У працяг асноўнай тэмы кнігі, звязанай з жыццём і творчасцю мастака Марка Шагала, дзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з творамі майстра ў Ізраілі ды іншых краінах свету дырэктар фонду “Хесед Эстер” Ірына Ліпкіна. Акунуцца ў плыні мастацкага аповеду, містычных сувязяў герояў рамана ўжо змаглі некаторыя чытачы. Яны выступалі на прэзентацыі. Старшыня праўлення Чарнігаўскай гарадской грамадскай суполкі “Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства “Сябры” Галіна Міхайлаўна Варажбіт з гонарам гаварыла пра выдатны талент супляменніцы, адзначыла здольнасці Святланы ў вядзенні гаспадарчай дзейнасці, яе цёплае стаўленне да жывой прыроды. Старшыня саюза “Содружество муз” паэт Мыхайла Кушнярэнка і супрацоўніца абласной бібліятэкі Вікторыя Салонікава зрабілі аналіз твора, далі яму высокую ацэнку.
Гісторык, сцэнарыст Віталь Топчы па рамане “Проклятие белого лебедя” напісаў п’есу, спадзяецца паставіць яе. А каардынатары і арганізатары маладзёжнага форуму “Гава” дамовіліся са Святланай Новік аб супрацы ў новых інфармацыйна-асветніцкіх праектах. Са з’яўленнем на свет новага рамана віншавала аўтара і я, вядучы метадыст па працы з нацменшасцямі Абласнога метадычнага цэнтра навучальных устаноў культуры і мастацтваў. Пажадала Святлане стаць у адзін шэраг з іншымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, сярод якіх вядомыя на Украіне Янка Купала і Якуб Колас, з сучасных — Андрэй Федарэнка, Святлана Алексіевіч…
Святлана Новік (у цэнтры) з сябрамі на прэзентацыі новага рамана “Здзяйсненне”
Нам гонар, што Святлана Новік, чарнігаўская пісьменніца з беларускім каранямі, паспяхова паўдзельнічала ў міжнародным конкурсе “Лепшая кніга года ў Германіі”. На ім было прадстаўлена больш за 800 рускамоўных твораў з розных краін, і раман Святланы Новік “Проклятие белого лебедя” (гэта твор пра Чарнігаў) у намінацыі “Аб’ёмная проза” заняў ганаровае трэцяе месца. І цяпер гэты раман мае статус “Лепшая кніга 2016 году” з удакладненнем: “Краіна-пераможца — Украіна”.Паліна Баршчэнка, г. Чарнігаў, Украіна
Ад рэдакцыі. З пасрэдніцтвам кіраўніцы беларускай суполкі ў Чарнігаве Галіны Варажбіт мы па электроннай пошце звязаліся са Святланай Новік. Пісьменніца адказала на пытанні. “Я нарадзілася ў Магілёўскай вобласці ў мястэчку Дрыбін, у сям’і служачых. Тата, Цэхаў Міхаіл Стэфанавіч, пасля тэхнікума працаваў усё жыццё ў электрасетках майстрам. Мама, Кубракова Тамара Ігнацьеўна, — медсястрой у Дрыбінскай бальніцы. Карані мае беларускія сплятаюцца з польскімі: дзед Стэфан Цэхоўскі, а прадзед — Яўхім Старасоцкі. Абодва тыя роды працавалі на зямлі на Магілёўшчыне, і недалёка адзін ад аднаго. Маміна сям’я жыла ў вёсцы Вярба, а татава — у Пнёўшчыне. А пазнаёміліся мае будучыя бацькі, калі ехалі на камсамольскую будоўлю. Па прафесіі я філолаг (руская мова), вучылася ў Віцебску, там і збірала цікавыя факты пра Марка Шагала. Помню надзвычай цікавую сустрэчу студэнтаў з Нілам Гілевічам: здаецца, у 1979-м. Вельмі яркая асоба. І як ён молада жартаваў! Чытаў свае вершы з такім імпэтам, што мы ўсе былі ў захапленні. Пасля інстытута працавала ў Гродне (1980 — 1984) настаўніцай у 3-й школе, там жа была пазаштатным карэспандэнтам “Гродзенскай праўды”, пісала вершы і апавяданні.У слаўны старажытны Чарнігаў, ва Украіну, прыехала за мужам у 84-м, і з тых часоў гэта — мая другая Радзіма. Хоць я вельмі тужу без Дзвіны, без Нёмана, без Проні! Беларуская суполка “Сябры” для мяне — як сустрэча з самай блізкай раднёй! Мы ў сяброўстве, напэўна, гадоў 8. У Магілёве ёсць сваякі, часта езджу туды. А ў Дрыбінскай раённай бібліятэцы збіраюць усе артыкулы пра мяне, усе мае кнігі. Кранальна, вядома, і прыемна, што зрабілі там куток пра мяне. Сёлета хочуць выдаць альманах, уключыўшы туды і мае вершы. Сама я беларускую мову цудоўна ведаю, чытаю ў арыгінале Якуба Коласа, Янку Купалу, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Петруся Броўку… Усе яны ў маёй бібліятэцы — на самым пачэсным месцы. І, вядома ж, чытаю Святлану Аляксеевіч”.
Святлана Міхайлаўна трохі расказала пра свайго мужа. Новік Мікола Васільевіч — патомны казак Выбельскай казацкай сотні. Род ягоны мае герб, якім ушанаваны за ўдзел у турэцкіх паходах. Ён і намаляваны на варотах загараднага дома Новікаў. Нарадзіўся ў Чарнігаве, украінец.
У Святланы Новік выйшла 4 кнігі: “Дар продкаў” (2008), “Расстралянае сонца” (2010, гэта ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну), гістарычны раман у 2-х тамах “Праклён белага лебедзя” (2013). Кніга пра Марка Шагала (віцебскі перыяд) і Казіміра Малевіча “Здзяйсненне” выйшла ў лістападзе 2016-га. Святлана ўваходзіць у саюз “Садружество муз”.
Пісьменніца яшчэ напісала нам: калі гістарычны раман “Здзяйсненне” выйшаў ва Украіне, ёй на эмэйл прыйшло запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе, што праводзіцца ў Германіі. Адгукнулася. І вельмі рада, што кнігу прызналі.
Цяпер Святлана рыхтуе да выдання новы раман, пра сучасную Украіну: “Ключы ад бездані”.