Ад якасці запчастак залежыць, як самазвал будзе працаваць у кар’еры.
Няпросты асноўны рынак
З гэтай праблемай на прадпрыемстве знаёмыя даўно, але сур’ёзна змагацца з кантрафактным бізнесам БелАЗ пачаў у 2016 годзе, тлумачыць памочнік генеральнага дырэктара па рэжыме і эканамічнай бяспецы Андрэй Чынкiн. Прадукцыя прадпрыемства амаль цалкам — 98 працэнтаў — ідзе на экспарт, пры гэтым 68 працэнтаў паставак — гэта расійскі рынак. Там зараз і ідзе асноўная барацьба. Падрабляюць часцей за ўсё запасныя часткі:
— Сам самазвал не падробіш, а вось запчасткі — іншая справа. Ніякіх правоў на іх вытворчасць, акрамя самога БелАЗа, мы не перадавалі. Гэта наша інтэлектуальная ўласнасць, наш таварны знак. І ад якасці запчастак напрамую залежыць імідж завода: з-за бракаваных машыны ламаюцца, а калі гэта адбудзецца падчас работы ў кар’еры, наступствы прадказаць вельмі складана. Гаворка ўжо ідзе аб бяспецы не толькі тэхнікі, але і людзей, якія там працуюць.
Варта ўлічваць і той факт, што ў рэгіёнах, дзе працуюць кар’ерныя самазвалы, прадпрыемства выбудоўвае тавараправодную сетку, стварае сэрвісныя цэнтры. Праз іх і павінны набывацца запчасткі, але з-за фірмаў, якія гандлююць кантрафактам, продаж падае. Завод губляе грошы.
— Праблему трэба было вырашаць хутка, і рабіць гэта комплексна. Мы распрацавалі план мерапрыемстваў па мінімізацыі паступленняў кантрафактнай прадукцыі на рынкі збыту на 2018—2019 гады. Таварны знак «БелАЗ» зарэгістраваны ў Беларусі і яшчэ 42 краінах. Мы пачалi актыўна супрацоўнiчаць з праваахоўнымi органамi Расii. Вопыт апошніх гадоў паказаў, што гэтая работа варта патрачанага часу і сіл.
Самы свежы прыклад — у студзені гэтага года ў Забайкаллі падчас уваходнага кантролю на адным з кар’ераў Дзяржкарпарацыі «Расатам» была затрымана партыя кантрафактных запчастак на суму больш за 1,5 млн расійскіх рублёў. Прадукцыя суправаджалася падробленым сертыфікатам якасці. Кампаніі-пастаўшчыку цяпер пагражае крымінальная справа.
Першыя вынікі
З 2016 года БелАЗ падаў 30 прэтэнзій і 17 іскавых заяў, і ні адна з іх не была адхілена. Ільвіная доля выпадкаў, калі таварны знак прадпрыемства выкарыстоўваўся незаконна або была выяўлена кантрафактная прадукцыя, — у Расіі. Але запчасткі БелАЗа падрабляюць і на іншых рынках. Прадпрыемства на сваім сайце стварыла «чорны спіс» нядобрасумленных кампаній. Зараз у ім 271 прадпрыемства (210 з іх — з Расiі). У гэтым спісе таксама фігуруюць такія краіны, як Украіна, Казахстан, Кітай. Магчыма, што жодзінскія запчасткі падрабляюць дзесьці яшчэ, але ў БелАЗа пакуль не хапае рэсурсу, каб адсочваць усіх парушальнікаў.
— Нашы спецыялісты манітораць расійскія электронныя гандлёвыя пляцоўкі — аналізуюць размешчаныя там цэнавыя прапановы па запчастках для кар’ерных самазвалаў. Кампаніі, якія прапануюць кантрафакт, бачныя адразу: першае — яны не належаць да нашай тавараправоднай сеткі (у Расіі мы працуем толькі праз суб’ектаў ТПС), другое — кошт у іх ніжэйшы на 15—40 працэнтаў. Акрамя гэтага, запчасткі прапануюць і шматлікія сайты. Праверыць іх усе ўласнымi сіламі мы не здолеем. Але ў нас маштабныя планы: збіраемся запрасiць працаваць з намi кампанію, якая займалася б маніторынгам усіх інфармацыйных рэсурсаў, дзе прадаюцца запчасткi з таварным знакам «БелАЗ». Плануецца, што гэтая арганізацыя будзе не толькі выяўляць сайты, дзе незаконна выкарыстоўваецца наш таварны знак, але і адпраўляць ім папярэджаннi пра магчымыя наступствы. Калі рэакцыі не будзе, падключымся мы і праваахоўнікі, — зазначае Андрэй Чынкін.
Акрамя таго, з мінулага года кампаніі, якія набывалі кар’ерную тэхніку (сярод іх той жа «Расатам»), сумесна з прадстаўнікамі БелАЗа пачалi праводзіць уваходны кантроль запасных частак, якiя паступаюць на iх прадпрыемства.
— Праўда, ёсць прадпрыемствы, для якіх вызначальным з’яўляецца кошт запчастак. Ім мы спрабуем тлумачыць, у чым небяспека кантрафакту. Дарэчы, дылеры ў тых рэгіёнах, дзе мы вялi барацьбу з кантрафактам, зараз прадаюць нашмат больш запчастак, у некаторых раёнах — у 2—3 разы. А там, дзе нічога не рабілі, рэалізацыя арыгінальных запасных частак — 30—40 працэнтаў ад плана. Атрымліваецца, у гэтых рэгіёнах ніша занятая арганізацыямі, якія працуюць па «шэрых» схемах і рэалізуюць няякасную прадукцыю.
Андрэй Чынкiн адзначае, што на дадзеным этапе заводу не так важна спаганяць вялікія сумы з кампаній-парушальнікаў (па адной са спраў, напрыклад, было спагнана толькі 10 тысяч расійскіх рублёў), мэта — вывесці з абароту кантрафакт, знішчыць падробленыя запчасткі. Так, толькі за мінулы год у Расii было выведзена з грамадзянскага абароту кантрафактных запасных частак на 15,5 млн расійскіх рублёў.
ДАРЭЧЫ
У 2016 годзе з праблемай фальсіфікату сутыкнуўся Гродзенскі мясакамбінат: Рассельгаснагляд падчас маніторынгу на адным з рынкаў у горадзе Вялікія Лукі праверыў сасіскі «Доктарскія», нібыта вырабленыя на гэтым беларускім прадпрыемстве, і выявіў там геном віруса АЧС. Мясакамбінат быў адразу закрыты для паставак у суседнюю краіну.
У той жа дзень, калі гэтая навіна з’явілася на сайце Рассельгаснагляду, эксперты з Гродна выехалі ў Расiю і правялі цэлае расследаванне. У выніку атрымалася даказаць, што і самі сасіскі, і дакументы на іх былі сфальсіфікаваныя ў Вялікіх Луках. А Гродзенскі мясакамбінат, у прынцыпе, не пастаўляў сваю прадукцыю ў гэты расійскі рэгіён.
КАМПЕТЭНТНА
Ігар Камароўскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:
— Калі гаварыць аб абароне таварнага знака і барацьбе з кантрафактам, то нараканняў на нацыянальнае заканадаўства мы пакуль не чулі. Ёсць пытанні да заканадаўства ЕАЭС, у прыватнасці да Мытнага кодэкса. Ад прадстаўнiкоў БелАЗа прагучала, што пакуль не ўрэгулявана працэдура падачы дакументаў, неабходных для таго, каб з дапамогай мытных органаў адсочваць і кантраляваць перасячэнне кантрафактнай прадукцыі праз межы саюза.
Праблема і ў тым, што нашы прадпрыемствы не вельмі актыўна змагаюцца за свой таварны знак, за свой імідж. БелАЗ зараз хутчэй выключэнне. Дарэчы, на жодзінскім прадпрыемстве расказваюць, што бачылі ў Расіі на складах з фальсіфікатам прадукцыю з таварнымi знакамi «МТЗ», «МАЗ». Малаверагодна, што гэта былі арыгінальныя запчасткі.
Валянціна Дыніч, намеснік старшыні Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд»:
— Калі гаварыць пра тыя прадпрыемствы, якія сутыкаюцца з падобнымі праблемамі, я вылучыла б харчовую прамысловасць, у прыватнасці малочную. Адзін з прыкладаў — бярэцца наша сухое малако, змешваецца з сухім малаком з іншай краіны і прадаецца як беларускае, з нашым сертыфікатам. Якасць, натуральна, адрозніваецца вельмі моцна.
Абарона таварнага знака — гэта важная праблема, і яе трэба абмяркоўваць, бо з-за гэтага мы можам стратэгічна прайграць многія рынкі. Прадпрыемствы зараз укладаюць сілы і час, каб асвоіць іх, але калі гэта не суправаджаецца яшчэ і абаронай якасці, абаронай свайго таварнага знака, то можна прыйсці да таго, што прадукцыя будзе незапатрабаваная.
mich@sb.by