У чым сутнасць? На восьмы дзень пасля Тройцы, калі заходзіць сонца, дзяўчаты і жанчыны сустракаюцца на ўскрайку вёскі. Па дарозе да жытнёвага поля збіраюць кветкі, зёлкі, галінкі дрэў. Адна з удзельніц на ўзмежку зажынае сноп з каласоў, астатнія спяваюць і завіваюць вянок – ды такога памеру, каб праз яго мог прайсці чалавек. Пасля ўсе разам з песняй трымаюць шлях да першай вясковай хаты і клічуць гаспадароў, запрашаюць іх адолець гэты вянок і тым самым магічна забяспечыць сябе здароўем, багаццем, дабрабытам. Моладзь варожыць на каханне і лёс. А калі сцямнее, удзельнікі вешаюць галоўны атрыбут свята на самае высокае дрэва на могілках для ўшанавання, задабрывання русалак. Тым часам выскокваюць пераапранутыя нячысцікі і праганяюць людзей з патаемнага месца. Дзейства працягваецца ў вёсцы, усе частуюцца стравамі з агародніны, садавіны, хатняй жывёлы. Завядзёнкай цікавяцца журналісты, навукоўцы, а мясцовы фальклорны гурт, у сваю чаргу, выступае на тэлебачанні, здымае свята на відэа, далучае аднадумцаў і як можа прапагандуе сваю культурную спадчыну.
Загадчык аддзела Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна пацвердзіла, што гэта варыянт агульнаэтнічных провадаў русалкі, але звычайна ён распаўсюджаны на Гомельшчыне, а тут Падзвінне. Між тым захаваны практычна ўсе важнейшыя кампаненты. Русалка – дух нівы, які напаўняе жыта сілаю. Сёлетняе свята яшчэ раз падкрэсліла, наколькі вяскоўцы чакаюць удзельнікаў шэсця: выходзяць на вуліцу, становяцца ля весніц сваіх двароў і далучаюцца да гурта. Так што самы час падтрымаць родную традыцыю і ўвекавечыць яе імя ў гісторыі.
Фота прадастаўлена Чашніцкім раённым цэнтрам культуры