Народный мастер, гончар из агрогородка Германовичи — постоянный участник «Славянского базара» в Витебске

Круг Сяргея Рымдзёнка

Сяргей Рымдзёнак з жонкай Ганнай на базары са сваімі вырабамі.

— Сяргей Леанідавіч, дазвольце павіншаваць вас з першым месцам, занятым сёлета на прадстаўнічым пленэры па кераміцы ў Копысі.

— Дзякуй, мне сапраўды пашанцавала са сваёй « Хатняй калекцыяй», якая і была адзначана журы.

— Што гэта за калекцыя?

— Посуд, розныя свістулькі, дэкаратыўныя рэчы. У нас у Германавічах ёсць музей імя Язэпа Драздовіча, дзе змешчана даволі багатая ганчарная калекцыя. Вось і я таксама імкнуўся зрабіць такія вырабы: не дакладныя копіі, а нешта падобнае. Узяць, напрыклад, посуд: тут і глякі, і жбаны, і гладышы, і спарышы — два гаршкі, змацаваныя ручкай. У такім посудзе раней насілі жанкі абед у поле: у адным — булён, у другім — кашу. Што тычыцца свістулек, то ў Шаркаўшчынскім і Міёрскім раёнах даўней, як адзначаў некалі Генадзь Цітовіч, распаўсюджаны свістулькі, так званыя акарыны, з вялікай камерай, у якой ад 4 да 12 адтулін. Калі ў чалавека быў музычны слых, можна сыграць пэўную мелодыю. 

— А можаце крыху расказаць пра таямніцы самого працэсу, бо акрамя майстэрства патрэбны яшчэ і адпаведны матэрыял: відаць, не абы-якая гліна і спецыяльная печ.

— Гліны ў раёне хапае, але вельмі тлустая, таму неабходна даводзіць яе да патрэбнай кандыцыі: дабаўляю працэнтаў 15—20 обальскага прэс-парашку. У такім выпадку яна выдатна вытрымлівае сушку. Самі печкі былі ў мяне розныя. Спачатку невялічкая, школьная. Выраб у яе можна было паставіць вышынёй не больш 15 сантыметраў. Потым у Віцебску зрабілі добрую печ, якая па­служыла паўтара дзясятка год. Пасля каля дому змайстраваў самаробную, з цэглы, што дазволіла вырабляць на ёй так званую чарнадымную кераміку: сіняватая, з узорамі, яна надта прыгожа глядзелася. На звычайнай, фабрычнай, печцы, якая цяпер у мяне, такога не зробіш.

— А ўрэшце, як прышлі да ганчарства? Магчыма, продкі вашы гэтым займаліся?

— Наколькі ведаю, дзяды мае больш па дрэве былі. Маглі зруб скласці, калёсы зладзіць. Словам, за любую працу браліся, адзінае — не ганчарылі. З дзедам Уладзімірам, калі ў дзяцінстве пасвіў кароў, выразаў з лазы свістулькі. Але ж гэта, вядома, не тое. Ганчарствам пачаў займацца зусім выпадкова. Напэўна, ведаеце Аду Эльеўну Райчонак, якая стварала музей у Германавічах. Дык вось яна, калі вучыўся ў мясцовай школе, была ў мяне настаўніцай. Не без яе заахвочвання закончыў Аршанскае педагагічнае вучылішча. Аднак пасля арміі стаў працаваць у музеі, і тут Ада Эльеўна ўспомніла пра мяне: «Сяргей, будзеш займацца!» Гэта для мяне было вельмі нечакана. Ведаў, што ёсць такое рамяство, аднак, акрамя рэзкі па дрэве, нічым такім больш не займаўся. Найперш патрэбна ганчарнае кола. Паехаў у Глыбоцкі дом рамёстваў да Раісы Іўчык. Яна была даволі вопытны майстар і паказала асноўныя прыёмы працы з глінай, а таксама што сабой уяўляе ганчарнае кола. Зрабіў свой нажны круг. Канструкцыя атрымалася не вельмі ўдалая, але патроху можна было на ёй вырабляць невялікія рэчы. Так і пайшло ўсё пакрысе. 

— У Германавічах, як вядома, адзіны ў Беларусі Дом ганчара. Як ён ствараўся? 

— Спачатку быў школьны пакойчык. Потым пад нашы патрэбы аддалі будынак, у якім раней размяшчаліся пральня і малочная. Зашклілі вокны, пафарбавалі сцены, уставілі дзверы, давялі да ладу сістэму ацяплення — атрымалася нармальнае памяшканне. У другой яго палове ўстаноўлены двое кроснаў, на якіх мая жонка Ганна Міхайлаўна тчэ беларускія ручнікі, посцілкі і іншыя народныя вырабы па мясцовых традыцыях. На першым паверсе музея Язэпа Драздовіча ў Германавічах змешчана цэлая калекцыя яе вырабаў.

— Але ж Дом ганчара — гэта не толькі месца для стварэння вырабаў па ганчарстве і ткацтве, але і школа для падрастаючага пакалення? 

— Гэта сапраўды так. Тут працуюць гурткі па ганчарстве і ткацтве, кожны з іх наведвае пяць-шэсць вучняў мясцовай Германавіцкай школы. 

— Гурткі хоць і даволі цікавыя, але ж складаныя для дзяцей?

— Так, асабліва на кроснах даводзіцца пастарацца, каб зрабіць нешта. Ды і з ганчарным кругам працаваць не проста. Але дзеці цікавяцца. Ёсць поспехі. На выставах можна пабачыць вырабы Жэні Абрамчыка, Лёшы Савельева, Віталя Гушчынскага, Дзмітрыя Смолікава, Паліны Тарарака. Сёлета на абласным свяце ў Расонах «Ад прашчураў да зор» наша Ганна Высоцкая, вучаніца 7-га класа, заняла першае месца па ткацтве паясоў.

— Сяргей Леанідавіч, з-за сціпласці вы не ўпамянулі, што ваш сын Дзмітрый заняў першае месца па майстар-класе — лепцы свістулькі на конкурсе ў Віцебску.

— Гэта так. Ён сапраўды любіць ствараць ганчарныя вырабы, але не прамінае наведваць і музычную школу. На чым спыніць свой выбар канчаткова — невядома. Галоўнае, не праседжвае гадзінамі за камп’ютарам.

saulich@bk.ru 

Фота аўтара і з сямейнага архіва Рымдзёнкаў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter