Кветкі для Максіма

Літаратурны музей Максіма Багдановіча праводзіць шэраг імпрэзаў з нагоды 125-х угодкаў пісьменніка і 35-годдзя з часу заснавання музея
Літаратурны музей Максіма Багдановіча праводзіць шэраг імпрэзаў з нагоды 125-х угодкаў пісьменніка і 35-годдзя з часу заснавання музея.

Ён нарадзіўся ў зімовую пару (9 снежня 1891 г., Мінск), а сышоў у Вечнасць напрыканцы вясны (25 мая, 1917 г., Ялта). Паміж датамі – трохі больш за 25 гадоў, насычанае на падзеі жыццё, творчасць, і хвароба, смерць на чужыне, ля Чорнага мора: “у краіне светлай ля сіняй бухты”. Потым прыйшла пасмяротная слава, і пачалося жыццё Паэта ў вершах, песнях, творах выяўленчага мастацтва ды на сцэне (лірычна-драматычную аповесць для тэатра “Страцім-лебедзь” напісаў Юрый Сохар).

Важнаю вяхою на шляху ўшанавання памяці пра класіка стала заснаванне (1981) Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (знаходзіцца ў Мінску па вул. М. Багдановіча, 7а). Пра тое гаварылі на імпрэзе “Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця…” ў Траецкім прадмесці. Музей – гэта цэнтр па зборы, захаванні, вывучэнні ды папулярызацыі творчай спадчыны самага маладога генія беларускай літаратуры. Музейшчыкі выказвалі ўдзячнасць прыхільнікам творчасці Максіма Багдановіча, сябрам музея: яны наведваюць імпрэзы, вечарыны і навуковыя форумы, дапамагаюць у зборы матэрыялаў. Пад час вечарыны падарункі да дня нараджэння музея ўручылі Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве, Мікола Трус, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДТУ, аўтар энцыклапедыі, прысвечанай класіку. На вечарыне выступалі доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша (ён адзін з самых шчодрых фондастваральнікаў музея) вядомыя пісьменнікі, сярод якіх Міхась Пазнякоў, першы дырэктар музея, а таксама Валянціна Бяляўская, адна з першых галоўных захавальніц музея. 

А 25 мая ў Мінску ўшанавалі памяць паэта. З раніцы прайшла памінальная служба ў Саборы св. Пятра і Паўла, у 12.00 было ўскладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу (вул. М. Багдановіча, сквер ля Опернага тэатра), потым у музеі ладзілася вечарына “Хай чытач мой зноў былое пражыве...”. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter