеце свята роднай мовы. Хай у гэты дзень яна загучыць у кожнай хаце. А наша задача, пісьменнікаў, — добра пісаць па-беларуску, каб паказваць прыклад.
Наш Прэзідэнт дбае пра краіну і захаванне яе моцы, незалежнасці. І мы, народ, будзем заўсёды побач!
basikirskaya@sb.by