Ковры-маляванки, иконы на стекле, вытинанки: народный мастер Ольга Пилецкая возрождает давние обряды, традиции

Краіна райскай птушкі

За што простая сялянская сям'я ў цяжкія часы магла аддаць мех бульбы? Чаму нашы продкі аздаблялі абразы бліскучымі кветкамі? Як выраблялі папяровыя фіранкі і пры чым тут фольга, аспарагус і гільзы? Чароўны свет гістарычнай спадчыны адкрывае мастачка Вольга ПІЛЕЦКАЯ. Зазірнулі ў творчую майстэрню і даведаліся пра сакрэт яе таленту і поспеху.

Пачэснае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» клятчанка атрымала два гады таму. Летась перамагла ў намінацыі «Духоўнасць і культура» ў абласным конкурсе «Жанчына года Міншчыны». Дзякуючы яе ініцыятыве ўдалося знайсці і аднавіць многія народныя строі Клецкага раёна. Адразу тры мясцовыя абрады прэтэндуюць на статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Работы Вольгі Пілецкай экспануюцца ў Мінску, а таксама на міжнародных фестывалях культур. Не так даўно яе маляваныя дываны вярнуліся з форуму, што прайшоў у Турцыі. Там беларускія лебедзі, галубкі ды алені захапілі гледачоў дзівосным светам і магіяй.

Бусліная песня

Добра ведаюць маляваныя дываны, абразы і малюнкі на шкле Вольгі Пілецкай і на яе малой радзіме — Клетчыне. Аб'ехаўшы з навуковымі экспедыцыямі ўсю сельскую мясцовасць раёна, майстар упэўнілася: кожная вёсачка — асобная планета, непаўторная і таямнічая.

«Кухчыцы — гэта адно, а Морач — зусім іншае», — адзначае загадчык сектара традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Клецкага раённага цэнтра культуры Вольга Пілецкая і запрашае ў кабінет-майстэрню. На сценах — маляваныя дываны. Побач з акном, быццам на покуці, аспарагус у вялікім гаршку. Велічэзная шафа са старадаўнімі абразамі ў масіўных рамах. На падлозе — антыкварныя чамаданы з малюнкамі, фарбамі, пэндзлямі. Кожны прадмет хочацца разгле­дзець. Нешта падказвае: нават у падвешанага да столі сціплага папяровага павука цікавая гісторыя.


У нашых бабуль не было шмат часу для ўпрыгожвання хаты, — расказвае Вольга Пілецкая. — Многім з іх пасля Вялікай Айчыннай прыходзілася ўсе клопаты па гаспадарцы цягнуць на сваіх плячах. Удовам наогул дапамагчы не было каму. І вось што мне казала адна бабуля: хоць працы шмат, а павука ў чырвоным куце (месцы для абразоў) прымацаваць трэба. Каб не марнаваць час на пляценне з саломы, бралі папяросную паперу і з яе выраблялі абярэг.

Вольга — чалавек апантаны. Расказваць пра вандроўкі па вёсках Клетчыны можа бяс­конца. Здаецца, што падчас яе даследчыцкай працы адбылася своеасаблівая рэінкарнацыя. Вобразы продкаў і іх светапогляды выкрышталізаваліся ў душы маладой мастачкі. Маляваць яна любіла з дзяцінства. З малых гадоў яе натхнялі палескія пейзажы вёскі Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна, куды прыязджала на канікулы. Яна памятае, як блізка да іх хаты падыходзілі буслы, разыгрывалі сцэнкі з сямейнага птушынага жыцця, а потым у сярэдзіне жніўня збіраліся адлятаць у вырай. Цікава, чаму тады на дыванах, што размалёўвае фарбамі Вольга, часцей сустракаюцца не буслы, вераб'і ды жаваранкі, а папугаі, жар-птушкі, тыгры, ільвы і розныя міфалагічныя персанажы? Адказ такі: нашы продкі, як і мы, пра нешта марылі, гэтак жа ў сцюдзёную зіму чакалі цяпла. Адсюль сюжэты з заморскімі звярамі, райскія сады і казачныя героі. Іх у даўнія часы малявалі на даступнай аснове — па даматканай тканіне.

Казкі жыцця

Фон маляванак спачатку быў ільняным, шэрым, — тлумачыць майстар. — Потым народныя мастакі ўбачылі, што, калі аснову зрабіць чорнай, сюжэт стане больш яскравым, магічным. Такія маляванкі вырабляю.

Вольга Пілецкая перадае ў дыванах сюжэты, якія падказваюць ёй бабулі. Часам дзеляцца нават персанажамі, што сасніліся ім. Тут і шэры воўк, які ўкраў нявесту, і лебядзіная вернасць, і прыгоды аленяў у краіне райскіх птушак...

Падобныя сюжэты можна ўбачыць і на малюнках на шкле. Асаблівасць і аб'ём ім надае фольгавая няроўная аснова, што прасвечваецца праз асобныя, загадзя ачэрчаныя ўчасткі. Для чаго бліскучасць спатрэбілася нашым продкам? Усім хацелася мець райскі куток у сваім доме. Таму за такі шэдэўр нават у голад сяляне маглі мех бульбы мастаку аддаць.


— Размаляваныя дываны былі для нашых продкаў больш чым элемент дэкору. Гэта яшчэ і сакральны сімвал, своеасаблівая карта жаданняў, — расказвае Вольга Пілецкая. — Вось чаму маладым на вяселле родныя дарылі дываны з выявамі галубоў, што здаўна сімвалізавалі вечнае каханне.

Таямніцы дзіўнага свету выяўленчага мастацтва продкаў адкрыліся Вользе не адразу. Скончыла Салігорскі дзяржаўны каледж, працавала кіраўніком гуртка для дзяцей у Клецкім раённым цэнтры творчасці, потым метадыстам у тутэйшым Доме культуры. Пачала вывучаць мясцовыя асаблівасці традыцыйнага касцюма. Так саспела неабходнасць выязджаць у экспедыцыі, каб сваімі вачамі ўбачыць мастацтва народнай творчасці. Аднак не кожная бабуля была гатова перад гарадской незнаёмкай адкрываць куфры і дэманстраваць строі ды ўпрыгожанні. Каб пасябраваць з вяскоўцамі, Вользе спатрэбіўся не адзін год. З цягам часу, калі старажылы яе прынялі за сваю, не толькі куфры адкрылі, але і нават на гарышчы пусцілі. Там яна па крупінках адшуквала элементы традыцыйнага адзення, прылады працы, покрыўкі, фіранкі, радзюжкі, абрусы.

Наперад у мінулае

— Вёска Колкі была першай у маім маршруце, — расказвае субяседніца. — Там знай­шла бабуль, у якіх захаваліся іх вясельныя вянкі, вэлюмы, фотаздымкі. Аказалася, у кожнай вёсцы на Клетчыне раней была свая вясельная мода. Наш раён да 1939 года знаходзіўся пад уладай Польшчы. Мясцовыя жыхары ездзілі ў заходнія раёны на заробкі. Адтуль і паходзілі модныя тэндэнцыі. Асабліва шыкоўна выглядалі вэлюмы да пяці метраў у даўжыню, нявеста нават магла абгарнуцца ім некалькі разоў. А напрыклад, у Морачы вясельных сукенак не было, іх замянялі кашуля, спадніца і камізэлька. Цікавая дэталь — шлюбныя ўборы ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі аспарагуса, які сімвалізаваў вечнае жыццё і каханне.

Вандруючы, Вользе ўдалося рэканструяваць традыцыйны касцюм 1930-х гадоў Клецкага раёна. Захоўвала яго былы культработнік Ірына Шыліна. Убор, які насілі ў вёсцы Наваселле, раней належаў жанчыне 1901 года нараджэння. Перадала яго Ірыне Цімафееўне яе сваячка Марыя Каражан з вёскі Заастравечча.

Па прыкладзе знойдзенага касцюма Вольга Пілецкая аднавіла клецкі традыцыйны строй і цяпер дэманструе яго на выставах. Землякі, калі бачаць іх мясцовы ўбор упершыню, дзівяцца яго яркім колерам. Марачанскі касцюм адметны асаблівасцямі ткацтва, вышыў­кай, гарсэтам на завязках, колькасцю каляровых палосак. А складкі на спадніцы-збіранцы — гэта асобная гісторыя. Аказваецца, раней бабулі майстравалі зборачкі па тэхналогіі маршчэння: змочвалі тканіну растворам з вады і воцату, рабілі складкі, затым іх прасавалі буханкай гарачага хлеба і прыкладвалі яго, як прэс, каб складкі не разыходзіліся. Гэты працэс зай­маў некалькі тыдняў.


Падчас вандровак Вольга даведалася, што ў часы атэізму продкі рабілі абразы сваімі рукамі, аздаблялі іх папяровымі васковымі кветкамі, бліскучым дэкорам. Абразы ў так званым народным стылі і сёння Вольга знаходзіць у апусцелых хатах. Некаторыя старадаўнія іконы людзі прыносяць ёй самі.

Аднойчы, заехаўшы ў вёску Морач, Вольга ўбачыла на вок­нах цікавыя выцінанкі са старых газет. Узоры былі зроблены не нажніцамі, а выбіваннем дзірачак сапраўднымі гільзамі. Па контуры яны размаляваны рознымі колерамі. Фарбы тыя ж, што і для тканіны. Выцінанкі некаторы час замянялі фіранкі на вокнах. Морацкая выцінанка па ініцыятыве Вольгі Пілецкай унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў.


Наша гераіня аднаўляе таксама старажытныя абрады Клецкага рэгіёна. Сумесна з супра­цоў­нікамі Нацыянальнай акадэ­міі навук ёй удалося адкрыць і апісаць старадаўні клецкі абрад, падобны да семежаўскіх «Цароў», а таксама «Шчадрэц» і «Кукольнікі» (вёска Рубеж). Фрагменты экспедыцый па вёсках Клетчыны размяшчае ў сацыяльных сетках. Мастачка адзначае: «Галоўны мой прынцып як майстра — каб аб'екты традыцыйнага мастацтва не былі музейнымі экспанатамі, а ішлі ў народ, знаходзілі водгук у сучаснікаў».

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter