Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ганаровыя прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі ад Беларускага дзіцячага фонду атрымалі ў Мінску тры шматдзетныя сям’і

Ключы ад шчасця

Такія простыя і адначасова найскладаныя фарбы абавязкова ёсць у палітры бадай што кожнай шчаслівай сям’і: каханне, дружба, узаемаразуменне ды ўзаемапавага, цеплыня ды ўтульнасць… І вельмі здорава, калі ўсё гэта гарманічна сходзіцца. На працягу 30 гадоў Беларускі дзіцячы фонд вышуквае ў Беларусі самыя дружныя, згуртаваныя ды творчыя сем’і, у якіх выхоўваюцца больш за пяць дзяцей, ды ўзнагароджвае іх ганаровай прэміяй імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. 

У час экскурсіі ў Доме-музеі Ваньковічаў
фота кацярыны МЯДЗВЕДСКАй

Пра гэтую гераічную жанчыну, якая ў часы Вялікай Айчыннай вайны страціла рукі ды ногі, аднак жа змагла нарадзіць і выхаваць дваіх дзяцей, расказваў старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Ён прысвяціў незвычайнай маці-гераіні кніжку “Крутыя вёрсты”, ён жа ініцыяваў заснаванне прэміі. “Зінаіда пазнаёмілася з будучым мужам Іосіфам Марчанкам за два месяцы да вайны. Яго мабілізавалі на фронт. А яна скончыла курсы медсясцёр і таксама папрасілася на вайну. Была санінструктарам у палявым шпіталі. Выратавала жыцці 128 афіцэрам і салдатам. І вось яе апошні бой зімой 1942-га… Зінаіда паўзла па дапамогу раненаму, а ёй самой фашысты прастрэлілі абедзьве нагі. Знайшлі яе, заледзянелую, толькі на другі дзень. Выратавалі, але прышлося ампутаваць ногі й рукі. Пасля вайны да Зіны вярнуўся яе Іосіф. Яны ажаніліся. І я, прызнаюся, больш шчаслівай сям’і ў жыцці не бачыў. Зіна ж нарадзіла сына Валодзю, дачку Ніну. Дзіцячы фонд заснаваў прэмію ў знак памяці пра гэтую незвычайную сям’ю. У Полацку ёсць музей Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, абавязкова завітайце, калі будзеце там”, — казаў Уладзімір Сцяпанавіч.

Сёлета ж прэміі Фонду атрымалі сем’і Скабей з Полацка, Апалькаў з аграгарадка Жыровічы (Слонімскі раён Гродзеншчыны) ды Сапегаў з вёскі Яснае Вутра Круглянскага раёна Магілёўшчыны. У дзвюх першых сем’ях выхоўваецца па шэсць родных па крыві дзяцей, у трэцяй — пяць кроўных і восем прыёмных. І не выпадкова ўшаноўвалі ўзорныя сем’і ў Доме-музеі Ваньковічаў: у той вялікай шчаслівай сям’і было 13 дзяцей!   

У шматдзетнай сям’і Скабей ведаюць: разам утульней  
ФОТА КАЦЯРЫНЫ МЯДЗВЕДСКАЙ

На пытанне вядучай святочнай імпрэзы Марыны Грыцук — а яна таксама маці чатырох хлопцаў — як усё паспець, шматдзетныя бацькі адказвалі: дапамагаюць ім дзеці. “Галоўнае — добра выхаваць старэйшых, — упэўнены глава сямейства з Полацка Андрэй Скабей. — А тыя будуць малодшых даглядаць. І па гаспадарцы будзе дапамога. Насамрэч атрымліваецца: чым больш дзяцей, тым жыць прасцей”. А яшчэ, лічыць Андрэй, важна ў клопатах ды турботах пра сыноў-дочак і на сябе не забыцца. Сам ён мае дыплом магістра й бакалаўра філасофіі, служыць протадыяканам у Багаяўленскім саборы ў Полацку. Ягоная жонка Марыя — рэгент царкоўнага хору. У абодвух на грудзях медалі. “Жонка мае ордэн Маці, — удакладняе ў размове са мной Андрэй Скабей. — Астатнія ўзнагароды ў нас царкоўныя. Мы самі стараемся быць прыкладам для дзяцей, таму й рухаемся наперад, імкнемся да большага”. Пра вялікую сям’ю, кажа, марылі абодва. Але спачатку медыкі пужалі Марыю: дзяцей увогуле можа не быць. Аднак здарыўся цуд, і адно за другім нарадзіліся Еўфрасіння, Варвара, Філарэт, Варфаламей, Піцірым, Патрык. Дарэчы, апошняму ўсяго толькі шэсць месяцаў...

На слушнай развазе, што разам, у вялікай сям’і жыць лепей — лягчэй, весялей, утульней — будавалася й конкурсная прэзентацыя сям’і Сапегаў. У вельмі радасным, пазітыўным па настроі відэасачыненні “сапегаўцы” з Яснага Вутра апісвалі, як тата будаваў дом, пра свае захапленні, дасягненні, сямейныя традыцыі. Сям’я ж Апалькаў з Жыровічаў расказвала пра сваё агульнае хобі: гатаваць розныя стравы й прымаць гасцей.

Павіншаваць сёлетніх лаўрэатаў прэміі з Міжнародным днём сям’і завітала ў Дом Ваньковічаў актрыса, кіраўніца культурна-адукацыйнага праекта “Горад сяброў”, маці пецярых дзяцей Ганна Харланчук-Южакова. Яе дачка, таленавітая Адэля, зрабіла прыгожы музычны падарунак: на некалькі хвілін усе быццам апынуліся на вуліцах Парыжа. Дарэчы, гэтая сям’я, глава якой вядомы акцёр Купалаўскага тэатра Павел Харланчук-Южакоў, таксама два гады таму атрымала такую ж прэмію Фонду. Ганна казала: “Мы сапраўды шчаслівыя. Дом наш поўны дзіцячых усмешак, галасоў. Дзеці — падарунак ад Усявышняга. І не мы іх выбіраем — гэта яны прыходзяць да нас”.

У якасці падарункаў сем’ям уручылі дыпломы, памятныя знакі ў выглядзе сэрцаў і канверты з грашыма ад спонсараў. Ладзіўся таксама канцэрт класічнай музыкі. Пасля дзеці й дарослыя пабывалі на экскурсіі ў Нацыянальнай бібліятэцы, у кінатэатры, пачаставаліся піцай.

“Уражанняў хопіць надоўга, — прызнаваўся Аляксандр Сапега. — Нам падабаюцца такія сумесныя працяглыя вандроўкі, бо яны ж нам і сілы надаюць, і энергіі”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 19 (3571), чацвер, 24 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter