"Откачем жир в одном месте - закачаем в другое". Под минском будут делать липосакцию с помощью лазерного оборудования

Лішняга нiчога не бывае

Мікрахірургічнае аддзяленне Мінскай абласной клінічнай бальніцы прызапасіла для пацыентаў нестандартны падарунак на будучы год. Ужо ў студзені ліпасакцыю можна будзе зрабіць з дапамогай найноўшага абсталявання. Акрамя гэтага, лазерная прылада трэцяга пакалення дазволіць скарыстаць уласную тлушчавую тканку для ліпафілінгу. Прасцей кажучы, тлушч з адных праблемных месцаў стане магчымым «перапампаваць» у іншыя.

Лiпасакцыя накiравана на лiквiдацыю недахопаў, але нiяк не на страту лiшняй вагi

— Лазерная энергія ад прылады падаецца ў тканку, лазер прыпякае крывяносныя сасуды і зводзіць да мінімуму развіццё крывацёку і ацёку, а таксама дазваляе мінімізаваць гематомы, кровападцёкі і боль у пацыентаў, — адзначае плюсы новага абсталявання пластычны хірург, старшы выкладчык кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА кандыдат медыцынскiх навук Дзiяна Пятрова. — Наогул лазерная ліпасакцыя падыходзіць для ліквідацыі залішняй падскурна-тлушчавай клятчаткі на сцёгнах, ягадзіцах, жываце, таліі, каленях, шыі, шчоках і падбародку.

На прыём да пластычнага хірурга пацыентаў прыводзіць толькі ўласная ініцыятыва. Аднак ліпасакцыя (як лазерная, так і класічная) накіравана на ліквідацыю недахопаў і мадэлiраванне фігуры, але ніяк не на страту лішняй вагі. Толькі пры наяўнасці паказанняў для правядзення працэдуры і адсутнасці супрацьпаказанняў урач прымае рашэнне адносна аптымальнага спосабу выканання аперацыі.

У камплекце з новым абсталяваннем будуць iсцi спецыяльныя ёмiстасцi для тлушчу

Дзякуючы ўнікальнай прыладзе пластычныя недахопы (пачынаючы з носагубных зморшчын і заканчваючы грудзьмі) можна будзе выправіць уласным тлушчам. У камплекце з лазерным абсталяваннем будуць ісці спецыяльныя ёмістасці для захоўвання і фільтрацыі тлушчу.

— Выкарыстанне ўласнага тлушчу для пластычных аперацый мае больш якасны і працяглы эфект. Справа ў тым, што жыццяздольнасць атрыманага тлушчу ў выніку лазернай ліпасакцыі складае 95 працэнтаў. Механічныя працэдуры ліпасакцыі і ліпафілінгу займаюць нашмат больш часу. А вось лазерныя працэдуры не толькі скарачаюць час аперацыі, але і забяспечваюць максімальную бяспеку пацыенту і хуткі рэабілітацыйны перыяд, — Дзiяна Юр’еўна называе перавагі лазернага прыстасавання над механічнай аперацыяй.

У сярэднім кошт адной зоны ліпасакцыі — каля 600 беларускіх рублёў. Аднак новае абсталяванне могуць выкарыстоўваць і для лячэння рэканструкцыйных пацыентаў, напрыклад пасля траўмаў. У такіх выпадках працэдура бясплатная.

КАМПЕТЭНТНА

Аляксандр ПАДГАЙСКІ, пластычны хірург, загадчык аддзялення пластычнай і эстэтычнай мікрахірургіі Мінскай абласной клінічнай бальніцы:


— На базе нашага аддзялення праводзяцца ўнікальныя не толькі для нашай краіны аперацыі па хірургічнай рэабілітацыі пацыентаў з паралічам твару, у тым ліку з ужываннем мікрахірургічнай тэхнікі. Спецыялісты выконваюць аперацыі па рэканструкцыі матачных труб у пацыентак з бясплоднасцю, а таксама аднаўляюць праходнасць труб пасля хірургічнай стэрылізацыі. Толькі ў нашым аддзяленні выконваецца свабодная аўтатрансплантацыя васкулярызаванай (з захаваннем крыватоку) касцявой тканкі і складанасастаўных комплексаў тканак з аднаго ўчастка цела на іншы для замяшчэння вялікіх дэфектаў. Таксама ў нас праводзяцца найскладаныя шматгадзiнныя аперацыі па змене полу і рэканструкцыі грудзей пасля выдалення пры анкалагічным захворванні.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter