У прасторы, напоўненай кнігамі, можна працаваць, чытаць, вучыцца і цікава праводзіць час. Сёння сем мінскіх бібліятэк запрашаюць дарослых і дзяцей з 19 да 23 гадзін прыняць удзел у акцыі «Бібліяноч-2019». Уваход усюды вольны. Пацікавімся асаблівасцямі праграм.
У мінулую «Бібліяноч» у Нацыянальнай бібліятэцы праводзілі «Паралелі часу», сёлета тут закіпіць «БібліяLIVE».
Вініл і хімія эмоцый
У Нацыянальнай бібліятэцы (пр. Незалежнасці, 116), як ніколі, будзе кіпець «БібліяLIVE». Для тых, хто прыйдзе ў «алмаз ведаў», — настольныя гульні, розныя квесты, адукацыйны трэнінг «Геній фінансаў». Прыхільнікам шахмат і шашак — на пляцоўку «Ход канём». І нават калі такія гульні не ваша тэма, раяць туды зазірнуць, бо будзе на што паглядзець. Жывы гук і музычныя калектывы — на пляцоўцы MusicLIVE: кампазіцыі ў самых розных жанрах, інтэрактыў і нават паказ мод. Пляцоўка «У лабірынце традыцый» упрыгожыць свята этнічнымі матывамі, там — майстар-класы па народнай творчасці, песні і танцы, казкі, гульні і іншыя забавы. Дабрачынная пляцоўка «Абярніся» падорыць магчымасць знайсці сапраўднага сябра. Маленькага, пухнатага, якога трэба любіць, карміць і ніколі не пакідаць. На пляцоўцы «Вінілавы рэлакс» — кранальная музыка з вінтажнага прайгравальніка. А на дзіцячай пляцоўцы «Дарослых.net» малым дадуць адпачыць ад бацькоў.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН (вул. Сурганава, 15) ператворыцца ў дзівосную лабараторыю, гасцей запрашаюць дакрануцца да таямніц хімічных з’яў. Удзельнікі праграмы «Элементы жыцця» даведаюцца пра хімію будучыні і пра тое, як уплываюць хімічныя злучэнні на арганізм чалавека, правераць свае веды ў захапляльных квестах і віктарынах, на свае вочы пабачаць мікрасвет хімічных элементаў. Знойдзецца месца і для творчых эксперыментаў: кніжная архітэктура, арт-тэрапія, «фруктовая» музыка, кулінарная алхімія і многае іншае. Падрыхтаваны цікавыя выставы, прадугледжаны песні і танцы. Усё — каб стварыць формулу выдатнага настрою. Бо нашы эмоцыі — гэта таксама хімія!
Чэрававяшчанне і золата Кашчэя
Такое «Пушкіну і не снілася», запэўніваюць у Бібліятэцы БДТУ (вул. Свярдлова, 13а, корпус 4). Тут будуць панаваць творы класіка, чый юбілей адзначаецца сёлета. Сумаваць не давядзецца дакладна! Бо трэба паспець паглядзець мульцікі па казках Пушкіна, зазірнуць у Літаратурную гасцёўню, стварыць цудоўны букет з цукерак або маленькі твор мастацтва — уласную паштоўку, даведацца, як робяцца квілінг, дэкупаж і скрапбукінг. А яшчэ — паспрабаваць перамагчы ў гульнях, падсілкавацца ў кафэ «У Арыны Радзівонаўны», прайсці выпрабаванні, каб знайсці золата Кашчэя ў квесце «Лукамор’е»... І гэта яшчэ не ўсе цуды «Бібліяночы».
У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16) сустрэчы з наведвальнікамі чакаюць артыстка маладзёжнага тэатра Інга Кісялёва і гумарыст Яўген Крыжаноўскі. Адмысловы тэатралізаваны дыялог класікаў Еўсцігнея Міровіча і Уладзіслава Галубка наладзіць драматург Васіль Дранько-Майсюк. Фрагмент спектакля і канцэртны нумар чэрававяшчання рыхтуецца паказаць акцёр і рэжысёр Ігар Пятроў. Праграму «Рускія класікі» прадставіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага.
У прасторы, напоўненай кнігамі, можна не толькі чытаць, але і цікава бавіць час.
Магія тэатра і мафія ў аграсядзібе
Фундаментальная бібліятэка БДУ (пр. Незалежнасці, 4) прапануе акунуцца ў вытанчаную атмасферу тэатральнай магіі. Тэма свята тут — «Бібліятэчная антрэпрыза». У праграме — метамарфозы ад Клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа», спектакль ад творчай каманды «Тэатр на Берсана», выступленне народнага фальклорнага ансамбля «Тутэйшая шляхта», урокі акцёрскага майстэрства і майстар-клас па contemporary dance, кастынг талентаў сярод начных гасцей, творчыя сустрэчы, тэатральныя пераўвасабленні і перформансы.
Кніга ўжо даўно выйшла за рамкі звычайнай папяровай формы. Пра гэта раскажуць у Навуковай бібліятэцы БНТУ (вул. Я. Коласа, 16). Тут вас чакаюць навуковыя лекцыі, вясёлыя прадстаўленні, майстар-клас ад Аляксандры Бутар па напісанні сцэнарыя, неверагодныя актыўнасці ад літаратурных фандомаў, настольныя гульні і многае іншае. Тэма свята — «Кнігі +», значыць, плюс — кіно, аўдыя, лекцыі, гульні, перформансы.
Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С. Лупіновіча НАН сумесна з Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай (вул. Казінца, 86, корпус 2) клічуць на незабыўны адпачынак у аграсядзібе. Далёка ехаць не трэба — у аграсядзібу на некалькі гадзін ператворыцца будынак БелСГБ, размешчаны практычна ў цэнтры Мінска.
Чым жа там заняцца? Прапануюць займальныя лекцыі, майстар-класы, танцы, музыку, квест і розныя гульні — ад забаўляльных настольных для дзяцей і дарослых да папулярнай «Мафіі» і інтэлектуальнага «Выбуху мозга».
svirko@sb.by
Семь минских библиотек будут открыты сегодня до самой ночи
Кнігалюбам не спіцца
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.