У гэтым годзе ў план законапраектнай дзейнасці Парламента ўключаны закон па пытаннях сямейнай медыяцыі. Ідэя яго наступная: перад тым, як пара падасць заяву аб скасаванні шлюбу, ёй трэба абавязкова адзін раз прыйсці на інфармацыйную сустрэчу з медыятарам. Ужо з гэтага аўторка ва ўсіх аддзелах ЗАГС Мінска пачаўся пілотны праект па сямейнай медыяцыі.
Гутарка з медыятарам не лішняя і для тых, хто толькі жадае ўступіць у шлюб.
Яго ініцыятарамі сталі спецыялісты галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама і грамадскай арганізацыі «Цэнтр «Медыяцыя і права», створанага Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў. Сутнасць праекта ў тым, што медыятары будуць прадастаўляць інфармацыйныя матэрыялы для пар, якія падаюць заяву аб рэгістрацыі шлюбу, а таксама ладзіць сустрэчы і навучальныя семінары для тых, хто шлюб скасоўвае. Сама ж медыяцыя ў вырашэнні канфліктаў грунтуецца на прынцыпе слушнасці абодвух бакоў і шукае шляхі выхаду з канфлікту, а не яго прычыны.
У нашай краіне 40% эканамічных спраў праходзіць праз судовую медыяцыю. Паралельна развівалася і пазасудовая медыяцыя, часткай якой і з'яўляецца цяперашні праект. Зразумела, што ўсіх памірыць немагчыма. Медыятары таксама намагаюцца найменш балюча ўрэгуляваць скасаванне шлюбу не толькі для нерваў, але і для кашалька, бо судовыя выдаткі пры падзеле маёмасці выліваюцца ў добрую капейку.
Назіраць за працай медыятара я накіраваўся ў аддзел ЗАГС Ленінскага раёна ў першы дзень праекта. Ветлівая вахцёрка патлумачыла, як знайсці кіраўніцтва, і не менш ветлівая начальнік аддзела ЗАГС правяла мяне да месца працы медыятара.
Медыятары — гэта пасрэднікі ў камунікацыі, у адрозненне ад псіхолагаў, якія апускаюцца ў глыбіні душэўных перажыванняў кліента
Для спецыяліста выдзелены асобны кабінет. Якраз падчас майго візіту ён гутарыў з маладой парай. Нягледзячы на расслабляльную абстаноўку – тут стаяць зручныя скураныя канапы, шмат кветак, — маладыя людзі не адкрытыя да дыялога і ўсім выглядам паказваюць, што моцна спяшаюцца. Гэтая пара падала заяву аб рэгістрацыі шлюбу, а да гэтага яны сустракаліся два гады і запэўніваюць, што і без старонняй дапамогі ў іх усё выдатна. Медыятар не можа навязваць сваю дапамогу. Пасля таго як моладзь пакідае кабінет, медыятар кажа:
— Крызіс сумеснага жыцця наступае праз год, тры і пяць гадоў. У іх усё добра, таму што першы крызісны этап, калі ўсталёўваецца рэгламент адносін, пераадолены.
Бліжэй пазнаёміўшыся з медыятарам, разумею, што мне пашанцавала. Мабыць, больш кампетэнтнага ў сваёй справе чалавека, чым гэты, і не знойдзеш. Ірына Бельская дацэнт, кандыдат юрыдычных навук, старшыня савета цэнтра «Медыяцыя і права», аўтар дысертацыі па судовай медыяцыі і адзін з асноўных распрацоўшчыкаў Закона «Аб медыяцыі». Яна знаёміць мяне з пэўнымі тонкасцямі атрымання прафесіі:
— У Законе «Аб медыяцыі» ўстаноўлена абавязковая спецыяльная падрыхтоўка, наш цэнтр ёю займаецца. Для праходжання навучання неабходна мець вышэйшую адукацыю, прычым неабавязкова юрыдычную.
Цэнтр ужо падрыхтаваў больш як 500 медыятараў: навучыў іх камунікацыі, канфлікталогіі, законам перамоў. Дзейнасць медыятараў у сацыяльных праектах практычна валанцёрская, іх кансультацыі абсалютна бясплатныя. Таму гэтыя спецыялісты пасля кансультацый ідуць на сваю асноўную працу.
ikras@sb.by
Фота аўтара
Пілотны праект у ЗАГСах Мінска: з разводзячымicя парамі абавязкова будзе працаваць медыятар
Клей для разбітага кубка
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.